Жыватворны агонь

Жыватворны агонь (грэч. Ἅγιο Φῶς — Святое Святло) — агонь, які выносіцца з Труны Гасподняй на асобым богаслужэнні, якое праводзіцца штогод у Вялікую суботу, напярэдадні праваслаўнага Вялікадня ў храме Уваскрэсення Хрыстова ў Іерусаліме. Вынас велікоднага агню сімвалізуе выхад з Труны «Святла Сапраўднага», гэта значыць уваскрэслага Ісуса Хрыста.

Першыя пісьмовыя паведамленні сведак пра цудоўнае з’яўленне «Святога Святла» ў Труне Гасподняй датуюцца IX стагоддзем.

У наш час цырымонію праводзяць святары Іерусалімскай праваслаўнай царквы, Іерусалімскага патрыярхата Армянскай апостальскай царквы, а таксама Копцкай і Сірыйскай цэркваў[1].

Служба транслюецца ў прамым эфіры ў Арменіі, Балгарыі, Грузіі, Грэцыі, Расіі, Украіне, а таксама на Кіпры, у Ліване, Егіпце і іншых краінах. Акрамя таго, Жыватворны агонь адмысловымі авіярэйсамі штогод дастаўляюць у Балгарыю, Беларусь, Грузію, Грэцыю[2], Малдову, Польшчу[3], Расію[4]Сербію, Украіну, дзе яго з урачстасцю сустракаюць дзяржаўныя і царкоўныя лідары.

У Беларусі Жыватворны агонь перадаецца ў капліцы, манастыры, цэрквы, дзіцячыя дамы, школы, бальніцы, на свечкі прыхаджанам, запальваецца ля помнікаў[5].

Сімвалічнае значэнне

правіць

Служба Вялікай суботы ў храме Труны Гасподняй сімвалічна паказвае Мукі Хрыстовы, Пахаванне і Уваскрэсенне Ісуса Хрыста. Сам вынас Святога Святла сімвалізуе выхад з Труны Святла Сапраўднага, гэта значыць уваскрэслага Ісуса Хрыста. У дачыненні да Агню, які выносіцца з Труны, самі ўдзельнікі цырымоніі — грэчаскія і армянскія святары — выкарыстоўваюць не слова «Агонь», а «Святло» (грэч. Φως, арм.: Լույս).

Апісанне цырымоніі

правіць

Іерусалімскі Патрыярх праходзіць храм Святога апостала Якава і накіроўваецца праз паўднёвыя дзверы ў алтар храма Уваскрэсення. Армянскае, копцкае і сірыйскае праваслаўнае духавенства, якое ўвайшло пасля Іерусалімскага Патрыярха, накіроўваецца да яго і прамаўляюць зварот. Пасля гэтага пачынаецца хросны ход, які тры разы абыходзіць Кувуклію, мармуровую капліцу над пячорай Труны Гасподняй, дзе і быў, паводле падання, пахаваны Ісус Хрыстос.

Пасля заканчэння хроснага ходу Іерусалімскі Патрыярх распранаецца і заходзіць у Кувуклію ў суправаджэнні армянскага архімандрыта. Грэчаскі Патрыярх моліцца на Труне Гасподняй[6]. Усё заціхае, людзі моляцца, чакаючы сыходжання Агню.

Праз некаторы час, праведзены ў напружаным чаканні і малітве, унутры Кувукліі з’яўляецца святло, у храме раздаецца звон. З акенцаў Кувукліі з’яўляюцца падпаленыя пучкі свечак, якія падаюцца грэчаскім Патрыярхам і армянскім архімандрытам. Ад іх свечак Агонь запальваюць бегуны, пасля чаго Агонь хутка распаўсюджваецца па храме.

Святары, якія стаяць каля ўваходу ў Кувуклію, і простыя паломнікі, якія стаяць уздоўж шляху, па якім будзе ісці Патрыярх, не запальваюць свае свечкі да часу яго выхаду. Пасля таго, як Патрыярх з’яўляецца і бласлаўляе ўсіх святлом ад сваіх свечак, ад іх запальваюць свае свечкі грэчаскія святары. Затым Патрыярх пачынае хутка ісці наперад, таму што з усіх бакоў да яго наступаюць людзі, якія жадаюць атрымаць Агонь ад яго свечак. Ахова імкнецца стрымліваць ціск[7][8].

Зноскі

  1. Паводле Статус-кво (варыянт 1929 года) у службе таксама прымалі некаторы ўдзел і прадстаўнікі ордэна францысканцаў, аднак цяпер гэтага, відаць, не адбываецца.
  2. У Грэцыю ён дастаўляецца ўрадавым самалётам, прычым яго суправаджаюць дзяржаўныя чыноўнікі высокага рангу і прадстаўнікі Эладскай Праваслаўнай царквы: Greeks Celebrate Easter Day. April 20, 2009 by Greek News(недаступная спасылка) (англ.)
  3. Święty Ogień przybył do Warszawy
  4. Дастаўкай у Расію займаецца Фонд Андрэя Першазванага: У Іерусаліме сышоў Жыватворны агонь. Архівавана 27 снежня 2013.
  5. https://www.sb.by/articles/agarnuts-zhyvatvornym-svyatlom-.html
  6. The Holy Light. Архівавана 13 мая 2009. Апісанне службы на сайце Іерусалімскага Патрыярхата (англ.)
  7. Відэазапіс 2006 года youtube.com
  8. Відэазапіс 2008 года youtube.com

Спасылкі

правіць