Міхаліна Ленская

Міхаліна Ленская (польск.: Mісhalіna Łęska; нар. 1882 — 7 мая 1940) — польская настаўніца, педагог, грамадская дзяячка, публіцыстка, актывістка «Асветы» з Мінску.

Міхаліна Ленская
польск.: Mісhalіna Łęska
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1882[1][2]
Дата смерці 7 мая 1940(1940-05-07)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Зянон Ленскі[d]
Маці Ганна з Бжазоўскіх[d]
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці настаўніца
Грамадская дзейнасць
Член у

Біяграфія правіць

 
Кіраўніцтва Таварыства «Асвета», Міхаліна Ленская ў капялюшы на фотаздымку стаіць трэцяя ад левага боку

Міхаліна нарадзілася ў сям’і землеўладальніка Зянона Ленскага і Ганны Бжастоўскай, уладальнікаў маёнткаў на Міншчыне, удзельніка паўстання (1863—1864), які быў сасланы на Сібір у пакаранне за ўдзел у паўстанні, пасля чаго змог вярнуцца на Радзіму.

Адукацыю Міхаліна Ленская атрымала ў Празе[3]. Узімку 1904—1905 гадоў вывучала паланістыку на Вышэйшых жаночых курсах імя А. Баранецкага ў Кракаве[3]. Пасля заканчэння курсаў Ленская прыехала ў Мінск і стала настаўніцай польскай мовы, навучала прыватна. Аднак неўзабаве пашырыла сваю дзейнасць, арганізаваўшы ў снежні 1905 года шасцімесячныя курсы падрыхтоўкі «народных настаўніц», на якіх сама ж і выкладала[3]. У тым жа годзе ў Мінску пры ўдзеле Міхаліны была створана таемнае таварыства «Асвета», і Ленская неўзабаве ўвайшла ў склад яго кіраўніцтва[4][5][6]. У 1906 годзе яе курсы перайшлі пад апеку «Асветы» і сталі звацца настаўніцкімі семінарамі. Ленская загадвала семінарамі сумесна з Ганнай Чакатоўскай[7]. Семінары гэтыя складаліся з аднагадовага вышэйшага аддзялення і двухгадовага найніжэйшага, на якім вучыліся ў асноўным студэнткі з нізкім узроўнем падрыхтоўкі вясковага паходжання. У лістападзе 1906 года для іншагародніх студэнтак Ленская арганізавала інтэрнат. Дзякуючы працавітасці і стараннай працы Міхаліны Ленскай студэнткі, заканчваючы семінары, станавіліся «народнымі настаўніцамі» і раз’язджаліся па вёсках Міншчыны вучыць мясцовых дзяцей. Калі ў студзені 1907 года таварыства «Асвета» стала легальным, Ленская і Чакатоўская афіцыйна сталі кіраваць яго секцыяй — секцыяй настаўніцкіх семінараў. У 1909 годзе ўлады Расійскай імперыі забаранілі «Асвету», і таварыства перайшло працаваць у падполле, зноў стаўшы нелегальным[8]. Нягледзячы на ўзмоцнены паліцэйскі нагляд, Ленская праводзіла таемную асветніцкую працу аж да восені 1915 года. У гэты перыяд 1-2 разы на год у Мінску праходзілі г. зв. з’езды «народных настаўніц» пры актыўным удзеле Міхаліны Ленскай. Каб фінансава дапамагаць бедным настаўніцам, у 1909 годзе Ленская заснавала гурток таварыскай дапамогі працаўніц «Асветы», які пазычаў настаўніцам грошы ці мог вылучыць матэрыяльную дапамогу. Знакаміты польскі гісторык Раман Юркоўскі заўважыў:

  Хацелася б звярнуць увагу на адзін спецыфічны аспект дабрачыннай дзейнасці польскіх землеўладальнікаў, характэрны толькі для Забраных тэрыторый. Ён выразна адрозніваў дабрачыннасць з памежжа ад падобнай дабрачыннасці ў Заходняй Еўропе, Амерыцы ці нават Вялікай Польшчы. Падабенства паміж імі заключалася ў самім прынцыпе аказання бескарыслівай дапамогі бліжняму ў патрэбе больш заможнымі людзьмі. Другім падабенствам таксама былі пазітывісцкія крыніцы самой ідэі - грамадства ў цэлым з'яўляецца арганізмам, у якім важны кожны яго элемент, але галоўным кантралюючым элементам з'яўляецца мозг, гэта значыць сацыяльныя эліты, якія ў сваіх інтарэсах і інтарэсы ўсяго арганізма, варта клапаціцца і пра іншыя яго часткі. Розніца паміж дабрачыннасцю ў Польшчы і, напрыклад, у Заходняй Еўропе вынікала найперш са становішча палякаў, пазбаўленых уласнай дзяржавы. У гэтых умовах дабрачыннасць, апрача агульначалавечай ідэі грамадскай салідарнасці, несла ў сабе — характэрную толькі для польскіх земляў — абарончую функцыю перад расійскім ці нямецкім уплывам. Быў яшчэ адзін вельмі выразны элемент сярод землеўдальнікаў памежжа - усё яшчэ моцнае пачуццё місіі ў адносінах да края (у гэтым «нацыянальным» сэнсе) і людзей, якія жывуць у ім. Гэта спалучалася з глыбока і ўстойліва існаваўшым у свядомасці памешчыкаў перакананнем аб іх павіннасцях у адносінах да сялян, вытокам якога з'яўлялася працяглае валоданне прыгоннымі сялянамі. Нягледзячы на некалькі дзесяцігоддзяў, якія мінулі пасля адмены прыгоннага права, шматлікія памешчыкі па-ранейшаму адчувалі адказнасць за сялян і іх вёскі, што прылягалі да панскіх угоддзяў.[9]  

