Міхал Сапель (17 лістапада 1967, Браслаў10 снежня 2021) — беларускі каталіцкі святар, першы пробашч адроджанай парафіі Касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.

Міхал Сапель
Дзейнасць каталіцкі святар
Нараджэнне 17 лістапада 1967
Браслаў
Смерць 10 снежня 2021

Біяграфія правіць

Міхал Сапель нарадзіўся ў Браславе. Ягоны бацька быў праваслаўным і працаваў электрыкам, а маці каталічкай, якая працавала на мясцовым рыбзаводзе[1][2]. У 1984 годзе ён паступіў у медыцынскую вучэльню ў латвійскім Даўгаўпілсе, але праз год перавёўся ў духоўную семінарыю ў Рызе, якую паспяхова скончыў у 1990 годзе[2][3].

У 1990 годзе прызначаны вікарыем Касцёла Узвіжання Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Пазней ён атрымаў ад арцыбіскупа і будучага кардынала Казіміра Свёнтка заданне душпастырскай апекі над тымі, хто ў Мінску жадаў маліцца па-беларуску: «Ты мусіш заняцца беларусамі»[3].

Дзякуючы грамадска-палітычным пераменам на пачатку 1990-х гадоў, аднавіліся набажэнствы ў адной з забраных савецкімі ўладамі мінскіх святынь — Касцёле Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы[2][3]. У 1990-я парафія «стала сапраўды залатым месцам, дзе збіралася шмат [беларускай] выбітнай інтэлігенцыі»[1].

Сапель развіваў метадычную працу па перакладзе літургічных тэкстаў на беларускую мову, галоўным плёнам якой стаў выдадзены ў 2004 годзе «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі». Таксама ён наладжваў дабрачынную дзейнасць — у 1991 годзе ў Мінску з’явілася свая арганізацыя «Caritas», якая праз некалькі гадоў стварыла дзіцячы цэнтр у Лескаўцы[4][2][3]. У 1992 годзе было наладжана выданне часопіса «Хрысціянская думка»[1].

Акрамя парафіі на Залатой Горцы Сапель да 1996 года быў пробашчам парафіі ў Ракаве і пэўны час з душпастырскай неабходнасці служыў вернікам у Заслаўі[2][3].

Міхал Сапель памёр 10 снежня 2021 года на 55-м годзе жыцця.

Крыніцы правіць

  1. а б в Аксана Ючкавіч.. Кс. Міхал Сапель: «У святарскім жыцці трэба прытрымлівацца здаровых традыцый і прынцыпаў» . Сайт «Catholic.by» (12 чэрвеня 2015). Праверана 20 снежня 2021.
  2. а б в г д Адышоў у вечнасць ксёндз Міхал Сапель (+праграма развітання і пахавання) . Сайт «Catholic.by» (10 снежня 2021). Праверана 20 снежня 2021.
  3. а б в г д Памёр ксёндз Міхаіл Сапель — першы пробашч адроджанай парафіі святога Роха на Залатой Горцы . Сайт газеты «Наша Ніва» (10 снежня 2021). Праверана 20 снежня 2021.
  4. Карытас Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі . Сайт «Caritas.by» (14 верасня 2013). Праверана 20 снежня 2021.

Спасылкі правіць

  Голас паклікання - Размова з кс. Міхалам Сапелем