Какосавая вайна

паўстанне ў Вануату 1980 года

Какосавая вайна (англ.: Coconut War, фр.: Guerre de la noix de coco) — узброены канфлікт, які адбываўся з 30 ліпеня па верасень 1980 года на выспах Новыя Гебрыды паміж паўстанцамі з арганізацыі «NaGriamel», з аднаго боку, і ўрадам Вануату, войскамі Вялікабрытаніі, Францыі, Папуа — Новай Гвінеі, Саламоновых астравоў, з іншага боку. Канфлікт распачаўся пасля абвяшчэння рэспублікі Вануату.

Какосавая вайна
Карта Эспірыту-Санта ў складзе Вануату
Карта Эспірыту-Санта ў складзе Вануату
Дата 30 ліпеня-верасень 1980 года
Месца Новыя Гебрыды
Прычына

- незадаволенасць партыі Вануаку правядзеннем канферэнцыі аб незалежнасці каланіяльнымі ўладамі без правядзення рэферэндуму, якога патрабавала партыя - утварэнне партыяй Вануаку Народнага часовага ўраду

- спроба ўтварэння дзяржавы Вемерана
Вынік

- параза паўстання

- асуджэнне Джымі Стывенса
Праціўнікі
Вануату

Брытанская імперыя Францыя (адкрыта) Папуа — Новая Гвінея

Саламонавы Астравы

NaGriamel (Дзяржава Вемерана)

Францыя (таемна)

Камандуючыя
Джордж Сакаману

палкоўнік Тоні Хуай

Джымі Стывенс

Алексіс Іолу

Сілы бакоў
няма данных няма данных
Страты
невядома невядома

Перадгісторыя правіць

У XIX стагоддзі Новыя Гебрыды былі спрэчнай тэрыторыяй паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй[1]. У сакавіку 1906 года была падпісана дамова, па якой Новыя Гебрыды сталі сумесным уладаннем Трэцяй французскай рэспублікі і Брытанскай імперыі, што значыць, што астравы станавіліся франка-брытанскім кандамініумам.[1] Захоп астравоў карэнных народаў спрычыніўся да фарміравання руху «NaGriamel» пад кіраўніцтвам Джымі Стывенса, які меў шатландскія і танганскія карані («NaGriamel» — састаўнае слова ад мясцовых назваў раслін, на якія было пакладзена табу, — namele і nagria). Гэты рух выступаў за замацаванне права землеўладання за карэннымі жыхарамі астравоў, а таксама за адраджэнне традыцыйных каштоўнасцяў.[2] У 1970-х гадах Брытанія працягнула палітыку дэкаланізацыі, надаючы незалежнасць сваім калоніям, што вызваляла яе ад шэрагу абавязацельстваў. Пазіцыя Францыі была кардынальна іншай. У аснове французскай знешняй палітыкі ў канцы 1960-х гадоў былі імперыялістычныя погляды, французская адміністрацыя, такім чынам, супрацьстаяла адміністрацыйным зменам на астравах, якія шкодзілі французскай сферы ўплыву на архіпелагу.

У лістападзе 1974 года на франка-брытанскай урадавай канферэнцыі была прынята рашэнне аб стварэнні на выспах новага заканадаўчага органа, які павінен бы быў выбірацца ўсім насельніцтвам, — Прадстаўнічай асамблеі (павінна была распачаць сваю працу з 1975 года). Першыя выбары ў Прадстаўнічую асамблею былі праведзены ў лістападзе 1975 года, хаця правадыры Паўночнага і Паўднёвага акругоў не былі выбраныя яшчэ год да лістапада 1976 года.

На выбарах 1975 года Навагебрыдская нацыянальная партыя атрымала 17 з 29 месцаў у Прадстаўнічай асамблеі[3]. Першае паседжанне Асамблеі адбылося ў лістападзе-снежні 1976 года[3]. Навагебрыдская нацыянальная партыя, якую перайменавалі ў партыю Вануаку, адкрыта патрабавала правядзення ў кандамініуме ўсенароднага рэферэндума, на якім бы было паднята пытанне аб незалежнасці Новых Гебрыд. Гэта выклікала незадаволенасць сярод іншых партый выспаў[4].

