Кацярына Віктараўна Андрэйчык
Кацярына Віктараўна Андрэйчык (нар. 24 лістапада 1987, г. Наваполацк, Віцебская вобласць) — беларускі навуковец, краязнавец, кандыдат гістарычных навук.
Кацярына Віктараўна Андрэйчык | |
---|---|
Дата нараджэння | 24 лістапада 1987 (37 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | вучоная, выкладчыца ўніверсітэта |
Навуковая сфера | гісторыя |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат гістарычных навук (2020) |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Дзяніс Уладзіміравіч Дук |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфічныя звесткі
правіцьНарадзілася ў Наваполацку ў 1987 годзе. Скончыла ў 2010 годзе гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Гісторыя». У 2012 годзе там жа пад навуковым кіраўніцтвам Уладзіміра Лобача абараніла магістарскую дысертацыю па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя» на тэму «Традыцыйная каляндарная абрадавасць беларусаў канца ХІХ — пачатку ХХІ стагоддзяў: сацыякультурны і выхаваўча-педагагічны аспект». У 2012 годзе паступіла ў аспірантуру кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.
У 2009 годзе прайшла прафесійную атэстацыю экскурсавода ў Нацыянальным агентстве па турызме Рэспублікі Беларусь, з таго часу з’яўляецца экскурсаводам, спецыялізуючысь у асноўным на Полацку, Браславе і Паўночнай Беларусі. Неаднаразова праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, Полацкім дзяржаўным універсітэце, Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава і інш.
Дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя» абараніла 8 снежня 2020 года ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова пад навуковым кіраўніцтвам Дзяніса Дука. Тэма дысертацыі: «Дзейнасць органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь па ахове матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей (1991—2006 гг.)».
З 2010 па 2021 гады з’яўлялася выкладчыкам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, працуючы пераважна са студэнтамі спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць»: у розны час была выкладчыкам кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання, выкладчыкам кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, выкладчыкам кафедры фізічнай культуры, спорту і турызму, выкладчыкам кафедры турызму і гасціннасці. З 2011 года таксама выкладала на курсах экскурсаводаў у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 2014 па 2021 гады з’яўлялася старшым выкладчыкам кафедры гісторыі і турызму гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
З 2021 года займае пасаду начальніка аддзела навукі Дзяржаўнай установы «Нацыянальны парк „Браслаўскія азёры“».
Навуковая дзейнасць
правіцьЗаймаецца даследаваннем праблем абыходжання з гісторыка-культурнай спадчынай у гістарычнай рэтраспектыве ХХ-ХХІ стагоддзяў, праблем айчыннай гісторыі дзяржавы і права найноўшага часу, даследаваннем пытанняў гісторыі, тэорыі і практыкі турызму і экскурсій, пытаннямі лакальнай гісторыі і гістарычнага краязнаўства Беларускага Паазер’я, вывучэннем палітыкі памяці і гісторыі дзейнасці дзяржаўных органаў у сферы аховы, аднаўлення і выкарыстання матэрыяльнай нерухомай спадчыны, мемарыялізацыі гістарычных падзей і мясцін і інш.