Кузьмічы (возера)

Кузьмічы́ — возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці ў басейне ракі Страча, за 13 км у напрамку на паўночны захад ад горада Мядзел, каля вёскі Кузьмічы.

Кузьмічы
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 194,3[1] м
Даўжыня 1,57 км
Шырыня 0,67 км
Плошча 0,69 км²
Аб’ём 0,00165 км³
Даўжыня берагавой лініі 4,01 км
Найбольшая глыбіня 3,4 м
Сярэдняя глыбіня 2.4 м
Гідралогія
Салёнасць 0.24 ‰
Празрыстасць 0.9 м
Басейн
Плошча вадазбору 11 км²
Упадаюць Рака Сермеж
Выцякаюць Рака Сермеж
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Рэгіён Мінская вобласць
Кузьмічы (Беларусь)
Кузьмічы
Кузьмічы
Кузьмічы (Мінская вобласць)
Кузьмічы
Кузьмічы
Map
 
Возера Сермеж (Сірмеж) і рака Сермеж (Сірмеж) на карце 1865—1874 гг.

Азёрная назва «Кузьмічы» пазнейшага паходжання, ад позняй назвы вёскі на беразе гэтага возера.

Адпачатная назва возера такая ж, як і назва ракі, што з яго выцякае, — Сермеж (фіксуецца таксама «Сірмеж»).

Назва ракі Сермеж таксама з цягам часу была замглёная больш познімі назвамі «Малінаўка» (назва ракі ў верхнім цячэнні) і «Вялікі Перакоп» (у ніжнім цячэнні), але нагадка пра адпачатную назву ракі — назвы паселішчаў Сырмеж і Малая Сырмеж на яе берагах.

Пярвейшая — назва ракі, ад якой назва возера.

Найбліжэйшы гідранімічны аналаг — літоўская рачная назва Serma(s), што лічыцца вельмі архаічнай. Да індаеўрапейскага *sermo- «рака, плынь» і карацейшага *ser- «цячы»[2][3], ад якога таксама назва дзвінскай ракі Сар’я (< *Sarija). Таксама рачная назва на прыпяцкім правабярэжжы Цэрэм / Сарэмскі, адпачатная форма якой таксама балцкае *Serm-[4].

Корань пашыраны такім самым пашыральнікам, як у назве літоўскай падвіленскай ракі Nemėža[5] (корань *Nem- з семантыкай звілістасці, як у назве Нёман, Няміга). Гэты пашыральнік выкарыстоўваецца ў літоўскім слова- і назваўтварэнні, утвараючы вытворныя формы (varlė «жаба» — varlėža «жабка»)[6]. Фанетычна блізкі пашыральнік у назвах рэк Вяліжа, Буліжа (на захадзе Смаленшчыны), *Нясвіжа (ад яе тапонім Нясвіж).

Рачная назва *Sermėža значыла «Плыткая (рака)».

У рэгіёне, арыентаваным на Нарачанскія азёры, з поўначы на поўдзень, у Вілію, менш-больш паралельна адна адной цякуць тры ракі, назвы якіх ад кораня *ser-: *Serma, *Serva, *Sirinta (> Сермеж, Сэрвач, Страча). Паходжанне гэтых аднакарэнных старабалцкіх назваў можа быць аднесенае да часоў, калі пасля сыходу ледавіка ўзнікла водная структура Нарачанскага Паазер’я.

Гідраграфія

правіць

Плошча паверхні 0,69 км². Найбольшая глыбіня 3,4 м, сярэдняя 2,4 м. Даўжыня 1,57 км, найбольшая шырыня 0,67 км. Даўжыня берагавой лініі 4,01 км. Аб’ём вады 1,65 млн м³. Плошча вадазбору 11 км².

Катлавіна возера тэрмакарставага тыпу, выцягнутая ў напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны вышынёй 3—5 м, спадзістыя, парослыя хмызняком, месцамі разараныя. Берагі сплавінныя, на поўдні нізкія, забалочаныя, на ўсходзе і паўднёвым усходзе пад хмызняком. На паўночным захадзе пойма шырынёй 80—100 м. Дно плоскае, сапрапелістае. У паўночнай частцы востраў плошчай 0,2 га. Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Зарастае да глыбіні 1,7 м. Ва ўсходняй частцы ў возера ўпадае ручай. Праз возера цячэ рака Сермеж.

Крыніцы

правіць
  1. Ліст карты N-35-42. Выданне 1986 г. Стан мясцовасці на 1980 г. (руск.)
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 296.
  3. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 909—910.
  4. О. Н. Трубачев. Труды по этимологии: Слово. История. Культура. Т. 4. Москва, 2009. С. 593—594.
  5. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 227.
  6. P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 391.

Літаратура

правіць
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — С. 100. — 588 с., іл. — 10 000 экз.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. Ч.
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Минская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2009. — С. 7, 8. — 60 с. — 20 000 экз. — ISBN 978-985-508-174-7. (руск.)

Спасылкі

правіць