У ліпені 1977 года на чарговай франка-брытанскай урадавай канферэнцыі, на якую ўпершыню запрасілі партыі Новых Гебрыд (партыя Вануаку байкатавала канферэнцыю), было прынята рашэнне аб прадастаўленні Новым Гебрыдам незалежнасці (дата не абмяркоўвалася)[4]. Першым крокам на шляху да незалежнасці павінны былі стаць новыя выбары ў Асамблею, заснаванне міністраў Новых Гебрыд. Аднак па прычыне таго, што партыя Вануаку вырашыла байкатаваць выбары і не прадставіла сваіх кандыдатаў, выбары не адбыліся. Партыя абвясціла аб стварэнні Народнага часовага ўрада, які б кантраляваў усе часткі краіны, дзе пераважаюць прыхільнікі Вануаку[4]. 29 лістапада 1977 года партыя паспрабавала падняць свой сцяг над штаб-кватэрай у горадзе Порт-Віла, аднак сустрэла супраціў сярод прыхільнікаў умераных[4].

Брытанская паліцыя, якая асцярожна адносілася да адкрытых сутыкненняў паміж апанентамі, выкарыстала ў Порт-Віле слёзатачывы газ (упершыню ў гісторыі Новых Гебрыд)[4]. У студзені 1978 года новая Асамблея выбрала былога афіцэра паліцыі Джорджа Калсакау галоўным міністрам. Партыя Вануаку, якая некалькі месяцаў таму распусціла Народны часовы ўрад, увайшла ў склад урада народнага адзінства. Брытанскі і французскі ўрады ўзгаднілі дату незалежнасці выспаў — 30 чэрвеня 1980 года.

Першы парламент пры новай канстытуцыі быў выбраны на аснове ўсеагульнага выбарчага права ў лістападзе 1979 года. Партыя Вануаку атрымала ў ім большасць, і яе лідэр, Уолтэр Ліні, стаў галоўным міністрам Савета міністраў Новых Гебрыд і ў далейшым — першым прэм’ер-міністрам Рэспублікі Вануату. Наступныя шэсць месяцаў пасля выбараў былі азнаменаваныя шматлікімі бязладзіцамі і пратэстамі ў горадзе Люганвіл, у якіх прымалі ўдзел прыхільнікі палітычных сілаў, апазіцыйных партыі Вануаку. 28 траўня 1980 года пратэстоўцы захапілі мясцовую радыёстанцыю, аэрапорт Санта-Пекоа і былы будынак брытанскага акружнога агенцтва ў Люганвіле, а таксама захапілі брытанскага камісара Джоба Дэйлса і 12 паліцэйскіх[5], пасля чаго абвясцілі на выспе Эспірыту-Санта і некаторых іншых паўночных выспах архіпелага дзяржаву Вемерана, якую ўзначаліў Джымі Стывенс. Таксама бязладзіцы прайшлі на выспе Тана.

Гісторыя правіць

30 чэрвеня 1980 года Каралеўская марская пяхота Вялікабрытаніі і французскія дэсантнікі ўзнялі сцяг Вануату над урадавымі будынкамі ў горадзе Люганвіл. Такім чынам, 30 чэрвеня 1980 года спыніў сваё існаванне франка-брытанскі кандамініум Новых Гебрыд, замест якога на палітычнай карце свету з’явілася незалежная Рэспубліка Вануату. Тым часам бязладзіцы, якія пачаліся за некалькі дзён да абвяшчэння незалежнасці, пераўтварыліся ў паўстанне. Тады паўстанцы блакавалі міжнародны аэрапорт Санта-Пекоа, знішчылі 2 масты і абвясцілі незалежнасць выспы Эспірыту-Санта як «дзяржава Вемерана». Стывенса падтрымалі франкамоўныя землеўладальнікі і амерыканскі бізнес-фонд Фонд Фенікса, які падтрымліваў стварэнне лібертарыянскай падаткавай гавані ў Новых Гебрыдах[6].

Французскі гарнізон на востраве не адрэагаваў на змену сітуацыі. Урад эвакуяваў з выспы каля 2000 сваіх прыхільнікаў і брытанскіх грамадзян. 8 ліпеня 1980 года прэм’ер-міністр Вальтэр Ліні з партыі Вануаку папрасіў Вялікабрытанію і Францыю адправіць войскі, каб падавіць паўстанне на выспе Эспірыту-Санта[7]. Урад Францыі блакаваў спробы Вялікабрытаніі ўмяшацца ў канфлікт і развярнуць войскі для вырашэння крызіса, а французскія жаўнеры, якія былі дыслакаваныя на Эспірыту-Санту, не распачалі аніякай дзейнасці па нармалізацыі абстаноўкі ў рэгіёне. Такім чынам, па прычыне канфлікту паміж французамі і брытанцамі іх войскі не прынялі ўдзелу ў падаўленні бунту, а толькі абмежаваліся аховай стратэгічных пунктаў, хаця некаторыя новыя войскі былі перадыслакаваныя на Вануату.

