Кілт (англ.: kilt, шатл. гэл.: fèileadh, èileadh, ірл.: filleadh beag) — мужчынская насцегнавая вопратка кельцкага паходжання.

Мужчына ў шатландскім кілце

Класічнымі лічацца шатландскія кілты, якія ўяўляюць сабою кавалак клецістай ваўнянай тканіны тартан, абгорнутай вакол сцёгнаў і замацаванай ззаду рамянямі.

Паходжанне

правіць

Паходжанне кілта да канца не вядома. У наш час яго вынахолніцтва аспрэчваецца паміж ірландцамі і шатландцамі. У антычнасці і сярэднявеччы насцегневыя повязі і вопратка з аднаго кавалка тканіны часцяком сустракалася ў розных народаў Еўропы. На Брытанскіх астравах была шырока распаўсюджана традыцыя затуляць цела кароткай коўдрай. На востраве Мэн яна лічылася звычайнай яшчэ ў XVII ст. Некаторыя мяркуюць, што кілт мае скандынаўскае паходжанне, і слова «кілт» бярэ пачатак ад старажытнага скандынаўскага слова kjalta.

Шатландскі кілт

правіць

У XVI ст. на шатландскім нагор’і ўпершыню ўзгадваюцца «вялікія кілты» (Feileadh Mhor). Яны ўяўлялі сабою доўгую ваўняную тканіну каля 1,5 м шырынёй і да 6,4 м даўжынёй. Частка такога кілта абгортвала сцёгны так, каб ствараліся зморшчыны, а астатняя частка прапускалася праз плячо і падтыкалася ззаду. Падчас дрэннага надвор’я доўгую тканіну накідвалі на галаву, каб абараніцца ад снегу і дажджу. Кароткія кілты з’явіліся не раней за XVII ст.

У 17461778 гг. традыцыйная вопратка шатландцаў-горцаў была забаронена ўладамі Вялікабрытаніі. Аднак кілты былі пакінуты ў якасці часткі ўніформы шатландскіх горскіх палкоў, што ўваходзілі ў склад брытанскай арміі. Сярод брытанцаў незвычайны выгляд салдат-горцаў выклікаў іронію і з’яўляўся прычынай для насмешак. Але ў 1782 г. кароль Георг IV, каб аддзячыць шатландскіх салдатаў, прыбыў у Эдынбург у кілце і такім чынам зрабіў яго сімвалам шатландскай мужнасці.

У XIX ст. кілт шырока ўжываўся прыхільнікамі шатландскага нацыяналізму і паступова стаў успрымацца як нацыянальная вопратка усіх шатландцаў. У літаратуры сфарміравалася псеўдаэтнаграфічная міфалогія, якая папулярызавала смволіку кілтаў і прыпісвала асаблівыя колеры розным горскім кланам. Да сярэдзіны XX ст. кілт часцей ужываўся ў цырыманіяльных мэтах. У нашы дні паступова ператвараецца ў пабытовую вопратку.

Ірландскі кілт

правіць

Упершыню ў літаратуры кілт быў названы часткай старажытнай ірландскай вопраткі толькі ў 1860 г. З канца XIX ст. нашэнне кілтаў папулярызавалі ірландскія нацыяналісты. Сярод іх быў вядомы пісьменнік Джэймс Джойс. У 1903 г. Гэльская атлетычная асацыяцыя прызначыла кілт часткай цырыманіяльнай спартыўнай вопраткі Ірландыі. Разам з гэтым, з канца XIX ст. кілты пачалі ўжывацца як частка ўніформы ірландскіх палкоў брытанскай арміі. У наш час кілты шырока выкарыстоўваюцца як частка нацыянальнай вопраткі ірландцаў, у тым ліку за межамі Ірландыі.

Валійскі кілт

правіць

Хаця ў старажытнасці валійцы ніколі не апраналі кілтаў, у XIX ст. няўдалую спробу ўвесці яго ў якасці нацыянальнай вопраткі зрабіла Аўгуста Ланавер (18021896 гг.). Гэта сустрэла адмоўную рэакцыю валійскіх гісторыкаў і фалькларыстаў, таму нашэнне кілтаў ва Уэльсе не набыло папулярнасці.

Галерэя

правіць

Спасылкі

правіць