Ірла́ндцы (ірл.: Muintir na hÉireann, na hÉireannaigh, na Gaeil) — народ, карэнныя насельнікі вострава Ірландыя. У наш час большасць ірландцаў жыве за межамі Ірландыі і Ольстэра. Буйныя ірландскія абшчыны існуюць у Англіі, Шатландыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Іспаніі і г. д. Агульная колькасць (2014) — каля 8 180 000 чалавек.[1]

Ірландцы
(Muintir na hÉireann, na hÉireannaigh, na Gaeil)
Агульная колькасць каля 8180 тыс. (2014)
Рэгіёны пражывання  Ірландыя — 3 865 тыс.

 Вялікабрытанія — 530 тыс.
 ЗША — 3 164 тыс.
 Канада — 525 тыс.
 Аўстралія — 62 тыс.
 Іспанія — 4,5 тыс.

Мова гэльская
Рэлігія каталіцызм
Блізкія этнічныя групы шатландцы, мэнцы

Паходжанне

правіць
 
Кельцкія народы Брытанскіх астравоў у дарымскі перыяд

Востраў Ірландыя быў населены ў прамежку часу паміж 8 і 7 тысячагоддзямі да н. э.[2] Каля 4 тысячагоддзя да н. э. старажытныя насельнікі асвоілі земляробства[3]. У гэты перыяд таксама ўзводзіліся мегалітычныя збудаванні[4]. Археолагі лічаць, што старажытнейшае насельніцтва вострава мела іберскае паходжанне. Гэта падцвярджаюць і генетычныя даследаванні. Выяўлена, што большасць сучасных ірландцаў генетычна найбольш блізкія да жыхароў Заходняй Шатландыі і поўначы Іспаніі[5], хаця многія знешнія рысы (рудыя валасы, вяснушкі, рэдкая для іншых еўрапейцаў наяўнасць эпікантуса), што лічацца характэрнымі для ірландцаў[6], маглі сфарміравацца ўжо на самім востраве ў выніку доўгатэрміновай ізаляцыі.

У сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э. Ірландыя была занята кельтамі, з распаўсюджаннем якіх звязаны надыход жалезнага века. Вучоныя мяркуюць, што перасяленне кельтаў адбывалася на працягу некалькіх стагоддзяў і прыводзіла не толькі да заваявання, але і асіміляцыі папярэднікаў[7][8], што прывяло да фарміравання істотных адрозненняў мясцовай кельцкай культуры ад кантынентальнай. Кельты не былі адзіным народам. Клаўдзій Пталемей узгадваў некалькі народаў, што насялялі Ірландыю ў яго час[9]. У першыя стагоддзі нашай эры склалася 5 ірландскіх манархічных дзяржаў[10]. Фарміраванне адзінай старажытнай ірландскай культуры адбылося толькі пасля прыняцця хрысціянства.

Гісторыя

правіць
 
Ірландцы XVI ст.

Хаця Ірландыя не была заваявана рымлянамі, у першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. яе насельніцтва знаходзілася пад моцным уплывам рымскай культуры. Галоўным вынікам гэтага ўплыву стала прыняцце продкамі ірландцаў хрысціянства. Яго першым распаўсюджвальнікам лічыцца Святы Патрык (каля 432 г. н. э.)[11]. На ўсёй тэрыторыі Ірландыі ўзніклі кляштары, дзе пачала фарміравацца пісьмовая культура. Ірландскія манахі стварылі літургічную літаратуру на старажытнай ірландскай мове, пры гэтым карысталіся лацінскім алфавітам. У VI - VII стст. таксама былі запісаны старажытныя міфы і сагі. Кельцкая царква некалькі адрознівалася ад каталіцкай, аднак выхадцы з Ірландыі садзейнічалі хрысціянізацыі іншых еўрапейскіх народаў, вялі місіянерскую дзейнасць далёка за межамі Ірландыі.

У другой палове VII ст. у Ірландыі адбылося некалькі страшэнных эпідэмій. Яны выклікалі значныя страты насельніцтва. Яшчэ больш цяжкія наступствы мелі напады вікінгаў, якія пачаліся з 795 г. і працягваліся да 1014 г.[12] Вікінгі імкнуліся ў першую чаргу разрабаваць кляштары, дзе запасіліся значныя багацці, але якія таксама былі культурнымі цэнтрамі.

