Кэмпбел (астравы)

Астравы Кэмпбел (англ.: Campbell Islands) — архіпелаг на паўднёвым захадзе Ціхага акіяна. Уваходзіць у склад Новай Зеландыі. Агульная плошча — 113,31 км². Сталага насельніцтва няма.

Кэмпбел
англ. Campbell
Паўночнае ўзбярэжжа
Паўночнае ўзбярэжжа
Характарыстыкі
Найбуйнейшы востраўвостраў Кэмпбел 
Агульная плошча113,31 км²
Найвышэйшы пункт569 м
Насельніцтва0 чал.
Размяшчэнне
47°35′ пд. ш. 169°10′ у. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Кэмпбел (астравы) (Ціхі акіян)
Кэмпбел
Кэмпбел
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Астравы адкрыты ў 1810 г. аўстралійскімі паляўнічымі на ластаногіх і названы ў гонар суднаўладальніка іх карабля. Да 1830-ых гг. на востраве Кэмпбел спыняліся зверабоі і кітабоі, якія пабудавалі лагер Кука, рэшткі якога можна ўбачыць і ў нашы дні.

Навуковыя даследаванні пачаліся з 1840 г. У 1874 г. Кэмпбел наведала французская навуковая экспедыцыя.

У 18951931 гг. на астравах вялася сельскагаспадарчая дзейнасць. Тут утрымлівалі вялікі статак авечак. Аднак эканамічная дэпрэсія прывяла да праблем з транспартам і зрабіла жывёлагадоўлю стратнай.

У 1954 г. астравы Кэмпбел былі абвешчаны запаведнікам, а ў 1998 г. разам з іншымі новазеландскімі субантарктычнымі тэрыторыямі трапілі ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Геаграфія

правіць
 
Карта

Астравы Кэмпбел знаходзяцца прыкладна за 700 км на поўдзень ад Новай Зеландыі. Маюць вулканічнае паходжанне. Большую плошчу займае самы вялікі востраў Кэмпбел — 112,68 км². Астатнія астравы ўяўляюць сабою паднятыя з вады скалы і каменна-пясчаныя выспы. Рэльеф асноўнага вострава гарысты. Найвышэйшая кропка — гара Хоні (569 м). Шмат рэк і ручаёў.

Клімат субантарктычны вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня 7,1 — 12,1 °C, ліпеня 3 — 6,9 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 1329 мм. З-за высокай вільготнасці захоўваецца сталае пахмурнае надвор'е. Горныя вяршыні зацягнуты смугой.

Прырода

правіць
 
Кветкі

Астравы Кэмпбел славяцца багаццем флоры. Налічваецца прыкладна 128 сасудзістых раслін мясцовага паходжання і яшчэ каля 50 завезеных чалавекам. Асабліва вылучаюцца зараснікі гіганцкай травы.

Першародная фаўна прадстаўлена пераважна марскімі птушкамі. На скалах ахвотна селяцца буравеснікападобныя і пінгвіны. З-за нашэсця пацукоў практычна вымерлі мясцовыя качкі. Аднак некаторая колькасць гэтых птушак захавалася на іншых субантарктычных астравах. У 2004 г. яны былі інтрадуцыраваны зноў. Пляжы — месца размнажэння ластаногіх.

У выніку чалавечай дзейнасці на астравах з’явіліся пацукі, здзічэлыя каты, сабакі, авечкі, каровы, якія распладзіліся і наносілі незлічоныя страты карэнным відам. Аднак з 1970-ых гг. вялася праца па іх выдаленню. У 1987 г. былі канчаткова знішчаны каровы, у 1991 — авечкі, у 2001 г. — пацукі.

Спасылкі

правіць
  Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 877
рус.англ.фр.