Куль (археалагічныя помнікі)
Куль — археалагічны помнік: стаянкі каля в. Свяціца (Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць). Знаходзяцца ва ўрочышчы Куль. У 2002 г. выявілі і даследавалі А. Г. Калечыц, В. Л. Лакіза, М. М. Чарняўскі.
Стаянка—1
правіцьЗнаходзіцца на ўсходнім краі ўрочышча. Памеры пляцоўкі 40х80 м. Даследавана 78 м2. Культурны пласт таўшчынёй да 0,45 м. Знойдзены адшчэпы, у т.л. пласціністыя, і іх фрагменты, пласціны, у т.л. рабрыстыя, і іх фрагменты, сколы падпраўкі нуклеусаў, лусачкі, пласціны са скошаным рэтушшу канцом, адшчэпы з рэтушшу, разцы розных тыпаў, скрабкі канцавыя на пласцінах, цёслы, вастрыё з рэтушаванай асновай. Стаянка датуецца VII—VI тыс. да н.э. і належыць кудлаеўскай культуры.
Стаянка—2
правіцьЗнаходзіцца за 0,2 км на паўночны захад ад стаянкі—1. Памеры пляцоўкі 40х60 м. Узвышаецца над балотам на 1,5 м. Даследавана 108 м2. Культурны пласт таўшчынёй да 0,5 м. Выяўлены 2 акруглыя ямы дыяметрам 1,46 м і 1,2 м, глыбінёй 0,3 і 0,36 м. Знойдзены крамянёвыя і каменныя вырабы, фрагменты ганчарнага посуду, астэалагічныя рэшткі; мезалітычныя прылады працы: скрабкі, разцы, праколкі, скрэблы, цёслы, нажы, геаметрычныя мікраліты, вастрыі, пласціны-ўкладышы. Датуецца VI—V тыс. да н.э. і належыць яніславіцкай культуры.
Стаянка—3
правіцьЗнаходзіцца на поўдні урочышча. Памеры пляцоўкі 50х90 м. Вышыня над балотам 1 м. Даследавана 118 м2. Культурны пласт таўшчынёй да 0,5 м. Знойдзены крамянёвыя і каменныя вырабы, фрагменты ганчарнага посуду, астэалагічныя рэшткі; прылады працы фінальнага палеаліту і мезаліту: наканечнікі стрэл, разцы, скрабкі, праколкі, рубячыя прылады, цёслы і інш. Склад знаходак дазваляе зрабіць выснову аб тым, што месца стаянкі было заселена двойчы. Першы раз стаянка засялялася фінальнапалеалітычным насельніцтвам свідэрскай культуры (канец IX — пачатак VIII-га тыс. да н.э.), другі раз — мезалітычным насельніцтвам яніславіцкай культуры (VI—V-га тыс. да н.э.).
Літаратура
правіць- Калечыц, А. Г., Лакіза, В. Л., Чарняўскі, М. М. Куль / А. Г. Калечыц, В. Л. Лакіза, М. М. Чарняўскі // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 481—482. — ISBN 978-985-11-0353-5.