Мікалай Дудчанка

Мікалай Дудчанка (21 сакавіка 1944, г. Чалябінск, Чалябінская вобласць, РСФСР, — 10 чэрвеня 2022) — беларускі харэограф, рэжысёр, сцэнарыст, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, балетмайстар-пастаноўшчык Дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі».

Мікалай Дудчанка
Дата нараджэння 21 сакавіка 1944(1944-03-21)
Месца нараджэння
Дата смерці 11 чэрвеня 2022(2022-06-11) (78 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Прафесія харэограф, рэжысёр, сцэнарыст, настаўнік
Узнагароды
Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь

БіяграфіяПравіць

Танцам і музыкай захапіўся яшчэ ў раннім дзяцінстве. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай і музычнай школ вучыўся ў музычным вучылішчы па класе баяна, наведваў заняткі ў балетнай студыі пры Чэлябінскім тэатры оперы і балета. З 16 гадоў ужо танцаваў у кардэбалеце тэатра, удзельнічаў у розных танцавальных і музычных конкурсах. Прафесію харэографа М. Р. Дудчанка атрымаў у 1966 годзе, скончыўшы балетмайстарскае аддзяленне Вышэйшай прафсаюзнай школы Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў у Ленінградзе. Пасля завяршэння навучання працаваў у Магілёве. Выкладаў народны танец у Магілёўскім культасветвучылішчы (1968—1970), арганізаваў пры Доме культуры Магілёўскага аўтазавода імя С. М. Кірава харэаграфічны ансамбль танца «Вяснянка» і дзіцячую балетную студыю пры ім. Як мастацкі кіраўнік калектыву вялікую ўвагу надаваў стварэнню сцэнічнага беларускага нацыянальнага рэпертуару. Сярод харэаграфічных нумароў «Вяснянкі» — «Беларуская вясельная», «Кірмаш», «Крутуха», «Гусарыкі», «Беларуская балада» і інш. Сцэнічная культура, майстэрства выканаўцаў, праграма, арыентаваная на мясцовы фальклор, выдатныя сцэнічныя касцюмы — усё гэта стала прыкладам для творчых калектываў з іншых рэгіёнаў. Дзякуючы сумеснай працы М. Р. Дудчанкі і яго жонкі, харэографа В. І. Гаявой, «Вяснянка» заваявала прызнанне як у Магілёве, так і далёка за межамі Беларусі.

У 1974 годзе па прапанове Мінстэрства культуры БССР пераехаў у Мінск, дзе разам з В. І. Гаявой арганізаваў прафесійны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Мікалай Рыгоравіч стаў яго першым мастацкім кіраўніком (з 1974), у далейшым быў дырэктарам, галоўным балетмайстрам (1997—2003), мастацкім кіраўніком харэаграфічнай студыі пры ім (з 2003), балетмайстрам-пастаноўшчыкам (з 2005). Вось ужо больш за 40 гадоў Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» з’яўляецца сапраўднай легендай беларускай сцэны, зберагае і папулярызуе шматвяковыя нацынальныя традыцыі.

З 1977 года з’яўляўся таксама галоўным балетмайстрам эстрады, з 1984 года рэжысёрам Беларускай дзяржаўнай філармоніі, з 1991 года мастацкім кіраўніком Рэспубліканскай дырэкцыі нацыянальных мастацкіх праграм пры Міністэрстве культуры Беларусі. Некаторы час быў кансультантам па харэаграфіі Рэспубліканскага навукова-метадычнага цэнтра культуры і Міжсаюзнага дома самадзейнай творчасці. У якасці рэжысёра і харэографа ансамбля харэаграфічных і музычных мініяцюр «Бліскавіца» ў 1993—1998 гадах паставіў харэаграфічныя творы «Крыжачок», «У гарадскім садзе», «Рыцарскі марш» і інш. Быў балетмайстрам-пастаноўшчыкам опер «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Солтана (пастаўлена ў 1989 годзе), «Кармэн» Ж. Бізэ (пастаўлена ў 1990 годзе). З’яўляецца аўтарам сцэнарыяў і пастаноўшчыкам больш за 50 мерапрыемстваў, сярод якіх міжнародныя і рэспубліканскія фестывалі народнай творчасці, юбілейныя, тэатралізаваныя святы і інш. Ён быў галоўным балетмайстрам пры падрыхтоўцы выступлення беларускай дэлегацыі на ХХІІ Алімпійскіх гульнях у Маскве, святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Ф. Скарыны, свят горада Мінска (1986, 1987, 1988, 1996) і іншых беларускіх гарадоў. Яго пастаноўкі вылучаюцца самабытнай пластыкай і арыгінальнай кампазіцыяй. Праявіў сябе таксама таленавітым педагогам-балетмайстрам — у 1978—1982 гадах выкладаў народны танец у Беларускім дзяржаўным харэаграфічным вучылішчы, з’яўляўся дацэнтам кафедры рэжысуры абрадаў і свят, старэйшым выкладчыкам на кафедры рэжысуры эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (2005—2012). Ён аўтар методык па харэаграфіі, у тым ліку «Методыкі сцэнічнай апрацоўкі беларускага танцавальнага фальклору» (1982).

УзнагародыПравіць

У 1999 годзе атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, а ў 2014 годзе стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Зноскі

СпасылкіПравіць

ЛітаратураПравіць

  • Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 2004. — Т. 18, кн. 1. — С. 382.
  • Беларускі фальклор : энцыклапедыя : [у 2 т.]. — Мінск, 2005. — Т. 1. — С. 449.
  • Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. — Мінск, 2012. — Т. 3. — С. 528—529.
  • Мастацтва. — 2014. — № 1. — С. 16-19.
  • Настаўніцкая газета. — 2016. — 16 студзеня (№ 4). — С. 12-13.
  • Неўтаймаваны : да 70-годдзя Мікалая Дудчанкі / [укладальнік і кіраўнік праекта М. А. Козенка]. — Мінск : ГА «Беларускі фонд культуры», 2015. — 195 с.
  • Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2006. — Т. 3. — С. 467.
  • Рэспублiка. — 2011. — 8 июля (№ 127). — С. 4.