Архітэктар

асоба навучаная праектаванню будынкаў і прасторы, а таксама кантролю іх будаўніцтва
(Пасля перасылкі з Дойлід)

Архітэ́ктар, дойлід (ад стар.-грэч.: αρχη (аснова) і стар.-грэч.: τέκτων (цясляр, будаўнік) — «галоўны будаўнік»[1]) — спецыяліст, які займаецца архітэктурным праектаваннем, гэта значыць распрацоўкай планаў будынкаў, іх фасадаў — у цэлым і ў дэталях, а таксама ўнутраных прастор. Архітэктар можа займацца і разлікам канструкцый будынкаў, хоць у наш час гэтым займаюцца галоўным чынам інжынеры. Сучасны архітэктар, у шырокім сэнсе — гэта стваральнік матэрыяльнай часткі гарадскога асяроддзя. Пэўна гэта могуць быць асобныя будынкі, грамадскія комплексы, у некаторых выпадках — цэлыя пасёлкі і нават гарады. Асноўная задача архітэктара — выпрацоўка новых архітэктурных ідэй, заснаваных на трох адвечных прынцыпах — «Карысць — Трываласць — Прыгажосць», закладзеных Вітрувіем, гэта значыць стварэнне зручнай у карыстанні і прыгожай па абліччы архітэктуры. Такім чынам, архітэктар — гэта ў пэўным сэнсе «спецыяліст па прыгажосці».

Швейцарская памятная манета з выявай Мадулора, сімвала сучаснай архітэктуры


Праца сучаснага архітэктара

правіць
Падрабязны разгляд тэмы: САПР
 
Праца архітэктара XXI стагоддзя. Французская картка 1910 года.

Развіццё вылічальнай тэхнікі ў ХХ стагоддзі пацягнула рэвалюцыю ў архітэктурным праектаванні.

У наш час праектная дакументацыя распрацоўваецца галоўным чынам з дапамогай сістэм аўтаматызаванага праектавання (камп’ютара і адмысловых камп’ютарных праграм, такіх як, напрыклад, Autodesk AutoCAD ці Graphisoft ArchiCAD).

Камп’ютарнае праектаванне дазваляе ажыццяўляць праектаванне сродкамі двухмернай (2D) і трохмернай (3D) графікі. Канцэпцыя віртуальнага будынка дае магчымасць атрымаць уяўленне як пра вонкавае аблічча, так і пра ўнутраную прастору будучага аб’екта прама на дысплеі ці з дапамогай праектара.

Па жаданні заказчыка вырабляецца архітэктурны макет будучага збудавання.

Архітэктурныя ўзнагароды і прэміі

правіць

Адной з вышэйшых міжнародных узнагарод у вобласці архітэктуры з'яўляецца Прытцкераўская прэмія, якую прысуджваюць штогод за найбольш выбітныя дасягненні ў вобласці архітэктуры. Прытцкераўская прэмія лічыцца аналогам Нобелеўскай прэміі ў архітэктуры. Лаўрэатамі прэміі Прытцкера сталі такія выбітныя архітэктары, як японец Кэндзо Тангэ, які ствараў фантастычныя праекты гарадоў у стылі метабалізму, амерыканец Бэй Юймін, які пабудаваў вядомую Шкляную піраміду ў Луўры, датчанін Ёрн Утзан, які стварыў знакаміты праект Опернага тэатра ў Сіднеі, англічанін Норман Фостэр, аўтар небаскроба ў відзе шклянога яйка ў Лондане, і шматлікія іншыя.

Прафесійныя святы

правіць

Па рашэнні Дваццатай Генеральнай асамблеі Міжнароднага саюза архітэктараў (МСА), якая праходзіла ў Барселоне ў 1996 годзе, Сусветны дзень архітэктуры прызначаны на першы панядзелак кастрычніка — на дзень, у які пад патранажам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый адзначаецца Сусветны дзень жылля (Сусветны дзень Хабітат).

Зноскі

Спасылкі

правіць