Дыяграма Герцшпрунга — Расела
Дыяграма Герцшпрунга — Расела (варыянты транслітарацыі: Дыяграма Герцшпрунга — Рэсела, Расела, ці проста Дыяграма Г-Р або дыяграма колер — зорная велічыня, дыяграма спектр — свяцільнасць) паказвае залежнасць паміж абсалютнай зорнай велічынёй, свяцільнасцю, спектральным класам і тэмпературай паверхні зоркі. Нечаканым з’яўляецца той факт, што зоркі на гэтай дыяграме размяшчаюцца не выпадкова, а ўтвараюць добра адрозныя ўчасткі.
Была прапанавана прыкладна ў 1910 годзе незалежна Эйнарам Герцшпрунгам (Данія) і Генры Раселам (ЗША). Дыяграма выкарыстоўваецца для класіфікацыі зорак і адпавядае сучасным уяўленням аб зорнай эвалюцыі.
Дыяграма дае магчымасць (хоць і не вельмі дакладна) знайсці абсалютную велічыню па спектральным класе. Асабліва для спектральных класаў O-F. Для позніх класаў гэта ўскладняецца неабходнасцю зрабіць выбар паміж гігантам і карлікам. Аднак пэўныя адрозненні ў інтэнсіўнасці некаторых ліній дазваляюць упэўнена зрабіць гэты выбар[1].
Каля 90% зорак знаходзіцца на галоўнай паслядоўнасці. Іх свяцільнасць абумоўлена тэрмаядзернымі рэакцыямі ператварэння вадароду ў гелій. Вылучаецца таксама некалькі галін праэвалюцыянаваўшых зорак-гігантаў, у якіх адбываецца гарэнне гелію і больш цяжкіх элементаў. У левай ніжняй частцы дыяграмы знаходзяцца цалкам праэвалюцыянаваўшыя белыя карлікі.
Віды дыяграм
правіцьІснуе некалькі відаў дыяграмы, і іх найменне не вельмі выразна вызначана. Спачатку дыяграма паказвае спектральны клас зоркі па гарызантальнай восі і абсалютную зорную велічыню па вертыкальнай. Спектральны тып складана адлюстроўваць на дыяграме, бо гэта не лікавая велічыня, і сучасныя версіі дыяграмы прадстаўляюць тут каляровы індэкс B-V зорак. Гэты тып дыяграмы часта называюць дыяграмай Герцшпрунга — Расела або «колер — зорная велічыня», і ён часта выкарыстоўваецца назіральнікамі. Калі зоркі знаходзяцца на прыкладна аднолькавых адлегласцях (напрыклад, зоркі скопішчаў), то дыяграма часта выкарыстоўваецца для апісання скопішча і вертыкальная вось становіцца проста зорнай велічынёй.
Ніжэй галоўнай паслядоўнасці, пачынаючы прыкладна ад яе сярэдзіны, да правага ніжняга вугла цягнецца так званая «паслядоўнасць (ці галіна) субкарлікаў» (на ілюстрацыі да артыкула не паказана). Субкарлікі — гэта старыя, маламасіўныя, бедныя цяжкімі элементамі зоркі, якія складаюць сферычную кампаненту зорнага насельніцтва Галактыкі. Па сучасных прадстаўленнях, яны рэлікты часоў самага пачатку зоркаўтварэння, якія дажылі да нашых дзён дзякуючы малой масе: працягласць іх эвалюцыі перавышае час існавання Сусвету. Больш масіўныя «зоркі-піянеры» даўно ўжо падарваліся як звышновыя і ўзбагацілі рэчыва Сусвету цяжкімі элементамі.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Справочник любителя астрономии. — 4-е изд. 1971. — Едиториал УРСС. — С. 131-132. — ISBN 5-8360-0303-3.
Літаратура
правіць- Герцшпрунга—Рэсела дыяграма // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. С. 201.
Спасылкі
правіцьДыяграма Герцшпрунга — Расела на Вікісховішчы |