Капланцы
Капла́нцы[1] (трансліт.: Kaplancy) — вёска ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці Беларусі, на рацэ Клява[2]. Цэнтр Капланецкага сельсавета. Месціцца за 10 км на паўднёвы ўсход ад горада Беразіно, за 111 км ад Мінска.
Вёска
Капланцы
| ||||||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьРанняя гісторыя. Вялікае Княства Літоўскае
правіцьГэтыя землі былі заселены ў старажытнасці, пра што сведчаць курганны могільнік (цяпер 5 насыпаў) за 0,5 км ад паўднёвай ускраіны вёскі і гарадзішча за 0,2 км па паўднёвы ўсход ад вёскі[3].
Маёнтак Капланцы паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1596 года, калі ён уваходзіў у склад Аршанскага павета[4]. У 1670 годзе згадваецца як фальварак у Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага[5]. У канцы XVIII стагоддзя вёска і маёнтак у валоданні віленскага капітула[6]. У 1788 годзе на месцы старой драўлянай царквы, якая згарэла ў 1771 годзе, была пабудавана прыходская царква імя Пакрова Прасвятой Багародзіцы (разабрана ў 1940-я)[3].
Пад уладай Расійскай імперыі
правіцьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У 1800 годзе было сяло і гаспадарскі двор, драўляная ўніяцкая царква Пакрова Багародзіцы, плябанія, карчма, млын на рацэ Клява, сукнавальня, памешчыцкая ўласнасць[3]. У XIX стагоддзі ўласнікам быў Сахараў[7].
9 сакавіка 1807 года на сродкі святара Сымона Аксінькевіча адкрыта Божынскае свецкае вучылішча для дзяцей бедныя дваран і грэка-уніяцкага духавенства. Паводле інвентароў 1845 года ў складзе маёнтка Капланцы (уладанне С. Ясенскага) уваходзілі фальварак і паселішча Божын, вёскі Мілашава, Елеанорава, Ядліна, да маёнтка Капланцы 2 адносіліся хутар і вёска Валоўніца (разам 792 жыхары, 105 цяглых двароў, 5 агароднікаў). У карыстанні сялян былі 144 валы, 197 кароў, 438 свіней, памешчыку належала 950 дзесяцін пашы, 2 хлебазапасныя магазіны.
Пасля 1861 года ў Пагосцкай воласці Ігуменскага павета. У 1884 годзе адкрыта перасоўная царкоўна-прыходская школа (у 1890 годзе вучыліся 23 хлопчыкі). Паводле перапісу 1897 года ў сяле была прыходская царква, прытулак, хлебазапасны магазін, піцейны дом, былі аднайменныя маёнтак і сядзіба[3].
У 1913 годзе маёнткам Капланцы валодала Вольга Васілеўская, дачка папярэдняга ўладальніка генерал-маёра Сахарава[8], было 625 дзесяцін зямлі[9].
- Капланцы на здымках Вячаслава Косткі, 1905 г.
-
Селянін з дачкой у святочных строях
-
Мужчына з віламі для гною
-
Сляпы жабрак з лірай і паважатымі
-
Лоўля рыбы сеткай
Найноўшы час
правіцьЗ канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з лютага 1919 года — у Савецкай Расіі, у складзе Магілёўскага павета Гомельскай губерні. За часамі савецка-польскай вайны ў Капланцах месціўся штаб дывізіі Чырвонай Арміі і шпіталь[10]. У ліпені 1920 года ў баях каля вёскі загінулі 25 чырвонаармейцаў (пахаваны на могілках)[10].
З 10 жніўня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1923 годзе ў нацыяналізаваным маёнтку створана садова-агранамічная гаспадарка, 24 верасня 1924 года закладзена сельскагаспадарчае кааператыўнае таварыства. З 20 жніўня 1924 года вёска — цэнтра Капланецкага сельсавета Бярэзінскага раёна Барысаўскай, з 9 чэрвеня 1927 года да 26 чэрвеня 1930 года Менскай акруг. У канцы 1920-х гадоў на базе царкоўна-прыходскай школы была створана 4-гадовая школа, якая месцілася ў будынку, пабудаваным на сродкі вяскоўцаў у 1902 годзе[10].
У 1930 годзе праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгас «Пераможац», у 1936 годзе пабудавана грамадская лазня. З 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. У 1942 годзе акупацыйная адміністрацыя расстраляла 5 вяскоўцаў. У красавіку 1943 і чэрвені 1944 гадоў вёска часткова спальвалася ў ходзе карных аперацый[3]. Пасля вайны вёска адноўлена.
