Міхал Арановіч
Міхал Арановіч (польск.: Michał Aronowicz; 7 жніўня 1907 — 30 жніўня 1991, Гродна) — беларускі каталіцкі святар.
Міхал Арановіч | |
---|---|
Адукацыя | |
Нараджэнне |
7 жніўня 1907 |
Смерць |
30 жніўня 1991 (84 гады) |
Пахаванне |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў 1907 годзе ў Бельскім павеце Падляскага ваяводства. Вучыўся ў мясцовай школе, пасля ў прыватнай гімназіі ў Бельску Падляскім. Па заканчэнні гімназіі ў 1926 годзе паступіў у семінарыю ў Вільні. Адначасова вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта. 12 чэрвеня 1932 года ў касцёле Святых Янаў пасвечаны ў сан арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім.
Быў прызначаны вікарыем, а потым пробашчам парафіі ў Каменцы (цяпер Шчучынскі раён), дзе працаваў да 1938 года. У 1939 прызначаны вайсковым капеланам і ў тым жа годзе інтэрнаваны ў Літву. У 1941 быў ізноў прызначаны пробашчам парафіі ў Каменцы, і тут служыў да 1948, калі яго прызначылі капеланам брыгіцкага касцёла ў Гродне для сясцёр назарэтанак.
У 1950 годзе ўлады зачынілі гэты касцёл, і ксёндз Міхал Арановіч перанёс з яго службу ў бернардынскі касцёл, куды быў прызначаны вікарыем. У 1951 арыштаваны, да 1953 года знаходзіўся ў ссылцы ў Кемераўскай вобласці. Вярнуўшыся ў Гродна, з 1954 да смерці быў пробашчам бернардынскага касцёла і дэканам Гродзенскім. Таксама выконваў абавязкі генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі.
Пасля высылкі з Гродна пробашча фарнага касцёла з 1961 ксёндз Міхал Арановіч абслугоўваў і гэтую святыню, хаця б некалькі разоў у год, бо ўлады не дазвалялі рэгулярна праводзіць тут набажэнства. У гэты час у Гродне засталіся толькі два святары: Міхал Арановіч і францішканін Аркадзь Вальтас, пробашч парафіі Маці Божай Анёльскай. Калі апошні памёр, ксёндз Міхал Арановіч заставаўся адзіным гродзенскім святаром да прызначэння ў 1976 пробашчам францішканскай парафіі ксяндза Юзафа Трубовіча.
У 1979 г. Ян Павел II прызначыў ксяндза Міхала Арановіча прэлатам, у 1990 г. — інфулатам.
Святар памёр 30 жніўня 1991 года, пахаваны на старых гродзенскіх могілках.