Працавала Міхаліна таксама ў таварыстве «Вера» выкладчыкам, з’яўлялася віцэ-старшынёй «Таварыства сяброў маладых навучэнцаў» (польск.: Towarzystwo Przyjaciół Uczącej się Młodzieży), якое было заснавана ў Мінску ў 1910 годзе[3]. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе, калі з прычыны вялікага наплыву ў Мінск бежанцаў з польскіх земляў быў створаны мінскі аддзел Польскага Таварыства Дапамогі Ахвярам Вайны, Міхаліна Ленская. увайшла ў яго кіраванне і загадвала секцыяй пачатковай адукацыі[3]. Пасля 1917 года была віцэ-прэзідэнтам Польскай школьнай культурна-асветніцкай арганізацыі Мінскай зямлі  (польск.) (польск.: Polska Mасіеrz Szkolna Zіеmі Mіńskіеj)[10]. Пасля Рыжскага дагавора 1921 года пераехала ў Польскую Рэспубліка. Працавала настаўніцай замежных моў і матэматыкі ў школах Ломжы, Катавіцаў і Беластоку. У 1931 годзе выйшла на пенсію і пераехала ў Вільню[3].

У 1939 годзе ў Варшаве была выдадзена яе сумесная з Людвікай Жыцкай манаграфія «Дзейнасць палякаў Міншчыны пасля паўстання» («польск.: Dzіаłalność popowstanіоwa Polaków na zіеmі mіńskіеj»)[11]. Мелася на ўвазе паўстанне 1863—1864 гадоў. У кнізе была апісана асветніцкая праца, грамадска-культурная і палітычная дзейнасць палякаў Міншчыны ў гэты перыяд.

Міхаліна Ленская таксама фігуравала ў брашуры эканаміста і грамадскага дзеяча Мечыслава Пароўскага «Грамадская праца польскай жанчыны на Міншчыне ў сферы народнай асветы ў 1900—1916 гадах» (польск.: «Praca społeczna kobіеty-Polkі») выдадзенай у Нясвіжы ў 1929 годзе[12]. З Мечыславам Пароўскім Ленская доўгі час працавала ў таварыстве «Асвета».

Памерла ў 1940 годзе ў Вільні.

Працы правіць

Зноскі

  1. https://wikidata-externalid-url.toolforge.org/?p=1207&url_prefix=http://nukat.edu.pl/aut/&id=n2013167072
  2. Michalina Łęska // MAK
  3. а б в г д е Polski słownik biograficzny / kom. red.: Bogusław Leśnodorski, przew., et al., Inst. Historii PAN. T. 18: Lubomirski Aleksander — Machowski Walenty. S. 357.
  4. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — Гродна. : ГрДУ, 2001. — 322 с, с. 184.
  5. Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1909. — Wilno: Nakładem «Kurjera Litewskiego», 1909 s. 148.
  6. Kulturalno-oświatowa działalność Polaków w Mińsku w latach 1905—1914 [w.] На шляхах да ўзаемаразумення. Навуковы зборнік, пад рэд. А. Мальдзіса і інш., Мінск, 2000, s.55.
  7. Ганна Чакатоўская была сваячкай Алімпіі Чакатоўскай (Замбжыцкай), якая прыходзілася хроснай маці Янку Купалу.
  8. Dariusz Tarasiuk: Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918. Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007, s. 211., s. 39-40. ISBN 978-83-227-2629-7.
  9. Roman Jurkowski, Polskie Towarzystwo Oświaty i Dobroczynności oraz Klub Polski w Mohylewie w latach 1906–1910. Fragmenty do dziejów oświaty, dobroczynności i organizacji polskich na Białorusi w początkach XX wieku Annales Universitatis Mariae Curie-Skłodowska. Sectio F, Historia 65/2, s. 99-121, s. 120.
  10. Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s., s. 42-43.
  11. Życka, Ludwіka і Łęska, Mісhalіna. Dzіаłalność popowstanіоwa Polaków na zіеmі Mіńskіеj: (materіаły і wspomnіеnіа). — Warszawa: nakł. Koła Przyjасіół Uchodźców z Mіńszczyzny, 1939.
  12. Mieczysław Porowski, Praca społeczna kobiety-Polki w Mińszczyźnie na polu oświaty ludowej w okresie 1900—1916 roku, Ziemianki Nowogrodzkie, Drukarnia «Wspólnej sprawy», Nieśwież, 1929.