З 20 верасня 1944 года ў Мінскай вобласці. З 25 снежня 1962 года ў Чэрвеньскім раёне, з 6 студзеня 1965 года зноў у Бярэзінскім раёне. У 1969 годзе 8-гадовая школа пераўтворана ў сярэднюю[10].
Насельніцтва
правіць- 1800 год — 79 двароў, 520 жыхароў
- 1858 год — 436 жыхароў
- 1866 год — 66 двароў
- 1885 год — 62 двары, 560 жыхароў
- 1897 год — сяло, 111 двароў, 763 жыхары; маёнтак, 3 двары, 24 жыхары; сядзіба, 2 двары, 22 жыхары
- 1908 год — 147 двароў, 977 жыхароў[11]
- 1917 год — сяло, 150 двароў, 863 жыхары (841 беларус, 22 яўрэі); маёнтак, 1 двор, 57 жыхароў (усе беларусы)[12]
- 1926 год — вёска, 180 двароў, 967 жыхароў; маёнтак, 22 двары, 82 жыхары[10]
- 1960 год — 711 жыхароў[10]
- 1997 год — 346 жыхароў, 168 двароў[2]
- 2009 год — 306 жыхароў[13]
- 2019 год — 260 жыхароў
Славутасці
правіць- Драўляныя крыжы на могілках.
- Сакральная ліпа каля вёскі[14][15].
- Гарадзішча жалезнага веку і ранняга феадалізму[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613В000056
Мемарыялы
правіцьВядомыя асобы
правіць- Аляксандр Уладзіміравіч Грыбко (1959—2022) — беларускі географ, спецыяліст у галіне геамарфалогіі і палеагеаграфіі.
- Мікола Равенскі (1886—1953) — беларускі кампазітар, дырыжор, музычны крытык.
- Сямён Адамавіч Яроцкі (1903—1968) — адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Магілёўскай і Брэсцкай абласцей ў гады Вялікай Айчыннай вайны
Крыніцы
правіць- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ а б в г д БелЭн 1999.
- ↑ а б в г д ГВБ 2010, с. 274.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — 244, [3] с., іл. с. — ISBN 978-985-508-060-3. С. 214.
- ↑ LVIA, f. 11, ap. 1, b. 747
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 2 / [складзены і падрыхтаваны да друку ў 2012 г. ; спецыяльны змест распрацавалі: Я. К. Анішчанка і інш.]. — 1 атлас (347, [4] с.) : каляр., карты, тэкст, іл., паказальнік с. — ISBN 978-985-508-245-4. С. 242.
- ↑ Дапаможнік . helper.archonline.by. Праверана 5 лютага 2025.
- ↑ Списокъ землевладѣльцевъ Минской губерніи 1903, с. 4.
- ↑ Nad Świsłoczą 1914, s. 103.
- ↑ а б в г д е ГВБ 2010, с. 275.
- ↑ Ярмоловичъ В. 1909, с. 81.
- ↑ Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) 1924, с. 108.
- ↑ Belarus . pop-stat.mashke.org. Праверана 5 лютага 2025.
- ↑ Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — 592 с.: іл. — 3 000 экз. — ISBN 985-01-0473-2.
- ↑ В. Костко. Цѣлебныя деревья въ Бѣлоруссіи. — 1906. — 718 с.
Літаратура
правіць- Капланцы // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 1 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. — С. 274—275. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0520-1.
- Капла́нцы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 28. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Минская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2009. — С. 21. — 60 с. — 20 000 экз. — ISBN 978-985-508-174-7. (руск.)
- Приложеніе. Списокъ землевладѣльцевъ Минской губерніи, владѣющихъ 500 десятин. земли и болѣе // Памятная книжка Минской губерніи на 1904 г.. — Минскъ: Изданіе Минскаго губернскаго статистическаго комитета, 1903.
- Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) / Центральное Статистическое Бюро Б.С.С.Р.. — Минск: Белтрестпечать, 1924.
- Ярмоловичъ В. С. Списокъ населенныхъ мѣстъ Минской губерніи. — Минскъ: Изданіе Минскаго Губернскаго Статистическаго Комитета, 1909. — 231 с.
- Kapłańce // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy (польск.). — Warszawa, 1882. — S. 825.
- Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi // Nad Świsłoczą : kalendarz miński informacyjny na rok 1914 / pod redakcją W. Dworzaczka. — Wilno: Znicz, 1914. — 130 S.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Капланцы