Міхалка Петрукоў

Міхалка Петрукоў (Міхаіл Пятровіч Лотыш; 1880, Івянец — 1947) — беларускі пісьменнік, публіцыст.

Міхалка Петрукоў
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Івенецкі, Петручкоў, М.Петручкоў, Пятрукоў, М.Пятрукоў, Міхалка Пятрукоў, Пятручкоў, М.Пятручкоў, Сын Петрука, Сын Петручка, Сын Пятрука, П.М., М.П., П-к, П-кой, П-коў, П-ў і інш.
Дата нараджэння 1880
Месца нараджэння
Дата смерці 1947
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, публіцыст

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Працаваў рабочым у Ракаве і Радашковічах, пісарам у Валожыне, Стоўбцах, Івянцы, настаўнікам у ваколіцах Івянца і ў Ашмянах. У 1909 змясціў у газеце «Наша ніва» першы допіс, а ў 1910 першы мастацкі твор. У 1911 стварыў у Івянцы тэатральны гурток. Быў знаёмы з Ядвігіным Ш. Спрабаваў застацца на працы ў рэдакцыі «Нашай нівы», але знайшоў выгаднейшае месца настаўніка ў Валожыне. А.Уласаў прапанаваў заработак 25 рублёў, настаўнік атрымліваў 20 рублёў з кватэрай і харчамі за казённы кошт. Тады ўжо меў сям’ю. У 1914 прызваны ў армію, удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай вайны, падтрымліваў камуністаў. Сваякі адцураліся яго, лічылі сябе палякамі. Памёр ад цяжкай хваробы. Месца пахавання невядомае.

Пасля смерці яго жонка з дачкой Гражынай і сынам Міхасём пераехалі ў Польшчу, а старэйшы сын Альгерд працаваў інжынерам-геадэзістам у сістэме геадэзіі і картаграфіі СССР.

Творчасць правіць

Аўтар апавяданняў «З муляркі», «Прарок», «Брыдкі сон». Друкаваўся да 1914 года. Асуджаў з’явы карупцыі, паразітызму, самаўладства чыноўнікаў. Выкрываў п’янства, народную цемру. З сімпатыяй паказваў працоўны народ. Выкарыстоўваў традыцыі фальклору. Магчыма, аўтар казкі «Вяселле і сон» (1922). Перакладаў з рускай мовы.

Пісаў пра адкрыццё ў Івянцы невялікага хаўруснага банка, куды прымаліся сялянскія ўклады пад 7-10 працэнтаў гадавых, пад залог выдаваліся пазыкі да 100 рублёў. Яго крытычныя лісты прыводзілі да станоўчых вынікаў: у 1910 годзе ён напісаў што ўлады не прымаюць мер для прафілактыкі халеры, тут жа пахваліў медыкаў. Была створана спецыяльная камісія, каб даць аправяржэнне, але выявіліся і іншыя недахопы. Заўважыў, што ў вёсцы Скіпароўцы каля паўтары сотні дамоў, а няма ніводнага пісьменнага чалавека, жыхары прапіваюць апошнія грошы на кірмашы, вяртаюцца пабітыя, а часам і без каня. У Івянцы ўсяго тры вучылішчы — 4-х класнае гарадское, народнае і пачатковае, а шынкоў легальных і патайных каля паўсотні.

Літаратура правіць

  • М. А. Варвашэвіч, Т. Махнач. ПЕТРУКОЎ МІХАЛКА // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. — Мінск, 1995. — Т. 5. — С. 18-19
  • Міхалка Петрукоў — нашанівец з Івянца / Ігар Солтан // Роднае слова — 2014. ― № 8. ― С. 88―90