У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Жан Разавен (таксама бел.: Жан-Луі дэ Лесег дэ Разавен, польск.: Jan Rozaven, лац.: Joannes Rozaven; 9 сакавіка 1772, Кемпер, Францыя — 3 красавіка 1851, Рым) — выбітны дзеяч каталіцкага касцёлу і Ордэна езуітаў, педагог.

Жан Разавен
польск.: Jan Rozaven
лац.: Joannes Rozaven
Дата нараджэння 9 сакавіка 1772(1772-03-09)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 красавіка 1851(1851-04-03) (79 гадоў)
Месца смерці
Род дзейнасці святар, педагог

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і ў Брэтані. Атрымаўшы добрае хатняе выхаванне, працягнуў навучанне ў езуіцкім калегіуме роднага горада. Пад час Французскай рэвалюцыі з‘язджае спачатку ў Англію, потым у Бельгію, а пасля захопу апошняй французамі перабіраецца ў Падэборн. Пасля чатырох гадоў вучобы быў высвечаны на ксяндза. Уступае ў Таварыства айцоў Святога Сэрца (Société des pères du Sacré-Coeur). Быў накіраваны ў Кенсінгтан (Англія) для адкрыцця там пансіёну або вучылішча для маладых англічан-католікаў[1].

У жаданні ажыццявіць сваю даўнюю мару — далучыцца да Таварыства Ісуса — прыязджае ў Санкт-Пецярбург. 28 сакавіка 1804 года ўступае ў гэты ордэн і паступова набываючы ў ім значны ўплыў. У 1804—1815 гг. працуе ў пецярбургскіх навучальных установах езуітаў, у тым ліку як прафесар філалогіі (1806—1808 і 1809—1812), паэзіі, рыторыкі і французскай мовы (1808—1809), філасофіі і вышэйшай матэматыкі (1813—1815). Да гэтага перыяду жыцця Ж. Разавена адносіцца яскравае і яго актуальнае выказванне: «Большасць людзей уяўляюць, нібыта скончыўшы курс навук, ім больш не трэба вучыцца. Гэта яўная памылка, бо ніколі не будзеш грунтоўна адукаваны, калі не будзеш вучыцца нашмат болей, пакінуўшы школу, нават больш чым у школе. Калі не патрэбна больш займацца, каб навучыцца, неабходна гэта рабіць, каб пазбегнуць бяздзейнасці, наступствы якой заўжды згубныя»[2]. 15 жніўня 1814 г. Ж. Разавен склаў апошнія зарокі.

Пад час знаходжання ў Санкт-Пецярбургу вёў актыўную прапаведніцкую дзейнасць. Спрыяў пераходу ў каталіцкую веру С. П. Свечынай і пляменніка міністра адукацыі і духоўных спраў А. Н. Галіцына, чым наблізіў выгнанне езуітаў з расійскай сталіцы ў снежні 1815 г.[3]

У пачатку 1816 г. пераехаў у Полацк. Працуе прафесарам дагматычнай тэалогіі (1816—1817, 1818—1819) і дэканам тэалагічнага факультэта (1818—1820) Полацкай езуіцкай акадэміі, а таксама ў сакратарыяце генерала Таварыства Ісуса Тадэвуша Бжазоўскага (1816—1820). Польскай, якой шырока карысталіся полацкія езуіты, авалодаць на паспеў, але многія яго літаратурныя працы былі перакладзены на гэтую мову[4].

Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі (1820) жыў у Рыме, дзе выкладаў дагматычную тэалогію, выступаў кансультантам розных кангрэгацый, стаў членам Пастаяннага Святога трыбунала. На працягу трох дзясяткаў гадоў — асістэнт генералаў Таварыства Ісуса Алоіза Фортыса і Яна Ротана (выпускніка Полацкай езуіцкай акадэміі) ў Францыі. Працягваючы сваю прапаведніцкую дзейнасць, навярнуў у каталіцтва рускую княгіню Лізавету Аляксееўну Галіцыну (1797—1843), якая неўзабаве стала шырока вядомай каталіцкай манашкай і місіянеркай. Пад час эпідэміі халеры ў Рыме (1837) наведаў і спавядаў да 25 тысяч хворых. З пачаткам рэвалюцыйных падзей, якія ахапілі Італію ў 1848 г., сваімі казаннямі імкнуўся супакоіць незадаволеных. У апошнія гады жыцця наведаў Францыю, Бельгію і Англію.

Памёр 3 красавіка 1851 г. ў Рыме і быў пахаваны ў саборным касцёле Іль-Джэзу, у капліцы Св. Францішка Ксаверыя.

Зноскі

  1. Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1820—1905. Cz. 2. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1906. — s. 1183.
  2. Кондаков, Д. А. Образовательная деятельность Общества Иисуса в Российской империи (1772—1820): Qui prodest? / Д. А. Кондаков // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A, Гуманитарные науки. — 2017. — № 9 — C. 18-19. Архівавана 2 лістапада 2018.
  3. Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — 382, 469—470.
  4. Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków: Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — s. 118.

Літаратура

правіць
  • Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — 427 с.
  • Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — 632 с.
  • Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków: Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — 288 s.
  • Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — 517 s.
  • Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1820—1905. Cz. 2. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1906. — s. 518—1300.