Тады прэм’ер-міністр Вануату Уолтэр Ліні звярнуўся да ўраду Папуа — Новай Гвінеі з прашэннем аб накіраванні войскаў для падаўлення паўстання[8]. 18 жніўня на Эспірыту-Санта высадзіўся адзін батальён (з двума патрульнымі катарамі і чатырма самалётамі) войскаў Папуа — Новай Гвінеі, якія занялі пазіцыі на Санта[9]. Пасля з’яўлення арміі Папуа — Новай Гвінеі на Эспірыту-Санта сусветная прэса дала падзеям назву «Какосавай вайны». «Какосавая вайна» была кароткачасовай і незвычайнай. На працягу наступных дзён ішлі дробныя сутычкі з сепаратыстамі, але жыхары Эспірыту-Санта традыцыйна падтрымлівалі Папуа — Новую Гвінею як пабрацімаў-меланезійцаў, таму масавага супраціву з’яўленне войскаў Папуа — Новай Гвінеі і прыяднаўшыхся да іх войскаў Саламонавых астравоў не выклікала. Прыхільнікі Стывенса, якія вербаваліся перш за ўсё з меланезійскіх ні-вануату, а таксама з франкамоўнага насельніцтва вострава, нягледзячы на шматлікасць, былі ўзброены толькі прымітыўнай зброяй — дубінкамі, лукамі і састарэлымі стрэльбамі, а таксама былі слабадысцыплінаваныя. Па гэтых прычынах у ходзе вайны колькасць ахвяраў была невялікай.

Вайна скончылася нечакана, калі 30 жніўня 1980 года на адным з блокпастоў арміі Папуа — Новой Гвінеі пры спробе затрымання быў забіты сын Стывенса. На наступны дзень папуаскія атрады занялі бастыёны паўстанцаў у Танафа і Порт-Ольры, і тады Джымі Стывенс здаўся, заявіўшы, што ніколі не думаў, што камусьці будзе нанесена шкода ад яго дзеянняў[10].

У сярэдзіне верасня 1980 года канчаткова спыніўся супраціў прыхільнікаў дзяржавы Вемерана.

На судзе Стывенса былі прадстаўлены доказы падтрымкі руху «NaGriamel» Фондам Фенікса, таксама было даказана, што французскі ўрад таемна падтрымліваў Стывенса ў яго дзейнасці. Стывенсу было прысуджана 14,5 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю бязладзіц[11], ён заставаўся ў турме да 1991 года[12].

Паўстанне на выспе Тана правіць

Бязладзіцы ахапілі таксама і выспу Тана, якая ляжыць на поўдні новагебрыдскага раёна. 26 мая 1980 года мяцежнікі, узброеныя агнястрэльнай зброяй і выбухоўкай, напалі на ўрадавую адміністрацыю ў Ісангеле і ўзялі закладнікаў. Тады ўмяшалася брытанская паліцыя. Ноччу 10 чэрвеня група паўстанцаў адправілася з Сульфур-Бэй у Ісангель, каб вызваліць палонных пабрацімаў. Раніцай яны напалі на паліцэйскі ўчастак. У выніку перастрэлкі быў смяротна паранены іх лідар — Алексіс Іолу. З яго смерцю паўстанне на Тане скончылася.

Зноскі

  1. а б Tufala 2002, p. 22.
  2. Beasant, стр. 19.
  3. а б Tufala, стр. 63.
  4. а б в г д Tufala, стр. 65.
  5. Закладнікі былі вызвалены 6 чэрвеня і вывезены ў Порт-Віл на французскім караблі «Арманьяк».
  6. Treaster, Joseph B. "U.S. Land Developer Aids New Hebrides Dissidents" [англійская]. Архівавана з арыгінала 2022-05-09. Праверана 2022-05-09.
  7. "New Hebrides Asks for Aid in Revolt; Plea Might Go to U.N." [англійская]. Архівавана з арыгінала 2022-05-09. Праверана 2022-05-09.
  8. Times, Bernard D. Nossiter and Special To the New York. "VANUATU, NEW PACIFIC NATION, MOVING TOWARD SEAT AT U.N." [англійская]. Архівавана з арыгінала 2022-05-10. Праверана 2022-05-10.
  9. PM - Alexander Downer announces moves toward a new foreign policy. www.abc.net.au. Архівавана з першакрыніцы 10 мая 2022. Праверана 10 мая 2022.
  10. "New Hebrides Rebel Urges Peace; Willing to Fight British and French One British Officer Injured" [англійская]. Архівавана з арыгінала 2022-05-17. Праверана 2022-05-10.
  11. Miles, стр. 23.
  12. "South Pacific Rebel Seized" [англійская]. Архівавана з арыгінала 2022-05-11. Праверана 2022-05-11.

Літаратура правіць