Ко́раваі, або ко́луфа (індан.: Suku Korowai) — папуаскі народ на паўднёвым усходзе інданезійскай правінцыі Папуа. Агульная колькасць (2022 г.) — 4 400 чал.[1]

Кораваі
(Korowai)
Агульная колькасць 4400 (2022)
Рэгіёны пражывання Правінцыя Папуа, Інданезія
Мова кораваі
Рэлігія магія, анімізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы

Кораваі жывуць у ізаляванай лясістай мясцовасці. Першы кантакт з еўрапейцамі адбыўся толькі ў 1974 г. Галоўныя заняткі — вандроўнае паляванне і збіральніцтва. Каля часовых паселішчаў займаюцца прымітыўным земляробствам. Вырошчваюць клубневыя, тытунь і бананы. Важную ролю ў сілкаванні і культуры паўсядзённага жыцця адыгрывае сагавая пальма.

Падзяляюцца на адносна невялікія родавыя групы, якія займаюць пэўную тэрыторыю. У 1992 г. улады Інданезіі афіцыйна зарэгістравалі два паселішчы Янірума і Мангел, раней створаныя для кораваі хрысціянскімі місіянерамі. У мінулым сталых паселішчаў не было. Кораваі часцяком станавіліся ахвярамі паляўнічых за галавамі — прадстаўнікоў суседніх народаў. Аснова грамадства — малая нуклеарная сям'я, аднак захоўваюцца шчыльныя адносіны з бліжэйшымі сваякамі. Распаўсюджана палігінія. Правадырамі становяцца найбольш паважаныя мужчыны.

Хаціна на дрэве

Кораваі вядомы звычаем будаваць хаціны на дрэвах, часам на вышыні да 45 м. У адной хаціне жыве да 15 чалавек. Знутры ладзяцца агмень і спальныя месцы.

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні заснаваны на ўяўленні аб шматлікіх духах мболамболап, якія быццам бы насяляюць навакольную прастору. Пасля смерці дух чалавека спускаецца ў свет мёртвых, дзе сустракае продкаў, але з цягам часу можа вяртацца і ўвасабляцца ў новых чальцах сям’і. Шанаванне духаў продкаў — важны элемент рэлігійнай культуры. Лічыцца, што злыя духі лале́а выклікаюць хваробы, смерць і няўдачы. Кораваі таксама вераць у магію. З ёю звязаны рытуальны канібалізм, які шырока практыкаваўся да кантактаў з цывілізацыяй.

Мова кораваі адносіцца да транс-навагвінейскай сям’і папуаскіх моў. Падзяляецца на 3 дыялекты.

Зноскі

Спасылкі правіць