Кастусь Мардар’евіч Гадыцкі-Цвірка
Кастусь Мардар’евіч Гадыцкі-Цвірка (5 (17) красавіка 1880, Мінск — пасля 1931; Псеўданім: Габрыэль Эмга) — беларускі педагог, публіцыст.
Кастусь Мардар’евіч Гадыцкі-Цвірка | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 5 (17) красавіка 1880 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | не раней за 1931 |
Грамадзянства | |
Альма-матар |
|
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | публіцыст |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьСкончыў Мінскую класічную гімназію (1898), у 1903 — фізіка-матэматычнае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта. У 1903—1923 выкладчык Слуцкай гімназіі, Дзвінскага і Мінскага рэальных вучылішчаў, Мінскага настаўніцкага інстытута (з 1920 Мінскі інстытут народнай адукацыі), Мінскіх педагагічнага і політэхнічнага тэхнікумаў, рабфака БДУ.
Удзельнік 1-га Усебеларускага з’езда (снежань 1917, Мінск). У чэрвені 1918 член камісіі БНР па арганізацыі Беларускага ўніверсітэта; у кастрычніку 1918 увайшоў у Беларускі вучыцельскі саюз.
У канцы сакавіка 1919 года К. Цвірка-Гадыцкі з’яўляецца ў Варшаве, дзе складае на імя польскага прэм’ер-міністра І. Падарэўскага адозву з рэзалюцыяй нібыта праведзенага Беларускага краёвага з’езда, у якой сцвярджалася, што «існаванне самастойнай Беларускай дзяржавы немагчыма», таму Беларусь «у сваіх этнаграфічных межах» павінна была ўвайсці ў «сціслы звязак з Польскай Рэччу Паспалітай». Калі звесткі пра гэта дайшлі да Гародні, В. Захарка ў ноце ад імя Рады міністраў БНР апратэставаў заяву «беларускай» дэлегацыі. Калі ж К. Цвірка-Гадыцкі зноў з’явіўся ў горадзе, на загад К. Езавітава ён быў арыштаваны і адпраўлены ў мясцовую турму. Улічваючы палітычны рэзананс, польскі камісар у Гародні С. Іваноўскі, які і з’яўляўся арганізатарам адпраўкі дэлегацыі ў Варшаву, атрымаў ад Генеральнага штаба загад выпусціць К. Цвірку-Гадыцкага на волю. Калі вязня пад вартай эскадрона беларускіх гусар везлі з турмы на чыгуначны вакзал, на іх напаў атрад «Польскай арганізацыі вайсковай». Завязалася кароткая перастрэлка, падчас якой быў забіты адзін з нападнікаў. Аднак адбіць К. Цвірку-Гадыцкага не атрымалася.
Друкаваўся ў 1919 у мінскай газеце «Звон». У 1920 ад Інстытута народнай адукацыі абраны ў склад Мінскай камісіі па ўтварэнні БДУ. Выкладаў у БДУ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання «Беларускай навуковай тэрміналогіі» («Элементарная матэматыка», 1922; «Слоўнік матэматычнай тэрміналогіі», 1927).
У снежні 1931 па абвінавачанні ў нацыянал-дэмакратызме выключаны з БДУ. Далейшы лёс невядомы.
Зноскі
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Чарнякевіч А. Нараджэнне беларускай Гародні: З гісторыі нацыянальнага руху 1909—1939 гадоў. — Мн., 2015. С. 55-56.