Казьянскі замак
Казьянскі замак — замак, які існаваў у XVI стагоддзі на поўначы ад вёскі Казьяны Віцебскага павета (цяпер Шумілінскі раён). Пабудаваны ў 1563 годзе ў час інфлянцкай вайны 1558—1582 гадоў паводле загаду цара Івана Грознага як парубежнае ўмацаванне.
Планіроўку і памеры замка вызначыў мыс лукавіны ракі Обаль. Будынак драўляны, трохвугольны ў плане (50х120х110 м), з 3 чацверыковымі вежамі (былі падзелены ўнутры на 3 баявыя ярусы), накрытымі двухсхільнымі дахамі. Вежа, размешчаная ў перашыйку лукавіны ракі, мела арачны праезд, астатнія — «глухія», стаялі на паўкруглых у плане падмурках, прарэзаных круглымі байніцамі ў верхняй частцы. Цэнтральную частку ўнутранай прасторы замка займала жылая забудова. Замак разбураны ў 1579 годзе войскамі Рэчы Паспалітай.
Замчышча вядома з 1837 года. Даследавана ў 1972 годзе. На прадаўгаватым мысе, выцягнутым з захаду на ўсход, захаваліся рэшткі земляных валоў, якія абкружаюць пляцоўку трохвугольнай формы. З захаду відаць рэшткі рова.
Замчышча занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. У спісе яно аднесена да вёскі Красамай.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 232
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7). — С. 436
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 16. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл. — С. 468
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 13