Копці (род)
Копці — шляхецкі род герба «Крое III», адмена «Ролі».
Паходзілі са смаленскага баярства. Родапачынальнік Васіль Копаць служыў «рускім» пісарам каралю Казіміру ў 1447—1453 гадах. Васіль Копаць разам з братам Іванам Копцем мелі дзедзічныя маёнткі Рослаўскае і Аргошчынскае. Кароль Казімір даў ім Шумяцічы ў Смаленскім павеце. Названыя ўладанні пацверджаны ў 1501 годзе вял. кн. Аляксандрам баярыну Сідару Васілевічу. У XV ст. род падзяліўся на смаленскую і віцебскую лініі. Сыны Івана Копця — Васіль Іванавіч, згаданы ў 1511 годзе як дваранін каралеўскі, Юрый і Міхаіл, атрымалі ад караля Жыгімонта Старога 30 людзей і 8 пустых селішч у Браслаўскім павеце. Міхаіл Копаць са смаленскіх уладанняў у 1509 годзе ставіў на Попіс 3 «коней», у 1528 — 38 «коней».
Вядомыя прадстаўнікі
правіць- Сідар Васілевіч (Копаць Васілевіч; ? — 1531), сын Васіля Іванавіча. З 1506 служыў у велікакняжацкай канцылярыі Аляксандра і Жыгімонта Старога як «рускі» пісар, у 1524 — у канцылярыі каралевы Боны Сфорца, з 1520 года адначасова маршалак гаспадарскі; намеснік жыжмарскі ў 1510, перавальскі ў 1516, дзяржаўца медніцкі ў 1527, потым дарсунішскі.
- Богуш (? — 1611), сын Барыса. Ротмістр каралеўскі ў 1564 годзе, браслаўскі пісар земскі ў 1578, паборца ў 1580, падкаморы ў 1590, маршалак у 1597.
- Лукаш Васілевіч (? — 1621), берасцейскі падкаморы ў 1612, кашталян з 1615.
- Васіль Васілевіч (? — люты 1636), падкаморы берасцейскі, з 1626 кашталян новагародскі.
- Ян Караль (? — 1 мая 1681), сын Васіля Васілевіча. Староста берасцейскі ў 1652—65 і 1670—80, чашнік вялікі літоўскі ў 1656—58, падстолі вялікі літоўскі ў 1658, ваявода полацкі з 1658.
- Аляксандр (? — 1643), сын Лукаша. Кашталян берасцейскі ў 1643—51, у 1648 годзе браў удзел у элекцыі караля Яна Казіміра.
- Юзаф (1762—1827), удзельнік вызваленчага руху на Беларусі і ў Польшчы, падарожнік, мемуарыст.
Літаратура
правіць- Копаць М. Генеалогія роду Копацяў герба «Кроі» // Браслаўскія чытанні. Матэрыялы VІ-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 150-й гадавіне з дня нараджэння браслаўскага лекара, грамадскага дзеяча Станіслава Нарбута (1853—1926). 7—8 мая 2003 г. Браслаў, 2003.
Спасылкі
правіць- Копці (род) на сайце Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»