Ібан (саманазва Iban), або марскія даякі (англ.: Sea Dayaks) — аўстранезійскі народ, карэнныя насельнікі Калімантана. Жывуць пераважна на малайскай частцы вострава, на поўдні Брунея, а таксама ў Інданезіі. Агульная колькасць (2023 г.) — 797 000 чал.[1]

Ібан
(Iban)
Агульная колькасць 797 000 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання  Малайзія — 761000

 Інданезія — 20000
 Бруней — 16000

Мова ібан
Рэлігія політэізм, хрысціянства, іслам
Блізкія этнічныя групы малайцы, бетаві, банджарцы

Паходжанне правіць

Ібан — нашчадкі аўстранезійцаў, якія перасяліліся на Калімантан каля 4 — 3 тысяч гадоў таму. Генетычна і моўна яны блізкія да іншых аўстранезійскіх народаў Малайскага архіпелага[2]. Першапачаткова яны фарміраваліся як моўна-культурная супольнасць у вярхоўях ракі Капуас, адкуль у другой палове XVII ст. пачалі перасяляцца на тэрыторыю сучаснага Саравака. Назва марскія даякі была дадзена ім Джэймсам Брукам, паколькі яны часцяком рабілі напады на лодках. Назва ібан з'явілася ў пачатку XX ст. у брытанскіх каланіяльных дакументах. Яе этымалогія не вядома. Самі ібан доўгі час называлі сябе па найменню рэк, уздоўж якіх сяліліся. Ібан была прынята імі ў якасці саманазвы толькі пасля II Сусветнай вайны.

Культура правіць

Асноўным гаспадарчым заняткам ібан здаўна было падсечнае земляробства. Яны вырошчалі некалькі сартоў рысу, а таксама клубневыя расліны, бананы, гарбузовыя і г. д. Калі навакольныя глебы гублялі ўрадлівасць, абшчыннікі шукалі новае месца для заснавання паселішча. З пункту гледжання эканомікі, жывёлагадоўля мела другараднае значэнне. Ібан трымалі свінняў, курэй і буйвалаў. Аднак свойскія жывёлы і яйкі складалі важную частку ахвярапрынашэнняў. Абавязковы характар мелі збіральніцтва і рыбалоўства. Рыба — асноўная крыніца жывёльных пратэінаў. Ібан выпрацавалі дастаткова складаныя формы рыбалкі, падчас якой карысталіся пасткамі, сеткамі і дзідамі. Распаўсюджана жаночае ткацтва на самаробных станках з задняй папружкай.

У мінулым ібан жылі ў каркасных «доўгіх дамах». Кожны такі дом умяшчаў усіх жыхароў паселішча, але для кожнай нуклеарнай сям'і знутры вылучаўся свой закуток білік. Цэнтральнае месца ў «доўгім доме» займалі сем'і заснавальнікаў. Сярод ібан не было сацыяльнай роўнасці. Вылучаўся вышэйшы пласт раджа берані, простых абшчыннікаў менсія сарыбу і рабоў улун. З ліку раджа берані высоўваліся вясковыя правадыры туай рума. Вышэй за іх стаялі рэгіянальныя правадыры пэнгулу і галоўны правадыр тэмэнгонг. Фармальна ўся абшчына валодала навакольнымі тэрыторыямі, аднак сем'і самі клапаціліся пра рашчыстку палеткаў ад лесу, а таму лічыліся іх уладальнікамі. З пачатку XX ст. распаўсюдзілася прыватная маёмасць на зямлю. Некаторыя сучасныя сем'і аддаюць перавагу жыццю ў асобных хацінах.

Ібан звычайна не бяруць шлюб у сваім паселішчы. Часам пошукі мужа або жонкі скончваюцца ў аддаленых паселішчах. Дзякуючы гэтаму ібан стварылі разгалінаваную сістэму сваяцтва, якая ў адсутнасці адзінай сацыяльна-палітычнай арганізацыі гуртавала народ. Шлюбу папярэднічае дамова паміж бацькамі маладых. Пасля шлюбу існуе роўны шанц, што муж пераселіцца ў сям'ю жонкі, або жонка — у сям'ю мужа. Адлік сваяцтва вядзецца адначасова па мужчынскай і жаночай лініях. Важную ролю ў сям'і адыгрываюць дзядулі і бабулі, якія клапацяцца пра малых дзяцей, калі бацькі на працы. Хлопцы-падлеткі традыцыйна зыходзяць у працяглую вандроўку на некалькі месяцаў або нават гадоў, каб здабыць трафеі. У мінулым юнакі стваралі атрады, што займаліся пірацтвам або паляваннем за галавамі ворагаў. Толькі пасля вяртання яны могуць лічыцца мужчынамі. Дзеці маюць роўныя правы на спадчыну. Аднак тыя, хто назаўсёды пакідае свой родны дом, абмяжоўваецца невялікай часткай рухомай маёмасці.

Ібан — выдатныя ткачы і рэзчыкі. Народны фальклор уключае некалькі змястоўных эпічных паданняў, шмат песень. Іх складальнікамі былі прафесійныя спевакі лемамбанг, што часцяком належалі да раджа берані.

Мова правіць

Родная мова ібан належыць да малайска-палінезійскай групы аўстранезійскіх моў, вельмі блізкая да малайскіх дыялектаў Калімантана. Запісы робяцца часцей лацінскімі літарамі, радзей — пісьмом дунгінг, распрацаваным ў мінулым стагоддзі ібанскім настаўнікам Дунгінгам Анакам Гунгу. Мова ібан выкладаецца ў школах, выкарыстоўваецца ў літаратуры і СМІ.

Рэлігія правіць

Частка вернікаў спавядае хрысціянства і іслам, але большасць ібан падтрымлівае традыцыйную рэлігію. Яна з'яўляецца прадуктам цэласнага падыходу, пры якім увага надаецца ўсім падзеям жыцця. Ібан вераць у шматлікіх багоў, якія нібы насяляюць аддаленную краіну Пангау-Лібау, але актыўна ўздзейнічаюць на чалавека. Дзякуючы рытуалам і ахвярапрынашэнням можна дабіцца іх добразычлівасці. Перадатчыкамі волі багоў лічацца птушкі. Злыя сілы ўвасоблены ў вобразах духаў, што прыносяць няшчасці. Рытуалы ўмоўна падзяляюцца на лекавыя, ваенныя, прысвечаныя ўраджаю і мёртвым. Духоўным жыццём распараджаюцца спевакі дунінг, што абавязкова прысутнічаюць на ўсіх рэлігійных святах, прадказальнікі туай буронг і лекары мананг.

Зноскі

Спасылкі правіць