Вялікі зікурат ва Уры (зікурат Этэменігуру[1]) — найбольш захаваны храмавы комплекс Старажытнага Двурэчча. Збудаваны ў XXI стагоддзі да н.э. (каля 2047 да н.э.) у горадзе Уры мясцовымі царамі Ур-Наму і Шульгі, як і свяцілішча Экішнугаль, у гонар месяцавага бажаства Нана. Пазней не раз перабудоўваўся, быў значна пашыраны новававілонскім царом Набанідам.

Славутасць
Зікурат ва Уры
30°57′45″ пн. ш. 46°06′09″ у. д.HGЯO
Краіна  Ірак
Месцазнаходжанне
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Архітэктура правіць

Першапачаткова зікурат узвышаўся, верагодна, на 60 м, трыма манументальнымі ўступамі, лаканічнымі па аб’ёмах і выразнымі па сілуэце. На верхняй з тэрас знаходзіўся невялікі храм — «жыллё бажаства»[2]. Верхняя пляцоўка служыла таксама жрацам для назіранняў за зоркамі. Унутры сцен, якія падтрымлівалі платформы, знаходзілася мноства пакояў, дзе жылі святары і служкі храма[1].

Ніжняя тэраса была афарбавана бітумам у чорны колер, другую абліцоўвала абпаленая чырванаватая цэгла, трэцяя тэраса была пабелена, а сцены храма, наколькі можна судзіць, напрыклад, па сведчаннях Герадота, пакрываў звонку слой сіняй паліванай цэглы. Відавочна, расфарбоўка мела сімвалічнае значэнне. На першую тэрасу, па фасадным яе боку, вялі тры лесвіцы, якія сустракаліся на вышыні 15 м дзе мелася невялікая пляцоўка. Дзве з іх прылягалі да бакавой плоскасці платформы. Мерны рытм ступеняў трэцяй сярэдняй лесвіцы, перпендыкулярнай да аб’ёму зікурата, працягваўся затым у лесвічных маршах на другую і трэцюю тэрасы, ствараючы адчуванне бясконцага шляху ў нябесную вышыню[2]. Першы даследчык збудавання, Леанард Вулі, лічыў, што гэтыя лесвіцы былі ў старажытнасці абсаджаны дрэвамі, каб усё збудаванне нагадвала жыхарам алювіяльнай раўніны свяшчэнную гару[3]. Накіраванасць увысь была падмацавана вертыкалямі лапатак, мерна размеркаваных па паверхні платформы, а таксама лёгкім нахілам бакавых плоскасцей[2].

 
Рэканструкцыя першапачатковага выгляду зікурата ва Уры

У плане зікурат мае форму прамавугольніка, бакавыя і задняя бакі якога злёгку выгнуты вонкі для надання збудаванню яшчэ большай масіўнасці. Прамавугольны план яго знаходзіцца ў арганічнай сувязі з архітэктурай больш ранніх храмаў на платформах. Аднак велічны зікурат ва Уры выражае яшчэ больш выразна ідэю магутнасці багоў і абагаўлёнага цара. Не выпадкова архітэктурная кампазіцыя зікурата заставалася нязменнай у культуры Двурэчча і нават Ірана шматлікіх наступных стагоддзяў: яна ўвасабляла асноватворны пачатак усіх старажытнаўсходніх дэспатый[2].

Не выключана, што або сам зікурат Этэменігуру, або пабудаваны па яго ўзоры зікурат у Вавілоне паслужылі правобразам апісанай у Бібліі Вавілонскай вежы[4].

Сучасны стан правіць

Да нашых дзён захавалася велічная ніжняя тэраса, плошчай 65x43 м і вышынёй у 20 м[2]. У XX стагоддзі экспедыцыя Леанарда Вулі з Брытанскага музея ачысціла зікурат ад шматвяковых напластаванняў, пасля чаго ён быў часткова рэканструяваны. У двары зікурата Вулі адкрыў рэшткі храмавага архіва — гліняныя таблічкі з інфармацыяй пра гандлёвыя здзелкі, у якіх жрацы выступалі прадстаўнікамі месяцавага бажаства.

На мяжы XXI стагоддзя помнік падвергся новым выпрабаванням. Па распараджэнні Садама Хусейна ў 60-я гады XX стагоддзя[2] былі адноўлены фасады будынка і манументальная лесвіца, што сказіла яго аблічча. Побач з зікуратам размешчаны разваліны храма Навухаданосара II.

Зноскі

  1. а б Байер Б., Бирштайн У. и др. История человечества. 2002. ISBN 5-17-012785-5.
  2. а б в г д е Период III династии Ура. (около 2112—1997 гг. до н.э.)
  3. International Dictionary of Historic Places. Taylor & Francis, 1996. P. 718—719.
  4. William W. Hallo. Origins: The Ancient Near Eastern Background of Some Modern Western Institutions. Brill Academic Publishers, 1996. P. 279.

Літаратура правіць

  • Лазука, Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4
  • Mitchell T. C. Biblical Archaeology: Documents from the British Museum. Cambridge University Press, 1988. P. 25.
  • Leick G. A Dictionary of Ancient Near Eastern Architecture. ISBN 0-415-00240-0. P. 230.

Спасылкі правіць