Монтэ-Вердэ (ісп.: Monte Verde) — помнік археалогіі ў аднайменнай мясцовасці на поўдні Чылі, знакаміты знаходкай палеалітычнай стаянкі.

Зона археалагічных раскопак

Гісторыя правіць

Месца Монтэ-Вердэ было выяўлена ў 1975 годзе, калі ў выніку вырубкі лесу адбылася моцная эрозія, і мясцовыя жыхары знайшлі костку дагістарычнай жывёлы. Археалагічныя даследаванні праводзіліся ў 1977, 1997 і 2013 гадах групамі археолагаў на чале з Томам Дылехеем[en]. Знаходкі ў Монтэ-Вердэ выклікалі сенсацыю з-за добрай захаванасці знойдзеных матэрыялаў і іх ранняй датыроўкі. Радыёвугляродны аналіз рэшткаў костак і драўнянага вугалю, зроблены ў 1982 годзе, паказаў, што яны адносіліся да перыяду 14 800 гадоў таму. Такім чынам, знаходкі ў Монтэ-Вердэ старэйшыя, чым вядомыя артэфакты культуры Кловіс, што дагэтуль лічылася самай старажытнай у Новым Свеце.

Археалогія правіць

Монтэ-Вердэ знаходзіцца за 58 км ад Ціхага акіяна. Добраму захаванню археалагічных матэрыялаў садзейнічала тое, што воды мясцовага ручая падчас паводак стварылі тарфяное балота, кіслотнае асяроддзе якога спыніла бактіэрыяльны распад арганічных рэчываў. У выніку стратыфікацыі выяўлены 2 археалагічныя пласты: верхні MV-2 і ніжні MV-1. Пласт MV-2 датуецца перыядам 14 800 — 13 800 гадоў таму, утрымоўвае палеалітычную стаянку, якая ўяўляла сабою штучны навес з драўніны і скур дзікіх жывёл у атачэнні ўбітых ў зямлю бярвенняў і дошак. Тут былі знойдзены 2 агмені, каменныя прылады, капраліты, ўзоры ядомых раслін, у тым ліку бульбы, марскіх водарасцяў, рэшткі дзікіх жывёл.

Пласт MV-1 таксама ўтрымоўвае драўляны вугаль і фрагменты костак дзікіх жывёл, але яго датыроўка (18 500 — 14 500 гадоў таму) застаецца пакуль спрэчнай.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць