Мемнан (міфалогія)

Ме́мнан (стар.-грэч.: Μέμνων) — валадар эфіопаў у старажытнагрэчаскай міфалогіі. Удзельнічаў у Траянскай вайне на баку траянцаў.

Мемнан
стар.-грэч.: Μέμνων
Эас з целам Мемнана, малюнак V ст. да н. э.
Эас з целам Мемнана, малюнак V ст. да н. э.
валадар эфіопаў
Міфалогія Старажытнагрэчаская
Пол мужчынскі пол
Бацька Тыфан
Маці Эас
Браты і сёстры Himera[d]
У іншых культурах Ismandes[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне

правіць

Мемнан лічыўся родным сынам багіні світанку Эас і Тыфана, выхадца з Троі. Выхоўваўся Гесперыдамі. Падобна Ахілу, меў даспехі, зробленыя Гефестам, якія рабілі яго фактычна недатыкальным для ворагаў.

У Эфіяпідзе і Адысее, творах Эпічнага цыклу, Мемнан называўся валадаром Эфіопіі. Герадот вызначаў Сузы як горад Мемнана. Але ў эліністычны і рымскі перыяды гэты герой атаесамляўся з афрыканскай Эфіопіяй, а таму часцяком маляваўся як негр. Філастрат з Лемнасу нават пісаў, што грэкі баяліся валадара эфіопаў, паколькі дагэтуль не бачылі чорных людзей.

Манефон лічыў, што Мемнан быў егіпецкім фараонам. Паўсаній паведамляў, што за выяву Мемнана прымаюць адну з паўразбураных статуй у Фіванскім некропалі. Вядома, што рымляне вылучалі дзве фіванскія статуі Аменхатэпа III як калосы Мемнана.

Траянская вайна

правіць

Мемнан прыбыў на дапамогу траянцам з вялікай арміяй, якая не ўмяшчалася ў горадзе і была вымушана стаць лагерам каля яго муроў. Фетыда папярэдзіла Ахіла, каб ён не ўступаў у бой з Мемнанам, паколькі іх сілы роўныя, а смерць Мемнана можа прадвесціць пра яго асабістую смерць. Таму эліны выйшлі на бітву з эфіопамі без свайго лепшага героя.

Мемнан забіў некалькіх ахейскіх герояў, у тым ліку Антылоха, сына Нестара і блізкага сябра Ахіла, і вымусіў грэчаскую армію адступіць да караблёў. Нестар кінуў забойцы сына выклік, але Мемнан адхіліў яго, каб не біцца са старым чалавекам. Як і ў выпадку з Патроклам, Ахіл быў раз'юшаны весткай пра смерць Антылоха і насуперак папярэджанням маці ўступіў у бой. На класічных грэчаскіх пасудзінах гэты момант часцяком суправаджаецца выявай вагаў, быццам бы багі ўзважвалі, хто з іх павінен перамагчы. У выніку Ахіл прабіў шчыт Мемнана ўдарам дзіды і працяў яму бок. Убачыўшы падзенне свайго валадара з калясніцы, эфіопскія воіны кінуліся на ўцёкі.

Еўтыхій Прокл, пераказчык старажытнай эпічнай паэмы Эфіяпіда, пісаў, што Эас дамаглася ад Зеўса неўміручасці для свайго сына, такім чынам ён выжыў пасля бітвы. Але ў іншых міфах паведамлялася пра тое, што багі ператварылі кроў забітага Мемнана ў раку, што ў гадавіну яго смерці набывала непрыемны пах, або пра тое, што ён быў пахаваны эфіопамі, а самі яны ператварыліся ў птушак.

Спасылкі

правіць