Дажынкі
Дажы́нкі, Прачыстая (Успленне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная, Спленне, Талака[1]) — старажытные народнае свята, якое прысвячалася сканчэнню жніва. Людзі на нейкі час рабіліся вольнымі ад цяжкай працы, атрымлівалі адпачынак і — найперш — ураджай.
Прачыстая, Дажынкі | |
---|---|
Дажынкі у Глыбокім. Заходняя Беларусь. 1934 | |
Тып | народна-хрысціянскі |
інакш | Успленне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная |
Значэнне | завяршэнне ўборкі злакаў, пачатак сяўбы азімых |
Адзначаецца | усходнімі і заходнімі славянамі |
Дата | 15 (28) жніўня |
Традыцыі | асвячалі «бараду» на поле, а дома — жыта, наладжвалі Свята Свечкі, на Палессі варылі кашу з проса |
Звязана з | канчатак Успенскага паста |
Сканчэнне жніва святкавалася ў многіх народаў, але ў беларусаў традыцыя захавалася ў вельмі архаічным выглядзе. Суправаджаліся танцамі, песнямі, рознымі абрадамі язычніцкага паходжання. У наш час дажынкі адзначаюць як свята ўраджаю.
Гісторыя
правіцьПаводле Я. Карскага, першыя згадкі пра свята сустракаюцца ў хроніках пад ХІІ ст. Хаця сама традыцыя можа весці свой пачатак яшчэ ад неаліту, калі на Беларусі з’явілася земляробства.
Святкаванне
правіць«Завіванне барады»
правіцьУ многіх вёсках, сабраўшы ўраджай, было прынята пакідаць на полі некалькі нязжатых каласкоў. Іх абвязвалі поясам. Гэта і звалося «завіць бараду». Побач з імі клалі хлеб з соллю, яйкі. Апошнія каласкі зваліся ў розных мясцінах Дзедава Барада, Богава Барада. Або казалі, што пакідаюць каласкі «казе на бараду». Верагодна, тут маюцца на ўвазе персанажы Дзеда і Казы, у якіх на Каляды апраналіся калядоўшчыкі. Верагодна, Дзед ці Каза — рэшткі нейкіх язычніцкіх духаў ці багоў, чые сапраўдныя імёны, найхутчэй, сёння ўжо забытыя, але якія ўвасаблялі зямную плоднасць і ўраджай.
У Быхаўскім раёне казалі, што пакідаюць каласкі «на бараду Богу». «Бараду» палолі рукой, загорнутай у рукаў. Побач рассцілалі чыстае палатно, на якую клалі кавалачак хлеба і соль.
Т. М. Осіпава з вёскі Нясяты прагадвала, што ў даўніну на полі пакідалі 5 каласкоў, утыкалі з зямлю палку і прывязвалі да яе гэтыя каласкі. «Бараду» упрыгожвалі, абкладвалі кветкамі.
«Багіня з поля ідзець…»
правіцьСкончыўшы жніво, дзяўчаты абіралі паміж сабою Багіню. Яе «каранавалі» вянком, давалі ў рукі апошні зжаты сноп (які зваўся «дажынкавым снапом»). Багіня ўзначальвала шэсце да хаты гаспадара. Да шэсця, акрамя дзяўчат, далучаліся замужнія і старыя жнеі. Па дарозе яны спявалі:
Ды гудзець поле, гудзець,
Багіня з поля ідзець.
Гаспадару, не ўмыкайся,
У святлічку не схавайся…
— [2].
Гаспадар сустракаў працэсію, праводзіў яе ў хату. Пачыналіся музыка і танцы, якімі кіравала Багіня. З рэшты яна дзякавала гаспадару, казала: «Дай божа табе, нябожа, абяваць, насяваць, а нам жаць, дажынаць». Гаспадар у адказ накідваў на галаву Багіні пакрывала з дажынкавым снапом і адорваў яе пшанічным хлебам.
Абранне Талакі
правіцьУ іншых мясцінах замест Багіні абіралі Талаку. На галаву абранай дзяўчыны клалі вянок з розных пахучых кветак і траў, давалі ў рукі дажынкавы сноп, і ладзілі вакол яе харавод з песняю:
Добры вечар, добры вечар!
Добры вечар, Талака!
…Да вазьмі ад нас, вазьмі,
Гэты збожны ты снапок,
Да надзень жа, надзень,
З краскамі прыгож вянок!
— [3].
Даследчык-аматар Павел Шпілеўскі, вывучаючы падобную абраднасць, зрабіў выснову, што ў язычнійкай Беларусі калісьці існавала багіня з імем Талака. На самой справе багіні Талакі ніколі не было. Гэта позняя персаніфікацыя. Хаця сам абрад, несумненна, старажытны, і мог быць прысвечаны нейкаму невядомаму сёння боству.