У 1155 г. Папа Адрыян IV выдаў булу[13], што дазваляла англійскаму каралю Генрыху II заваяванне Ірландыі. Англічане здолелі заваяваць толькі ўсходнюю частку вострава. Пасля эпідэміі 1348 г. улада англійскіх каралёў набыла намінальны характар і пачала ўзнаўляцца толькі пасля 1536 г. Канчатковае заваяванне Ірландыі адбылося толькі ў 1690 г. У 1800 г. быў прыняты акт аб уніі, які далучаў Ірландыю да Вялікабрытаніі. Далучэнне Ірландыі суправаджалася доўгачасовымі войнамі і вялікімі ахвярамі з абодвух бакоў. Англійскія ўлады прадпрымалі захады для пашырэння свайго ўплыву праз перасяленне ў Ірландыю выхадцаў з самой Англіі і Шатландыі, абмежавання правоў карэннага насельніцтва і, як наступства, выцісканне яго з занятых тэрыторый і абеззямельванне. У XVII - XVIII стст. ірландскія паўстанцы прадаваліся ў рабства[14]. Сітуацыя ўскладнялася рэлігійнымі рознагалоссямі. У XVI ст. у Англіі пачаў распаўсюджвацца пратэстантызм[15]. Большасць ірландцаў захавала адданасць каталіцызму. Каталіцкая царква падтрымлівала антыкаланіяльную барацьбу ірландскага народа. У 1688 г. ірландцы адкрыта падтрымалі караля-каталіка Якава II[16], аднак іх паўстанне скончылася паражэннем і выклікала ў адказ жорсткія палітычныя і рэлігійныя рэпрэсіі. Нягледзячы на гэта, каталіцызм ператварыўся ў важную частку ірландскай нацыянальнай ідэнтычнасці.

У часы заваявання Ірландыі адбылося канчатковае разбурэнне старой дзяржаўнай феадальнай сістэмы. Частка ірландскай традыцыйнай арыстакратыі згубіла свой уплыў або была вынішчана. Прадстаўнікі некаторых высакародных сем'яў супрацоўнічалі з англійскімі ўладамі, рабілі кар'еру ў брытанскай арміі і флоце, нават прымалі пратэстантызм. Сярод такіх асоб ірландскага паходжання былі Джонатан Свіфт, Уолф Тон, Артур Уэлслі Уэлінгтан і інш. З XVIII ст. ірландцы-пратэстанты таксама прымалі ўдзел у нацыянальна-вызваленчай барацьбе. Акрамя таго, існавала ірландская эміграцыя. У XVI - XVIII стст. большасць ірландскіх перасяленцаў у іншыя краіны мелі высакароднае паходжанне. У XVII ст. значная ірландская абшчына склалася ў Іспаніі[17]. З заняпадам традыцыйнай арыстакратыі ў Ірландыі пачала паступова фарміравацца новая нацыянальная культурная эліта. Ірландская мова і культура вывучаліся з XIII ст. У XVIII - XIX стст. ідэі Асветніцтва і рамантызму садзейнічалі адраджэнню цікавасці да кельцкага мінулага. У першай трэці XIX ст. склаліся асноўныя ідэі ірландскага нацыяналізму[18], якія ў пазнейшы час перараслі ў патрабаванне мець сваю дзяржаўнасць.

 
Ірландскі эмігрант у ЗША

У 1845 - 1847 гг. у Ірландыі адбыўся Вялікі голад, выкліканы з аднаго боку неўраджаем бульбы, з другога — крызісам традыцыйнай структуры сям'і. З-за шматлікіх абмежаванняў у адрозненні ад іншых месцаў Вялікабрытаніі прамысловасць амаль не развівалась у Ірландыі. Большасць ірландцаў заставаліся земляробамі, вырошчвалі на продаж лён, авёс, пшаніцу, але для забеспячэння ўласнага харчавання выкарыстоўвалі пераважна бульбу, вядомую ў Ірландыі з 1589 г.[19] Ірландскія сяляне арандавалі зямлю. Яны мелі вялікія сем'і, што было абумоўлена рэлігійнымі традыцыямі і імкненнем бацькоў быць забяспечанымі ў старасці дзякуючы падтрымцы дзяцей. У выніку насельніцтва хутка расло, асабліва ў перыяд Напалеонаўскіх войн, што суправаджаліся эканамічным уздымам. Лішкі рабочай сілы пераязджалі на заробкі ў Англію, а таксама ў калоніі. У 1845 г. падчас вільготнага лета ўраджай бульбы быў пашкоджаны завезеным з Паўночнай Амерыкі фітафтарозам. Неўраджаі працягваліся тры гады запар, што выклікала масавы голад. Брытанскі ўрад для аказання дапамогі ўвёз кукурузу, але ў адсутнасці спецыяльных млыноў гэта не прынесла значнай палёгкі. Акрамя таго, увоз кукурузы знізіў кошты на іншыя харчовыя прадукты, і англійскія гандляры скарысталі яго для вывазу з Ірландыі збожжа. Лічыцца, што падчас Вялікага голада памерла каля 1 млн чалавек. Яшчэ 1 млн чалавек эмігрыраваў у Паўночную Амерыку, Аўстралію, Англію і Шатландыю[20]. З гэтага часу эміграцыя набыла сталы характар, тым больш, што землеўласнікі імкнуліся пазбегнуць паўтарэння неўраджаеў і пачалі развіваць жывёлагадоўлю, якая не патрабавала вялікай колькасці працоўных. У 1848 г. адбылося паўстанне. З ростам ірландскага нацыяналізму Вялікі голад ператварыўся ў сімвал пакут ірландскага народа.

Паўстанні 1848 г. і 1867 г. стымулявалі барацьбу ірландцаў за свае правы і незалежнасць. У другой палове XIX ст. узнік шэраг арганізацый, якія ставілі на мэту культурнае і аграрнае адраджэнне. Найбольш уплывовай з'яўлялася Гэльская Ліга, арганізаваная ў 1893 г. У працы арганізацый прымалі ўдзел як каталікі, так і пратэстанты. Спроба нацыяналістаў спыніць распаўсюджанне англійскай мовы не мела поспеху, але ў ірландскай літаратуры прыжыўся своеасаблівы дыялект, адрозны ад англійскай мовы ў Англіі і Шатландыі. У 1880-ыя гг. пачаўся легальны рух за самакіраванне. Яго прадстаўнікі ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарах. У пачатку XX ст. узмацніўся рабочы рух. Разам з гэтым узмацніліся антыірландскія настроі з боку нашчадкаў англійскіх і шатландскіх перасяленцаў, а таксама часткі мясцовых пратэстантаў. У Ольстэры антыірландскія арганізацыі падтрымліваліся з боку прафсаюзаў. 17 верасня 1914 г. брытанскі парламент прызнаў самакіраванне Ірландыі, але не распаўсюдзіў яго на Ольстэр[21]. У 1916 г. радыкальныя нацыяналісты арганізавалі ў Дубліне Велікоднае паўстанне[22].

21 студзеня 1919 г. адбылося самаабвяшчэнне незалежнасці Ірландыі, але згодна дамовам 1921 г. Вялікабрытанія прызнавала за Ірландыяй толькі статус дамініёна. З 1921 г. Ольстэр быў канчаткова адлучаны ад Ірландыі і стаў часткай Вялікабрытаніі. У выніку грамадзянскай вайны 1922 - 1923 гг. радыкальныя нацыянальныя групоўкі ірландцаў страцілі свой уплыў. Хаця ірландская мова была абвешчана дзяржаўнай, у Ірландыі працягвалася пашырэнне ўплыву англійскай мовы праз сродкі масавай інфармацыіі і адукацыю. У Ольстэры Ірландская рэспубліканская армія дзейнічала яшчэ доўгі час, але паступова вырадзілася ў тэрарыстычную арганізацыю. Падзел Ірландыі на незалежную Ірландыю і Ольстэр працягваецца да нашых дзён.

Культура

правіць

Сельская гаспадарка

правіць
 
Сучасныя палеткі, агароджаныя мурам з сухой кладкай

Да другой паловы XIX ст. сельская гаспадарка з'яўлялася асноўнай вытворчай сферай. Са старажытных часоў пераважала земляробства. У раннее сярэднявечча замацавалася сістэма так званых адкрытых палеткаў (rundale system)[23], калі зямля бралася сялянамі ў сумесную арэнду і падзялялася на кавалкі ў залежнасці ад гаспадарчага выкарыстання, часцяком адасобленыя каменным мурам. Сістэма набыла асаблівае распаўсюджванне з ростам насельніцтва ў канцы XVIII ст. Сяляне вырошчвалі авёс, ячмень, лён, гародніну, з XVI ст. — бульбу. Асноўным збожжавым рэгіёнам лічыцца паўднёва-усходняя частка Ірландыі. У 1870 - 1920 гг. памешчыцкая зямельная ўласнасць фактычна была разбурана. Асноўнай галіной сельскай гаспадаркі стала малочная жывёлагадоўля. Сучасныя ірландскія фермеры выкарыстоўваюць толькі чвэрць усёй прыдатнай зямлі для земляробства.

Сістэма адкрытых палеткаў дазваляла сялянам аб'ядноўваць свае сілы для апрацоўкі палёў, разам выконваць найбольш працаёмкія працэсы, мець супольныя інструменты і г. д. Зямлю апрацоўвалі лёгкім драўляным плугам, хаця на ўсходзе і ў цэнтры Ірландыі таксама быў вядомы цяжкі нармандскі плуг, які цягнула адразу некалькі канёў. На камяністых і балоцістых тэрыторыях ужывалі спецыяльную рыдлёўку loy з вузкім доўгім лёзам[24]. Да XVIII ст. каса амаль не была вядома. Траву зразалі сярпом.

Хаця Ірландыя — марская краіна, рыбалоўства ў традыцыйным жыцці не вылучылася ў асобную галіну і фактычна з'яўлялася дадаткам да сельскай гаспадаркі.

Рамёствы

правіць
 
Ірландскія карункі

Рамёствы ў Ірландыі развіваліся пераважна ў сельскай мясцовасці для забеспячэння хатняй гаспадаркі або прызаробкаў. Паказальна, што нават у XIX ст., калі ў Ірландыі з'явіліся танныя прамысловыя тканіны з суседняй Брытаніі, тканіны вырабляліся пераважна адзіночкамі або невялікімі групамі майстроў, часцяком чальцамі адной сям'і. Асноўнымі матэрыяламі з'яўляліся авечая воўна і лён. У розных кутах краіны ткачы спецыялізаваліся на вытворчасці ваўняных паясоў, нарукаўнікаў, карунак, дываноў з кавалкаў тканін і г. д.[25] На заходнім узбярэжжы было папулярна прадзенне.

Металаапрацоўка ў Ірландыі мае вельмі старажытныя карані. Медныя вырабы вядомы з 2400 г. да н. э. У сярэднявеччы і пазней выраблялася бляшаная зброя, але ў пазнейшы час ірландскія кавалі займаліся забеспячэннем пераважна сялян, рабілі сякеры, нажы, посуд, платы, падковы і інш. Кавалі карысталіся вялікай павагай, асабліва ў перыяд шырокай эксплуатацыі конскай цягі. Згодна традыцыі, кавалі, што падкоўвалі канёў, звычайна не спецыялізаваліся на іншых вырабах[26][27]. У 1970-ыя гг. рамесная металаапрацоўка зноў набыла папулярнасць. Яшчэ адным старажытным ірландскім рамяством з'яўляецца апрацоўка каменю. Прыродны камень з часоў неаліту выкарыстоўваўся для агарожы палеткаў, пазней — для будаўніцтва, у тым ліку ваенных умацаванняў. Ірландскія каменячосы асвоілі апрацоўку граніта, пясчаніка, вапнякоў, сланцаў, друзу. Муры часцяком узводзіліся метадам сухой кладкі без раствораў[28].

Іншыя традыцыйныя рамёствы — выраб керамікі, драўляных суднаў, музычных інструментаў, бочак, калаўротаў, скураных і саламяных рэчаў і г. д. Прамысловая вытворчасць у Ірландыі ўзнікла позна і не была асабліва развіта. Аднак замяжой, асабліва ў ЗША, склаліся буйныя групы ірландскіх рабочых з характэрнай пралетарскай культурай.

Для ірландскай нацыянальнай кухні характэрна амаль поўная адсутнасць спецый і падліў. Асноўнымі інгрыдыентамі з'яўляюцца бульба, зёлкавыя (асабліва аўсянка), мяса, радзей рыба. Папулярны рагу, густыя наварыстыя супы, малочныя прадукты. У Ірландыі вырабляюць каля 50 розных сартоў тварогавых сыроў. Традыцыйны хлеб пячэцца з немолатага зерня на содзе. Распаўсюджаныя напоі — кава, піва, віскі[29][30].

Вопратка

правіць

Археалагічныя знаходкі сведчаць пра тое, што ў Ірландыі здаўна былі распаўсюджаны ваўняныя тканіны. Сярэднявечны гісторык Гіральд з Камбрыі паведамляў, што вопратка ірландцаў мае пераважна чорны колер, бо авечкі ў гэтай краіне ў асноўным чорныя[31]. Лічыцца, што з Ірландыі паходзіць кілт, менавіта адсюль ён трапіў у Шатландыю. Аднак не ўсе сучасныя даследчыкі прытрымліваюцца гэтай думкі. Кілты пачалі распаўсюджвацца пераважна ў XIX ст., калі ў працэсе ўніфікацыі народнай вопраткі рамантычна настроеныя нацыяналісты прапанавалі выкарыстоўваць кілт у якасці агульнагэльскага нацыянальнага адзення[32]. У гэты ж час з'явіліся зялёныя сукенкі з пышнымі спадніцамі, белыя фартухі, чорныя берэты і іншае адзенне, якое ў нашы дні выдаецца за нацыянальнае.

Сапраўдная народная вопратка была даволі сціплай. Жанчыны апраналі доўгую спадніцу, кофту са зборкамі вакол шыі, карсаж, аднакаляровы фартук, на галаву і плечы накідвалі шаль, у дрэннае надвор'е — плашч з капялюшам. Спецыяльнай дзіцячай вопраткі не існавала, але падчас свят малых дзяўчат і хлопчыкаў апраналі ў жаночую адзежу. Дарослыя мужчыны насілі плоскія тканныя шапкі ке́пі, кофты і тунікападобныя доўгія кашулі.

 
Сучасны дом з саламяным дахам

Даволі доўгі час асноўным тыпам паселішча ў Ірландыі была вёска. Толькі пасля аграрных рэформ, што пачаліся пасля Вялікага голада 1845 - 1847 гг. імкліва распаўсюджваліся адасобленыя фермы. У наш час большасць сельскіх жыхароў жыве на фермах-хутарах, аднак вёскі таксама працягваюць сваё існаванне. Звычайна яны не маюць канкрэтнага плана, хаты пабудаваны ў залежнасці ад рэльефа мясцовасці. Гарады ўзніклі ў перыяд сярэднявечча. У час заваявання яны з'яўляліся з аднаго боку цэнтрамі каланізацыі, з другога — культурных кантактаў з вонкавым светам.

Ужо ў глыбокай старажытнасці ў Ірландыі ўзводзіліся каменныя пабудовы. Але сярэднявечныя крыніцы паведамляюць, што большасць хацін ладзілася са звычайнага галля, потым абмазвалася глінай. У XVIII ст. з пашырэннем сельскагаспадарчых тэрыторый плошча лясоў значна скараціася, таму каменныя дамы сталі будавацца часцей. Глінабітныя хаціны захоўваліся пераважна ў багністай мясцовасці. Цэглу пачалі выкарыстоўваць адносна позна. Цагляныя пабудовы найчасцей сустракаюцца ў гарадах і вакол гарадоў, а таксама на поўначы Ірландыі. Дахі каркасныя. Да XIX ст. крыліся саломай. Падлога рабілася з гліны. Для ірландскіх традыцыйных дамоў характэрна наяўнасць дзвюх дзвярэй, прычым з дадатковымі малымі дзвярыма знізу.

У сярэднявеччы агмень ладзіўся ў цэнтры хаты. Паасобных пакояў у ёй не было. У нашы дні пераважаюць дамы, падзеленыя на пакоі з прыфрантавымі камі́намі. Дом ацяплялі торфам і сухім дзёрнам. Дзёран таксама выкарыстоўваўся для ўзвядзення невялікіх гаспадарчых пабудоў. Ложкі часцяком месціліся ў сценавых нішах. Да XIX ст. сталамі карысталіся ў багатых сем'ях, а ў бедных — невялікімі плеценымі падносамі.

Сацыяльная структура

правіць

У мінулым асновай традыцыйнага ірландскага грамадства былі кланы[33]. Само слова клан паходзіць менавіта з гэльскай мовы і значыць "род". Пра сваяцкае паходжанне кланаў сведчыць тое, што яны мелі агульнае імя першапродка, таму пачыналіся з прыстаўкі O' (літаральна "унук") або Mac (літаральна "сын"). У старажытных крыніцах засведчана, што ўлада ў клане перадавалася па спадчыне ад бацькі да сына або ад дзеда да сына. Такім чынам, унутры кланаў не існавала поўнай роўнасці, хаця ў старажытнасці простыя чальцы клана мелі магчымасць выбару агульнага правадыра з прадстаўнікоў вышэйшых колаў.

У перыяд сярэднявечча кланы ўжо не з'яўляліся звычайнымі родамі, і фактычна ўяўлялі сабою пашыраныя карпарацыі, паміж якімі існавалі даволі складаныя адносіны. Вылучаліся высакародныя кланы, што стаялі на чале кланавых дзяржаў tauth, былі саюзныя і проста набліжаныя да іх, а таксама дробныя падпарадкаваныя. Кіраўнікі кланаў мелі розныя тытулы. Яны вызначаліся станам клана. Вышэйшы тытул, які ўзгадваецца ў крыніцах, — Ard-Ri (літаральна "валадар каралёў"). Моцныя кланы маглі паглынаць або нават вынішчаць больш слабыя, заключаць саюзы і аб'ядноўвацца.

Кланавая сістэма была разбурана ў XVII ст., калі найбольш прадстаўнічая кланавая арыстакратыя пакінула Ірландыю або была вынішчана ва ўзаемных сутычках і ў барацьбе з англічанамі. Аднак памяць пра прыналежнасць да пэўнага клана захавалася. У сярэдзіне XX ст. быў складзены спіс, у якім узгадвалася 240 буйных кланаў. У нашы дні аб'яднанне некаторых ірландцаў у кланы мае сімвалічны характар і сведчыць пра цікавасць да гістарычных каранёў, а не пра сапраўднае адраджэнне кланавай сістэмы.

Пасля разбурэння кланаў, размеркавання зямлі паміж буйнымі прыватнымі ўладальнікамі і ўсталявання сістэмы адкрытых палеткаў асновай сельскага грамадства сталі пашыраныя патрыярхальныя сем'і або аб'яднанні з некалькіх сем'яў - карыстальнікаў зямлі. Але і гэта форма сацыяльнага суіснавання працягвалася толькі да сярэдзіны XIX ст. Эміграцыя і аграрныя рэформы садзейнічалі ўсталяванню прыярытэта малой нуклеарнай сям'і, якая ў нашы дні з'яўляецца асноўнай[34]. Да 1989 г. заканадаўства Ірландыі абмяжоўвала магчымасці разводаў. Паколькі дарослыя мужчыны часцяком эмігравалі, ў Ірландыі ў пасляваенны час нават склалася традыцыя існавання няпоўных сем'яў, калі муж ад'язджаў замяжу і фактычна разбураў адносіны з жонкай, але тая не мела магчымасці развесціся і заключыць шлюб з іншым мужчынам. У выніку прававой рэформы 1989 г. і новага сямейнага закана 1996 г. гэтае абмежаванне было ліквідавана, але знешні ўплыў дзяржавы і судоў на ўнутрысямейныя адносіны захаваўся[35]. У 2004 г. была дазволена рэгістрацыя шлюбаў паміж асобамі аднаго пола[36].

Музыка і песні

правіць

Ірландскія музычныя і спеўныя народныя традыцыі вывучаліся з XVIII ст.[37] Да нашага часу дайшлі сярэднявечныя сагі з міфалагічнымі і гераічнымі сюжэтамі, якія выконвалі спевакі філінды і барды, а таксама песні на гэльскай мове, прысвечаныя разнастайным бакам жыцця. З XVII ст. распаўсюдзіліся англамоўныя балады, што ў падрабязнай форме апавядалі пра гістарычныя і паўседзённыя падзеі. У канцы XIX - пачатку XX ст. у вулічных баладах адлюстоўваліся факты нацыянальнай барацьбы[38]. Масавая эміграцыя суправаджалася пераносам мясцовых традыцый на іншаэтнічную глебу, знаёмствам ірландцаў з музычнай спадчынай іншых народаў, абагачэннем іх рэпертуару. Папулярныя музычныя інструменты: арфа, дуда, бубен, скрыпка, акардэон, губны гармонік і інш.

 
Кейлі

Ірландскія танцы — амаль самая вядомая частка ірландскай культуры за межамі самой Ірландыі. Першыя пісьмовыя ўзгадкі пра ірландскія танцы адносяцца да позняга сярэднявечча, аднак іх дакладнага апісання не захавалася. Відавочна, большасць танцавальных традыцый прыходзіла ў Ірландыю з іншых еўрапейскіх краін. У XVIII ст. з'явіліся вандроўныя майстры танцаў, якія прафесійна навучалі танцавальнаму мастацтву[39].

К канцу XIX ст. майстры танцаў захаваліся пераважна на паўднёвым захадзе Ірландыі, адзінкі з іх вялі навучанне ў Лондане і гарадах ЗША. З 1898 г. прадстаўнікі Гэльскай Лігі ў мэтах папулярызацыі традыцыйнай культуры арганізавалі першае танцавальнае спаборніцтва. З 1900 г. па ініцыятыве лонданскай суполкі Гэльскай Лігі пачалося вывучэнне танцаў непасрэдна ў Ірландыі, публікаваліся этнаграфічныя працы, прысвечаныя танцам. У 1930 г. была створана Ірландская танцавальная камісія (ірл.: Coimisiún le Rincí Gaelacha), якая займалася ўніфікацыяй танцавальнага мастацтва[40]. З 1960-ых гг. яе дзейнасць набыла міжнародны характар. Танцавальныя спаборніцвы арганізоўваліся не толькі ў Ірландыі і Вялікабрытаніі, але таксама ў ЗША, Аўстраліі, Канадзе і іншых краінах. У 1970 г. быў заснаваны сусветны чэмпіянат па ірландскіх танцах.

Найбольш папулярныя танцы кейлі (céilí). Яны могуць выконвацца парна або групамі больш за 1 чалавека, танцорам дазваляецца станавіцца ў лінію або ў кола. Кейлі суправаджаюцца адбіваннем рытмічнай чачоткі. Таксама вядомыя парныя танцы, у тым ліку мадэрнізаваная версія кадрылі, фігурныя танцы рыл (reel), джыга (Jig, "партовы танец"), хорнпайп (hornpipe, "танец пад ражок") і інш.

Ірландскія народныя казкі маюць вельмі старажытную эпічную аснову і ўмоўна падзяляюцца на:

  • Казкі пра звышнатуральныя істоты
  • Гераічныя казкі
  • Рамантычныя казкі
  • Трагічныя казкі

Іх героямі выступаюць старажытныя багі, хрысціянскія святыя, каралі і воіны, адсутнічаюць героі-жывёлы, якія паводзяць сябе як людзі[41]. Казка абавязкова пачынаецца з прадмовы казачніка, звычайна іранічнай, а скончваецца высновамі на жыццёвыя тэмы.

Традыцыйныя віды спартыўных гульняў[42]:

Рэлігія

правіць

Да прыняцця хрысціянства ў V ст. н. э. у Ірландыі была распаўсюджана політэістычная кельцкая рэлігія з багатай міфалогіяй[43]. Многія міфы захаваліся ў вуснай народнай традыцыі, а таксама былі занатаваны ў ранняй ірландскай літаратуры.

Каля 440 г. н. э. Святы Патрык арганізаваў першую хрысціянскую епархію. Да другой паловы VII ст. у Ірландыі была заснавана сетка кляштараў, якія вялі актыўную культурную і місіянерскую дзейнасць. Хрысціянская кельцкая царква арганізацыйна не адасаблялася ад каталіцкай царквы, але вызначалася адсутнасцю моцнай іерархіі. Войны з датчанамі прывялі да часовага заняпаду кляштараў. У 1118 г. збор біскупаў на чале папскага легата вырашыў распачаць рэформы з мэтай аднаўлення царкоўнага ўплыву[44]. У адрозненні ад англічан і шатландцаў большасць ірландцаў не прыняла пратэстантызм, таму ў гады заваявання Ірландыі каталіцызм з'яўляўся адным з сімвалаў барацьбы за незалежнасць.

У нашы дні большасць вернікаў працягваюць заставацца каталікамі. Ірландыя — адна з краін сучаснай Еўропы, дзе моцны ўплыў царквы адчуваецца на розных баках свецкага жыцця.

Ірландская, або гэльская мова адносіцца да кельцкай галіны індаеўрапейскіх моў. Ранняя літаратурная мова склалася ў перыяд ранняга сярэднявечча. Аднак з XVI ст. у Ірландыі адбываўся працэс распаўсюджвання англійскай мовы, у тым ліку праз гарадскую культуру, адукацыю і службу ў брытанскай арміі. Да 1871 г. ужыванне ірландскай мовы ў афіцыйных дакументах забаранялася[45]. У выніку ірландская мова засталася асноўнай у найбольш бедных раёнах захаду Ірландыі. У XVIII - XIX стст. сфарміраваўся ірландскі дыялект англійскай мовы, адлюстраваны ў шматлікіх помніках літаратуры. Працэс адраджэння сучаснай літаратуры на ірландскай мове адбыўся толькі ў пачатку XX ст.

Восьмы артыкул Канстытуцыі незалежнай Ірландыі абвяшчае ірландскую мову першай дзяржаўнай мовай, а англійскую мову — толькі другой дзяржаўнай мовай[46]. Аднак магчымасці для атрымання паўнавартай адукацыі на ірландскай мове значна меншыя, чым на англійскай. У выніку перапіс 2011 г. зафіксаваў той факт, што на ірландскай мове ў Ірландыі стала размаўляе толькі 82 600 чалавек (1,5% ад усяго насельніцтва) — значна меней, чым на англійскай мове і нават меней, чым на польскай мове[47].

У Ольстэры ірландская мова лічыцца афіцыйна прызнанай мовай нацыянальнай меньшасці. У 2011 г. з 1 735 711 жыхроў Паўночнай Ірландыі, старэйшых за 3 гады, толькі 104 943 жыхара маглі размаўляць на ірландскай мове і 161 662 жыхара маглі разумець ірландскую мову[48].

Зноскі

  1. Irish
  2. Ancient Ireland
  3. The first farmers in Ireland Архівавана 4 ліпеня 2014.
  4. Prehistoric Ireland: (The 'Emerald Isles')
  5. Blood of the Irish: DNA Proves Ancestry of the People of Ireland
  6. Гл. The physical anthropology of Ireland. / Earnest A. Hooton and C. Wesley Dupertuis. - Cambridge, Millwood, N.Y., 1955
  7. The Arrival of the Celts
  8. Celtic tribes of the British Isles Архівавана 12 кастрычніка 2014.
  9. Descendants of the Celtic Tribes Архівавана 24 лютага 2014.
  10. Irish History - Earthlore Explorations
  11. Святы Патрык, біскуп
  12. History of Ireland and its Irish Heritage
  13. The Bull of Pope Adrian IV Empowering Henry II to Conquer Ireland. A.D. 1155
  14. Irish Slavery in America
  15. Church history Архівавана 25 ліпеня 2011.
  16. JAMES II IN IRELAND
  17. Ciaran O’Scea, Irish emigration to Spain and the archives of the Castilian conciliar system
  18. Claire Connolly, Irish Romanticism, 1800-1830 Архівавана 12 ліпеня 2015.
  19. potato.ie Архівавана 2 лютага 2015.
  20. The Great Famine of 1845
  21. The Home Rule Crisis 1910 - 1914
  22. The Easter Uprising
  23. Rundale Clachans in Pre-Famine Ireland
  24. The Loy – An Early Irish Spade
  25. askaboutireland.ie
  26. Metal
  27. Blacksmithing.
  28. askaboutireland.ie
  29. Food in Every Country: Ireland
  30. Traditional Foods of Ireland
  31. Giraldus Cambrensis The Topography of Ireland
  32. Irish Dress Архівавана 29 кастрычніка 2014.
  33. Understanding The Ancient Irish Clan System(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 сакавіка 2015. Праверана 26 кастрычніка 2014.
  34. Countries and Their Cultures: Ireland
  35. Irish Family Law Justice System Архівавана 17 лістапада 2014.
  36. Gay Marriage in Ireland? Архівавана 2 чэрвеня 2015.
  37. Songs & Music Архівавана 23 красавіка 2014.
  38. Белявский А. Образ «непобедимых» в ирландских уличных балладах / Беларуская думка. – № 6 – 2008.– с. 78–83.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 26 кастрычніка 2014.
  39. The history of Irish Dance
  40. Irish Dance History Архівавана 23 лістапада 2014.
  41. Themes in Irish Folk Tales
  42. Sport in Ireland
  43. IRISH MYTHOLOGY
  44. Ireland
  45. Andrew Carnie, Modern Irish: A Case Study in Language Revival Failure Архівавана 10 жніўня 2014.
  46. BUNREACHT NA hÉIREANN CONSTITUTION OF IRELAND
  47. Irish is third most used language in the country - 2011 Census
  48. Irish Language Skills: QS212NI (administrative geographies)(недаступная спасылка)

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць