Ходараўка (мемарыяльны комплекс)
Ходараўка — мемарыяльны комплекс за 200 м на поўнач ад Новай Вёскі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці.
Помнік | |
Мемарыяльны комплекс «Ходараўка» | |
---|---|
54°55′44″ пн. ш. 27°35′20″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Новая Вёска |
Дата пабудовы | 1992 год |
Гісторыя
правіцьВясной 1944 года паблізу станцыі Параф’янава, на ўскрайку Лібараўшчыны нацысты стваралі канцлагер. Здаровых вязняў адпраўлялi ў Германiю на прымусовыя працы, астатнiх знiшчылi паблiзу фальварка Ходараўка, за 1,5-2 км ад Дзядкоў. Тут нямецкія акупанты расстралялі 800 чалавек — 200 ваеннапалонных італьянцаў і 600 цывільных жыхароў Бешанковiцкага, Лепельскага, Ушацкага i Бягомльскага раёнаў, схоплены падчас карнай аперацыі супраць партызан Полацка-Ушацкай, Лепельскай i Бягомльска-Барысаўскай партызанскiх зон.
Пасля вайны на месцы трагедыі пасаджаны бярозавы гай. У 1969 годзе на магілах паставілі абеліск ахвярам нацызму. Пазней у Ходараўцы за кошт італьянцаў узведзены мемарыяльны комплекс, адкрыты 20 кастрычніка 1992 года. 14 ліпеня 2012 года асвечаны новы крыж на мемарыяле «Ходараўка».
Апісанне
правіцьЦэнтральны ўваход мае форму каталіцкага крыжа. Побач лічбы 1944 і 1992 (дата трагедыі і дата пабудовы помніка) і дзяржаўныя сцягі Беларусі і Італіі. Далей прыступкі вядуць у бярэзнік, дзе размешчана аснова кампазіцыі. Абапал дарожкі — дванаццаць жаночых фігур, постаці і твары якіх адлюстроўваюць смутак і боль. А ў цэнтры — скульптура ляжачага мужчыны, якая, быццам, вырастае з зямлі. Далей стаіць велізарны валун з бронзавай лічбай 800 — колькасцю забітых тут нацыстамі людзей — і мемарыяльнай шыльдай з надпісам на беларускай і італьянскай мовах: «На гэтым месцы ў 1944 годзе нямецка-нацысцкімі акупантамі былі расстраляны 600 жыхароў Рэспублікі Беларусь і 200 ваеннапалонных італьянцаў». За ім — крыж з польскамоўным надпісам «Jezu, ufam Tobie» («Езу, спадзяюся на Цябе»).
-
Цэнтральны ўваход
-
Жаночыя фігуры
-
Жаночыя фігуры
Літаратура
правіць- Магіла італьянскіх вайскоўцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 253.
- Мемарыяльны комплекс «Ходараўка» // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. — Мінск : Беларусь, 2009. — С. 165—169.
- Ходараўская трагедыя // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : БелЭн, 2004. — С. 292—294.