Сноп-баба
правіцьУ Мінскай губерні апошні дажыначны сноп апраналі ў хустку, у жаночую сарочку і звалі яго «бабай». Жнеі ставілі бабу на ўскраіне поля, садзіліся вакол і ладзілі застолле. Потым накіроўваліся да хаты гаспадара, па дарозе спявалі, а з сабою неслі «бабу». У хаце яе ставілі ў куце, пад іконамі. Верагодна, і «баба», і Талака, і Багіня — гэта ўспамін пра нейкага язычніцкага жаночага персанажа, багіню ўраджаю.
Іншыя традыцыі
правіцьПрымаўкі гэтага дня: «Прыйшла Прачыстая — стала поле чыстае», «Прачыста — сяўба чыста, а касьба не чыста», «Гаспажа — хлеба дзяжа» (Брэсцкі павет)[4]; «Прыйшла Прачыстая — перапечка чыстая» (Ігуменскі павет); «Надышло Успленне — цягні бульбу за карэнне» (Столінскі раён); «Прачыстая не глядзіць бяла, а глядзіць, каб паляніца была» (Клічаўскі раён).
Дажынкам было прысвечана шмат дажынкавых песень, якія спявалі ў канцы жніва, вяртаючыся з поля ў вёску і на застоллі. Яны былі значна весялейшыя за жніўныя песні, бо ў апошніх спявалася пра нялёгкую працу і долю жней і іх дзяцей.
У народных песнях гэты дзень згадваецца ў сувязі з разнастайнымі сельскагаспадарчымі работамі: «Прачыста снапкі падае», «на восець носіць», «папары мяшае», «пчолак ладзіць, кадкі мёдам налівае»[5].
Прачыста маці ішла зажынаці
У чыстае поле з пшонным пірагом.
З пшонным пірагом, з залатым сярпом.
У левай руцэ пшонны піражок,
У правай руцэ залаты сярпок:
Я раз разну — я сноп нажну,
Я і два разну — я капу нажну!
Сноп ад снапа — на валовішча,
Капа ад капы — паўтараста шагоў!
(Магілёўская губ.)[6]
Прачыста жытцо сеець,
А меншая ў помач стала,
Жытцо скора запахала,
(Міёрскі раён)
У некаторых раёнах лічылася, што ад Прачыстай пачынаецца «маладое бабскае лета», якое заканчваецца на Галавасека 29 жніўня (11 верасня)[7].
Этнографамі зафіксавана вялікая колькасць звычаяў, абрадаў і павер’яў, што датычаць гэтага моманту, ад якога ў многім залежаў будучы ўраджай. Першыя звязаны з такімі магічнымі атрыбутамі, як «поўня», «яйка», «сякера», «ахвяраванне зямлі», «сустрэча», «чысціня» і іншымі, што суправаджаюцца рознымі і шматлікімі павер’ямі, другія — з асвечаным зернем, малітвай. Некаторыя даследчыкі лічаць, што 15 (28) жніўня з’яўляецца агульнаславянскім святам ураджаю[8].
На Палессі Прачыстую называлі Зельнаю (параўнай польскае назва «Święto Matki Boskiej Zielnej»), бо асвячалі разам са збожжам «усялякія зелля».
У 1930-х гадах у Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, у верасні праходзілі фестывалі «Дажынкі», прысвечаныя сабранаму ўраджаю.
Гл. таксама
правіцьДажынкі на Вікісховішчы |
- Хрол і Лаўр — конскае свята
- Багач (Малая Прачыстая)
- Пакровы (Трэцяя Прачыстая)
- Народны каляндар
Зноскі
правіць- ↑ Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мінск: Полымя, 2002. — с. 163:
- ↑ [Кухаронак, Т.І. Маскі ў каляднай абраднасці беларусаў / Т.І. Кухаронак – Мінск: Ураджай, 2001. ]
- ↑ [Кухаронак, Т.І. Маскі ў каляднай абраднасці беларусаў / Т.І. Кухаронак – Мінск: Ураджай, 2001. ]
- ↑ Крачковский Ю. Ф. Очерки быта западнорусского селянина. — Масква, 1874
- ↑ Жыцця адвечны лад: Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн. 2. — Мн., 1998. — С. 513—515
- ↑ Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 8. Быт белоруса. — Вильно, 1912
- ↑ Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 8. Быт белоруса. — Вильно, 1912
- ↑ Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мінск: Полымя, 2002. — С. 162.
Літаратура
правіць- Ліс А. С. Дажы́нкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 8. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мінск: Полымя, 2002.
- Усачёва В. В. Обжинки // Славянские древности: Этнолингвистический словарь в 5-ти томах / Под ред. Н. И. Толстого; Институт славяноведения РАН. — М.: Международные отношения, 2004. — Т. 3. — С. 448—452. — ISBN 5-7133-1207-0.
- Ліс А. С. Дажы́нкі // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 8. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.