Мінскі дзяржаўны абласны каледж

Мінскі дзяржаўны абласны каледж — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў аг. Сеніца Мінскай вобласці Беларусі. Размешчаны па адрасе вул. Набярэжная, 59.

Мінскі дзяржаўны абласны каледж  (МДАК)
Дата заснавання 1945
Тып каледж
Дырэктар Вадзім Пятровіч Дардаль
Размяшчэнне
Адрас агр. Сеніца вул. Набярэжная, 59
mgkpp.by

Гісторыя правіць

У 1945 годзе на базе эксперыментальнай гаспадаркі Беларускай садавінагароднінай доследнай станцыі была адкрыта Мінская аднагадовая школа садаводаў і агароднікаў.

У 1972 годзе на базе школы садаводаў і агароднікаў была адкрыта Мінская абласная школа павышэння кваліфікацыі сельскагаспадарчых кадраў. А ў 1978 годзе ў в. Сеніца Мінскага раёна пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР № 186 было прынята рашэнне арганізаваць на базе Мінскай абласной школы павышэння кваліфікацыі сельскагаспадарчых кадраў Беларускі сельскагаспадарчы тэхнікум па падрыхтоўцы кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў.

Падрыхтоўка спецыялістаў у тэхнікуме вялася па спецыяльнасцях «Аграномія» і «Заатэхнія». У тэхнікум прымалі толькі тых, хто меў стаж работы ў сельскай гаспадарцы не менш як два гады.

Міністэрства сельскай гаспадаркі выдзеліла значныя сродкі для аснашчэння кабінетаў і лабараторый тэхнікума, які стаў вядучай навучальнай установай па падрыхтоўцы кадраў для калгасаў і саўгасаў рэспублікі.

У 1990 годзе ў тэхнікуме першым сярод ССНУ была адкрыта спецыяльнасць «Камерцыйная дзейнасць», інтэграваная з вышэйшай адукацыяй. Навучэнцы тэхнікума атрымалі магчымасць прадоўжыць навучанне ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі па скарочанай форме. Гэта стала штуршком да змянення статусу навучальнай установы і яе перайменавання. 17 сакавіка 1993 г. загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі сельскагаспадарчы тэхнікум па падрыхтоўцы кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў атрымаў статус каледжа і быў перайменаваны ў Мінскі дзяржаўны аграрна-камерцыйны каледж.

У 1993 годзе адкрылася спецыяльнасць «Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», а з 1996 года ў каледжы пачата падрыхтоўка па спецыяльнасці «Маркетынг».

У 2001 годзе ў сувязі з неабходнасцю стварэння вучэбнай базы па падрыхтоўцы спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для канцэрна «Белдзяржхарчпрам» пастановай № 1147 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2001 года каледж быў уключаны ў склад Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам».

У 2002 годзе па прапанове канцэрна ў каледжы пачынаецца падрыхтоўка спецыялістаў для маслатлушчавай галіны рэспублікі па спецыяльнасці «Тэхналогія перапрацоўкі расліннай і жывёльнай сыравіны».

У чэрвені 2006 года ў адпаведнасці з загадам канцэрна «Белдзяржхарчпрам» і рашэннем Мінскага раённага выканаўчага камітэта ўстанова адукацыі «Мінскі дзяржаўны аграрна-камерцыйны каледж» была перайменавана ва ўстанову адукацыі «Мінскі дзяржаўны каледж харчовай прамысловасці».

Канцэрн «Белдзяржхарчпрам» выдзеліў значныя сродкі для развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа. Акрамя таго, многія арганізацыі канцэрна «Белдзяржхарчпрам», такія як ААТ «Мінскі маргарынавы завод», ААТ «Крыніца», СААТ «Камунарка» і інш., выкарыстоўваюцца ў якасці баз для арганізацыі практычнага навучання навучэнцаў.

У 2007 годзе ў каледжы ўпершыню ў рэспубліцы распачата падрыхтоўка па спецыяльнасці «Садова-паркавае будаўніцтва». Каледж стаў першай у рэспубліцы навучальнай установай, якая рыхтуе тэхнікаў па азеляненні з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

У 2008 годзе ў каледжы адкрыта завочная форма навучання па спецыяльнасці «Тэхналогія перапрацоўкі расліннай і жывёльнай сыравіны», а ў 2010 годзе па спецыяльнасці «Маркетынг».

У жніўні 2013 года каледж перададзены ў падпарадкаванне Упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.

11 снежня 2014 года рашэннем Упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама «Мінскі дзяржаўны каледж харчовай прамысловасці» перайменаваны ў «Мінскі дзяржаўны абласны каледж»

Дзейнасць правіць

Рыхтуе спецыялістаў па спецыяльнасцях: маркетынг; візуальны мэрчэндайзінг; Тэхналогія тлушчаў, эфірных алеяў і парфумерна-касметычнай прадукцыі; вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства.

Спасылкі правіць