Намакрава
На́макрава[1] (трансліт.: Namakrava, руск.: Намокрово) — вёска ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Сінкевіцкага сельсавета.
Вёска
Намакрава
| ||||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьПершым жыхаром, хто пасяліўся тут, быў Юзік (так запісана афіцыйна) Іванавіч Адамец. Калі ў 1907 годзе Сялянскі пазямельны банк «Лахва» пачаў распрадажу зямлі, ён, дваццацівасьмігадовы хлопец, які прыехаў недзе з-за Ковеля, уладкаваўся стражнікам сцерагчы паўднёвыя рубяжы банкаўскіх земляў, што належалі да рэалізацыі. У хуткім часе ажаніўся з лахаўчанкай Ксеніяй Юльеўнай Дземідовіч. Летам 1908 года на ўласныя грошы купіў 229-ы квартал (22,29 дзесяціны) зямлі, які аформіў на жонку Ксенію Юльеўну, і яшчэ, узяўшы ў банку «Лахва» грошай у растэрміноўку, купіў 228-ы квартал (19,68 дзесяціны), аформіўшы на сябе[2].
Была збудавана хата з гаспадарчымі будовамі, распрацавана зямля пад поле. Але падзолістыя глебы, даволі бедныя на арганічныя рэчывы, давалі нізкі ўраджай, і таму ў 1912 годзе Адамец прадаў 228-ы квартал жыхару Дрэбска Стэфану Іванавічу Мардухаю.
Асабліва ажылі гэтыя мясціны ў 1920-х гадах. На землях Мардухая былі выяўлены вялікія залежы гліны. Яўрэй-прадпрымальнік Нырацкі, узяўшы ў Мардухая ў арэнду ладны кавалак зямлі, дзе была гліна, пабудаваў цагельню. Цэгла выпускалася высокай якасці, а таму карысталася попытам у Давыд-Гарадку, Лунінцы, Пінску і ў Польшчы. Нырацкі арганізаваў пагрузачныя плацы: адзін — за 3 км ад Намакрава ля Прыпяці (прычал Крупа), адкуль транспарціроўка ішла баржамі, а другі — на станцыі ў Сінкевічах, і цэгла вывозілася цягнікамі. Рабочы калектыў цагельні быў невялікі. Заробкі добрыя. І лахаўчане ды мокраўцы, што працавалі тут, у хуткім часе купілі зямлю, пабудавалі хаты. Вырасла невялікая вёсачка.
Нырацкі арганізаваў рыбалавецкую брыгаду, ды к таму ж дапамог Адамцам стварыць свой рыбгас, дзе вырошчваліся карпы, а Мардухаям — завесці пасеку і бортню. Усе гэтыя промыслы давалі значны даход як гаспадарам, так і прадпрымальніку.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ Матэрыялы другіх Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 7 снежня 2002 г., Лунінецкі сшытак № 2
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Намакрава