Каян (даякі)
Кая́н (саманазва Kaum Kayan) — даякскі народ, карэнныя насельнікі Калімантана. Жывуць пераважна ў малайзійскім штаце Саравак. Агульная колькасць (2010 г.) — 30 000 чалавек.
Каян (Kaum Kayan) | |
Агульная колькасць | 30000 (2010 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Малайзія |
Мова | каян-мурыкская |
Рэлігія | політэізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | кеньях |
Каян звычайна далучаюць да груп даякаў, што жывуць ва ўнутраных раёнах Саравака. Іх назва паходзіць ад наймення ракі на тэрыторыі інданезійскага Калімантана, адкуль яны згодна вуснай гісторыі перасяліліся на поўнач у XVII ст. на землі даякскага народа мурык, які ў выніку асімілявалі. Адна з груп каян прыняла іслам і стварыла султанат Булунган (1731 — 1947 гг.) на паўночна-усходнім узбярэжжы вострава. Іх нашчадкі завуцца булунганскімі малайцамі. Тыя каян, што захавалі папярэдні лад жыцця, у 1860-х гг. згубілі частку тэрыторый пад ціскам ібан.
Каян здаўна займаюцца падсечным земляробствам, вырошчваюць рыс, кукурузу, клубневыя культуры, тытунь. Трымаюць курэй, свінняў, коз, сабак. Важную ролю ў забеспячэнні харчам адыгрывае рыбалоўства. Рыбу здабываюць з дапамогай атручэння вадаёмаў. Палююць з дапамогай сабак і духавых трубак. Распаўсюджаныя традыцыйныя рамёствы: апрацоўка металаў і драўніны, выраб халоднай зброі і лодак.
Вёскі каян даволі населеныя, могуць умяшчаць болей за 1000 жыхароў, таму звычайна складаюцца з некалькіх доўгіх шматпакаёвых хацін, кожная з якіх цягнецца да 300 м. Вёска з навакольнымі тэрыторыямі ўяўляе сабою самастойнае палітычнае фарміраванне. У мінулым падчас войнаў некалькі вёсак стваралі саюзы, прычым каян заключалі дамовы не толькі з вёскамі супляменнікаў, але і іншых даякаў, пераважна з кеньях.
Грамадства моцна стратыфікавана. Вылучаецца пласт арыстакратаў хапой, з ліку якіх паходзяць старасты вёсак і ваенныя правадыры. Сярэдняе месца займаюць простыя абшчыннікі. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаяць рабы — нашчадкі ваеннапалонных. Апошнія не маюць права на зямлю, таму працуюць на надзелах арыстакратаў або вядуць сваю гаспадарку ад іх імя. Дапамогу правадырам павінны аказваць і простыя абшчыннікі. Многія арыстакраты маюць некалькі жонак, хаця першая жонка, чые дзеці ўспадкоўваюць высокі сацыяльны статус, павінна быць з арыстакратычнай сям'і. Адлік сваяцтва вядзецца як па мужчынскай, так і жаночай лініях.
Фальклор адметны вуснымі паданнямі, песнямі і гісторыямі. Эпічныя паданні прадстаўлены цыклам песень тэкна́.
Спасылкі правіць
Каян (даякі) на Вікісховішчы |
- Kenyah—Kayan—Kajang
- The Kayanic Arts of Borneo
- Roselind Wan, Sumathi Renganathan and Inge Kral Tekná – a vanishing oral tradition among the Kayan people of Sarawak, Malaysian Borneo
- BERNARD SELLATO THE OTHER TIGER: HISTORY, BELIEFS, AND RITUALS IN BORNEO Архівавана 22 ліпеня 2023.
- Reed L. Wadley Kayan Religion: Ritual Life and Religious Reform in Central Borneo, by Jérôme Rousseau