Дамачаўскі строй

Дамачаўскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Заходнім Палессі. Бытаваў уздоўж р. Буг на поўдні Брэсцкага раёна ў ваколіцах г. п. Дамачава, на тэрыторыі Польшчы ў ваколіцах г. Уладава, былых мястэчак Славатычы і Кодань і ў паўночна-заходнім раёне Валынскай вобласці.

Дамачаўскі строй. Святочныя ўборы дзяўчат і маладых жанчын. Чэрск. Брэсцкага раёна. 1910-я гады

Жаночае адзенне

правіць

Жаночы касцюм складаўся з кашулі (сарочкі), спадніцы (вылучаюцца чатыры тыпы:рабак, хвартух, лявіцкая, кратунка), фартуха (фартушка), гарсэта (горсата). Кашуля мела шырокі (12-15 см) адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частках рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў пад верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніцу і фартух (1-полкавы) шылі з аднолькавай па якасці і каларыстычна-арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасавалі ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад'емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт-безрукаўка і гарсэт з рукавамі — кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі разнаколернымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкаратыўнай строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага цёмна-карычневага сукна. Галаўны ўбор замужніх жанчын — чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздаблялі карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорнутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку.

Мужчынскае адзенне

правіць

Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным накрухмаленым каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева-шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздаблялі вітым ці плеценым коскай разнаколерным шнуром і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць