Лагойскае ўзвышша
Лагойскае ўзвышша — частка Мінскага ўзвышша на поўначы Мінскай вобласці, пераважна ў Лагойскім раёне. Сярэдняя вышыня — да 250 м, максімальная — 342 м (гара Лысая).
Лагойскае ўзвышша | |
---|---|
Каардынаты: 54°10′ пн. ш. 27°32′ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Беларусь |
Геаграфічнае становішча
правіцьУзвышша абмежавана скразной далінай Ілія — Гайна на поўначы, Нарачана-Вілейскай нізінай на захадзе, Верхнебярэзінскай нізінай — на ўсходзе. Паступова пераходзіць у цэнтральную частку Мінскага ўзвышша на поўдні. Утварае водападзел паміж рэкамі басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў.
Геалогія
правіцьУ тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да паўднёва-заходняй часткі Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з глініста-мергелістых парод сярэдняга дэвону, на поўдні невялікія ўчасткі альб-сенаманскіх мелавой сістэмы.
Магутнасць антрапагенавай тоўшчы ў асобных месцах да 200—250 м. Акумуляцыя ледавіковых адкладаў адбывалася на працягу ранняга і сярэдняга антрапагену, асабліва ў эпоху сожскага зледзянення. Сярод марэнных адкладаў пераважаюць валунныя суглінкі і супескі. У невялікіх паніжэннях участкі зандравых, алювіяльных, азёрна-балотных пяскоў і тарфянікаў. На схілах узвышша пашыраны маламагутныя (3—5 м) лёсападобныя суглінкі і дэлювіяльныя асадкі.
Геамарфалогія
правіцьУзвышша — складаны геамарфалагічны комплекс, размешчаны паміж вілейскай і бярэзінскай ледавіковымі лопасцямі. Пад уздзеянем іх бакавога ціску сістэма канцова-марэнных град набыла субшыротны напрамак з выгінам на поўдзень. Краявыя ўтварэнні галоўным чынам напорныя, аб чым сведчаць шматлікія гляцыядыслакацыі. У познім плейстацэне і галацэне першасны буйнаўзгорысты і градавы рэльеф значна змяніўся ад уздзеяння паверхневых вод і працэсаў дэнудацыі. У басейне Дняпра расталыя воды паазерскага ледавіка ўтварылі шырокія лагчыны сцёку. Адступанне ледавіка садзейнічала фарміраванню скразных далін. У выніку перапрацоўкі паверхні адбылося зніжэнне водападзелаў і згладжванне стромкіх схілаў, эразійнае расчляненне, паглыбленне і расшырэнне рачных далін, утварэнне лагчын і яроў; у галацэне зніклі ледавіковыя катлавіны ў выніку спуску азёр і запаўнення іх асадкамі, на плоскіх участках з лёсападобных адкладаў утварыліся суфазійныя западзіны.
У рэльефе вылучаецца шэраг дугападобных град з групамі купалападобных узгоркаў (адносныя вышыні 30—35 м). Сярэдняўзгорысты і ўвалісты рэльеф на вышыні 250—280 м, паблізу рачных далін, дзе залягаюць лёсападобныя пароды; адносныя вышыні павялічваюцца за кошт яроў і лагчын. Невялікія ўчасткі плоскаўвагнутых зандравых раўнін ускладнены рачнымі далінамі, часам дзюнна-ўзгорыстымі формамі.
Гідраграфія
правіцьВодападзельнае становішча ўзвышша абумоўлівае адсутнасць буйных рэк і балот. З невялікіх рэк басейна Дняпра тут пачынаюцца рэкі Гайна і яе прыток Усяжа, Вяча, басейна Нёмана — Ілія з прытокам Рыбчанка.
Глебава-расліннае покрыва
правіцьГлебам, асабліва на лёсападобных пародах, уласціва высокая прыродная ўрадлівасць. Пад ворывам каля 35-40% тэрыторыі. Пашыраны дзярновыя моцна- і сярэднеападзоленыя глебы на марэнных суглінках і супесках. На вяршынях град і ўзгоркаў змытыя валунныя, друзаватыя, на пласкахвадістых участках і падэшвах узгоркаў намытыя глебы.
Прыродная расліннасць моцна разрэджана. Мяшаныя і ялова-хваёвыя лясы захаваліся невялікімі ўчасткамі на вяршынях, стромкіх схілах узгоркаў, днішчах далін і лагчын. На пясчаных і забалочаных паніжэннях хваёвыя і драбналістыя лясы, трапляюцца нізінныя балоты.
Турызм
правіцьПапулярны аб'ект лыжнага і гарналыжнага турызму (гарналыжныя комплексы Лагойск, Сілічы і інш.)
Літаратура
правіць- Якушка В. П. Лагойскае ўзвышша // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — 588 с., іл. — 10 000 экз.