Кузьма Нікадзімавіч Бабкоў

Кузьма Нікадзімавіч Бабкоў (12 кастрычніка 1910, в. Скакаўшчына Горацкага павета — 7 чэрвеня 1982 года, п. Клёнаўка Амросіеўскага раёна) — дырэктар саўгаса «Ціміразеўскі» Данецкай вобласці, Герой Сацыялістычнай Працы.

Кузьма Нікадзімавіч Бабкоў
Род дзейнасці ваенны
Дата нараджэння 1910
Месца нараджэння
Дата смерці 7 чэрвеня 1982(1982-06-07)
Месца смерці
Партыя
Узнагароды і прэміі
Герой Сацыялістычнай Працы
ордэн Леніна ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Чырвонай Зоркі

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся ў вёсцы Скакаўшчына ў сялянскай сям’і. Гэта вёска ў 1978 годзе рашэннем Горацкага райвыканкама скасавана. Пасля заканчэння сямігодкі ў в. Леніна Горацкага раёна паехаў у г. Макееўку, дзе старэйшы брат працаваў геадэзістам. Там паступіў у Макееўскі сельскагаспадарчы тэхнікум (цяпер гэта Аграрны тэхнікум пры Данецкай аграрнай акадэміі), які з адзнакай скончыў і атрымаў спецыяльнасць «аграном збожжавай гаспадаркі». Пачаў працаваць аграномам у саўгасе «Металіст» Амвросіеўскага раёна Сталінскай (зараз Данецкай) вобласці, а затым — галоўным аграномам гэтага саўгаса.

Удзел у Вялікай Айчыннай вайнеПравіць

28 жніўні 1941 года быў прызваны на фронт. Як камадзір танкавага ўзвода 103-й (87-й) танкавай брыгады, 2-ой танкавай арміі, ваяваў на Цэнтральным фронце. Быў цяжка паранены 11 жніўня 1943 года пад вёскай Дудзінка Арлоўскай вобласці. Пасля шпіталя ён зноў на фронце. У 1944 годзе — старшы лейтэнант, камандзір узвода 1-га танкавага батальёна 30-й гвардзейскай асобнай танкавай брыгады. Вызначыўся падчас Выбаргскай наступальнай аперацыі на Ленінградскім фронце і быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

На сайце «Памяць народа» апублікаваны ўзнагародны ліст, з якога бачна, што у час боя каля населеннага пункта Парлампі, узвод пад яго камандай захапіў тры танка праціўніка і пры руху далей, камандзір выходзіў з танка «…ішоў наперадзе пад моцным агнём праціўніка, паказваючы правільныя шляхі і напрамкі»[1].

Разам са сваёй дывізіяй удзельнічаў у вызваленні Польшчы, дайшоў да Германіі, дзе ўдзельнічаў у вызваленні партовага горада Ростак, у якім і сустрэў Перамогу.

Праца ў паслеваенны часПравіць

Пасля перамогі вярнуўся ў родны саўгас «Металіст» Амвросіеўскага раёна і неўзабаве, па накірунку трэста, быў пераведзены ў свінасаўгас № 2 (пазней саўгас «Ціміразеўскі»), дзе быў прызначаны дырэктарам.

Ветэраны саўгаса ўспаміналі, што К. Н. Бабкоў быў чалавек-наватар. Менавіта па яго ініцыятыве вясной 1947 года, каб у агратэхнічныя тэрміны справіцца з пасевам ранніх збожжавых, была арганізавана сяўба ў начны час, для чаго на пасяўных агрэгатах усталявалі дадатковае асвятленне магутнымі пражэктарамі і пераноснымі электралямпамі, якія працавалі за кошт устаноўленых электрагенератараў у кабінах трактароў. А ў свінагадоўлі сталі ўжываць тэхналогію сухога кармлення. Па яе прымяненню гаспадарка была другой ва Украіне пасля свінагадоўчага саўгаса «Чырвонаармеец» Палтаўскай вобласці.

У 1958 годзе дырэктар прапанаваў выпрабаваць арашэнне прымітыўным спосабам — пусціць ваду па бараздах пасеваў, і гэта дало добрыя вынікі ў атрыманні высокага ўраджаю. Тады гэта называлі «малым арашэннем». Аб сваім вопыце К. Н. Бабкоў у 1960 годзе дакладваў на пленуме ЦК КП Украіны. У выніку саўгасу была аказана дапамога ў будаўніцтве арашальнай сістэмы. У 1963 годзе ён абагульніў вопыт кіравання гаспадаркай ў брашюры «От рубежа к рубежу», якая была выдадзена ў Данецку.

Клапаціўся К. Н. Бабкоў і аб сацыяльнай сферы. Менавіта пры ім быў пабудаваны ў пасёлку Клёнаўка будынак школы, Дома культуры, дзіцячага садка, гандлёвага цэнтра, шмат вытворчых аб’ектаў. У 1968 годзе саўгас «Ціміразеўскі» ўдзельнічаў ва Усесаюзным конкурсе на лепшы саўгасны пасёлак цэнтральнай сядзібы па планіроўцы, азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі і быў удастоены дыплома другой ступені.

У 1966 годзе па ітогах шматгадовай працы Кузьму Нікадзімавічу Бабкову было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Да 1973 года К. Н. Бабкоў заставаўся нязменным кіраўніком саўгаса, а затым працягнуў працаваць у саўгасе аграномам, быў адказным спецыялістам па засцярозе глеб ад эрозіі і барацьбе з ёй. У гэты час саўгас стаў элітнай семянной гаспадаркай. Памёр 7 чэрвеня 1982 года.

ПрацыПравіць

  • От рубежа к рубежу — Донецк: 1963.

УзнагародыПравіць

  • Залатая Зоркі Героя Сацыялістычнай працы
  • два ордэна Леніна (1958; 1966)
  • ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971)
  • ордэн Чырвонай Зоркі (1944)
  • тры медалі «За працоўную доблесць» (1950; 1959; 1960)
  • Ганаровая грамата Вярхоўнага савета Украінскай ССР
  • медалі СССР
  • медалі УВДНГ

Зноскі

  1. Сайт «Память народа». Наградной лист на К. Н. Бобкова https://pamyat-naroda.ru/heroes/podvig-chelovek_nagrazhdenie31380044/

ЛітаратураПравіць

  • Памяць. Краязнаўца Уладзімір Ліўшыц адшукаў яшчэ аднаго Героя Сацыялістычнай Працы з Горацкага раёна // газета «Узгорак». 7 мая 2020.

СпасылкіПравіць

  На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.