Людміла Іванаўна Краснадубская
Людміла Краснадубская (1927) — дзяячка беларускага нацыянальнага супраціву, сябра глыбоцкай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП). Пляменніца Янкі Пачопкі.[1]
Людміла Краснадубская | |
---|---|
Нараджэнне |
1927 |
Бацька | Іван |
Член у |
Біяграфія
правіцьНарадзілася ў сялянскай сям’і ў 1927 г. у в. Краўцы Дзісенскага павета (Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка). Пачатковую адукацыю атрымала ў польскай школе ў суседняй вёсцы Лучайка, скончыла тры класа. Потым перайшла вучыцца ў школу імя Юзафа Пілсудскага ў вёсцы Падорцы. Пра навучанне ў польскіх школах Людміла Краснадубская пазней успамінала так: «Усё тут было прасякнута польскім духам. Я гэта адчула, хоць была тады зусім дзіцем. Такая тут была варожасць да ўсяго беларускага. За беларускае слова, сказанае на перапынку — на ўроку, ясная справа, размаўляць трэба было толькі па-польску — вучню запісвалі штраф 5 грошай, каб затым бацькі разлічваліся». З дзяцінства набыла свядомы беларускі патрыятызм ад матчынага брата Янкі Пачопкі, які за польскім часам быў рэдактарам часопіса «Праваслаўны беларус», што выдаваў Беларускі пасольскі клуб у Варшаве.
Падчас савецкай акупацыі ў верасні 1939 г. працягвала вучобу ў Шкунцінскай школе, дзе правучылася два гады і вучылася таксама падчас нямецкай акупацыі. Пасля паступіла ў настаўніцкую семінарыю ў Паставах: «У семінарыі мне адкрывалася столькі дагэтуль малавядомага, а то і невядомага, такога ж цікавага, узварушлівага для душы пра нашу Беларусь! У нас, аказваецца, была вартая захаплення гісторыя. Нас нікому не рыхтавалі прыслужваць. Немцам мы ніколі не прыслужвалі. Нас вучылі быць патрыётамі Беларусі». Працягнула вучобу ў педагагічнай навучальні ў Глыбокім, якая адчынілася пасля адыхода немцаў узамен семінарыі. З вяртаннем саветаў прыйшла і русіфікацыя, як успамінала Людміла Краснадубская: «Мяне, як і іншых навучэнцаў, зразумела, затурбавала, што мы нібыта не ў Беларусі вучыліся. Усяго і было беларускага, што ўрокі роднай мовы і літаратуры. Па-беларуску з намі размаўлялі толькі выкладчыкі гэтых прадметаў». У Глыбоцкай педнавучальні далучылася да нелегальнай беларускай моладзевай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў, якая планавала развіваць беларускую культуру: «Сваю таямніцу мне даверылі Васіль Мядзелец і Антон Фурс. Да хлопцаў гэтых я з дзяўчатамі часам заходзіла. Хлопцы неякі адкрылі мне, што сярод навучэнцаў ёсць такая арганізацыя — Саюз Беларускіх Патрыётаў. Растлумачылі, што ў яе чыста патрыятычныя, чыста культурна-асветныя задачы — трэба ж неяк процідзейнічаць той русіфікацыі, якая вядзецца ў навучальні. Вядома, я выказала згоду далучыцца».
У лютым 1947 года савецкія спецслужбы пачалі арышты ўдзельнікаў арганізацыі, да гэтага спрычынілася тое, што да пастаўскай групы СБП увайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які выдаваўшы сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі падштурхоўваў да тэрарызму. Людміла Краснадубская была арыштаваная ў лютым 1947 г. і паводле артыкулу 63-I КК БССР асуджаная на 10 гадоў пазбаўлення волі ў савецкіх канцлагерах з 5-гадовым тэрмінам пазбаўлення праў. Праз цяжарнасць часова знаходзілася ў санчастцы мінскай турмы, потым была пераведзеная ў лагерную калонію «маці і дзіцяці» Хальч каля Гомеля. Далей знаходзілася ў перасылачнай турме ў Воршы, а пасля была накіраваная на этап, трапіла ў адзін з заўральскіх лагераў і працавала на лесапавале. Нейкі час знаходзілася ў лагеры ў Абезі (за 90 км ад Варкуты). Потым была перавезеная ў Казахстан і апынулася ў Каксунскім аддзяленні Долінскага садова-агародніцкага аб’яднаньня, дзе знаходзілася да вызвалення.
У сакавіку 1956 г. атрымала дазвол выехаць у Беларусь, вярнулася на радзіму і ў гэтым жа годзе выйшла замуж за Івана Галкіна, з якім пазнаёмілася яшчэ ў ГУЛАГу. Але сям’я была вымушана вярнуцца ў Казахстан праз пераследы ўладаў: «Стала ясна, што ў Беларусі ў мяне няма ніякіх перспэктываў. Беларусь савецкая мяне цураецца, як непажаданага, варожага элементу». У Казахстане запісалася на працу ў Сяміпалацінскую вобласць, а праз некалькі гадоў разам з мужам пераехала на сталае месца жыхарства ў сяло Актар Курцінскага раёна Алма-Ацінскай вобласці.
Выйшла на пенсію. Брала ўдзел у напісанні ўспамінаў для кнігі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў».
Зноскі
- ↑ http://slounik.org/154830.html Біяграфія Людмілы Краснадубскай
Літаратура
правіць- Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 20, 38, 89, 189—213, 283, 284, 317, 319, 340.
- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.