Земская рэформа
Зе́мская рэфо́рма — адна з ліберальных рэформ Аляксандра II у Расійскай імперыі, якая прадугледжвала стварэнне органаў сістэмы мясцовага самакіравання ў сельскай мясцовасці, праведзена ў 1864 годзе. Органы, створаныя ў выніку рэформы называліся земскімі ўстановамі альбо земствамі.
Рэформа ў Расійскай імперыі была выклікана патрэбай дастасаваць самадзяржаўны лад да патрэб капіталістычнага развіцця, а таксама жаданнем расійскіх уладаў перацягнуць на свой бок лібералаў у барацьбе з рэвалюцыйным рухам. Была праведзена ў 1864 годзе ў 34 губернях еўрапейскай часткі Расіі і Вобласці Войска Данскога. Рэформа не пашыралася на нацыянальныя ўскраіны, у тым ліку на Беларусь і Літву, бо расійскі ўрад баяўся, што мясцовае самакіраванне будзе падпарадкавана «польскім» (каталіцкім) памешчыкам, якія былі бальшынёй землеўласнікаў на гэтых землях і пасля паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гадоў лічыліся нядобранадзейнымі. У перыяд контррэформ палажэннем 1890 года дзейнасць земстваў была абмежавана[1].
15 красавіка 1903 года ўведзена «Палажэнне аб кіраванні земскай гаспадаркай у губернях Віленскай, Віцебскай, Валынскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Падольскай». Спачатку яно было пашырана на Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую губерні, а 9 траўня 1904 года — на астатнія губерні. Паводле палажэння 1903 года ствараліся губернскія і павятовыя камітэты ў справах земскай гаспадаркі, кіраванне якой было сканцэнтравана ў губернскім горадзе ў руках асоб, якія не належалі да плацельшчыкаў земскіх падаткаў, распарадчых павятовых органаў не было, гласных ад памешчыкаў і сялян прызначала адміністрацыя. 27 сакавіка 1911 года прынята «Палажэнне аб земскіх установах», на Беларусі пашырана толькі на Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую губерні (з 35 беларускіх паветаў земствы ўведзены ў 25). У аснову выбарчай сістэмы былі пакладзены саслоўны і маёмасны цэнзы. Выбаршчыкі падзяліліся на 3 курыі: павятовых землеўладальнікаў, гарадскіх выбаршчыкаў і выбарных ад сельскай грамады. Выбарчая палітыка забяспечвала перавагу ў земствах памешчыкам і чыноўнікам. Рабочыя, дробная буржуазія і інтэлігенцыя ў выбарах не ўдзельнічалі. Паводле Палажэння ствараліся губернскія і павятовыя земскія сходы і земскія ўправы. Яны займаліся толькі мясцовымі гаспадарчымі справамі, не мелі прымусовай улады, права зносін паміж сабой, дзейнасць кантралявалася цэнтральнай адміністрацыяй[1].
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Софія Самуэль. Земская рэформа // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 445. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.