Наперад (газета)
«Наперад!» — газета групы беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі на тэрыторыях Беларусі ў складзе Міжваеннай Польшчы, удзельнікі якой сталі пазней заснавальнікамі Цэнтрасаюза, пасля чаго была заменена газетай «Народны звон». Выдавалася на беларускай мове ў Вільні (12.12.1929 — каля 10.10.1930).[1]
«Наперад!» | |
---|---|
| |
Тып | штотыднёвая |
Галоўны рэдактар | Мікалай Сіняўскі |
Заснавана | 12 снежня 1929 |
Спыненне публікацый | каля 10 кастрычніка 1930 (заменена газетай «Народны звон») |
Мова | беларуская |
Галоўны офіс | {Вільня, Віленская вул. 8-3 |
Кантэкст
правіцьПасля разгрому польскімі ўладамі ў пачатку 1927 г. Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і судовага працэсу над яе членамі ў асяроддзі беларускіх грамадскіх дзеячаў Заходняй Беларусі сфарміравалася асобная група, якая лічыла, што ва ўмовах узмацнення ўрадавых рэпрэсій адзінай магчымай тактыкай барацьбы за нацыянальна-культурныя правы беларусаў з'яўляецца кампраміс з уладамі, а менавіта, з санацыйным урадам маршала Пілсудскага. За свае праўрадавыя погляды гэта фупа атрымала назву «беларускай санацыі»[2]. Па прычыне таго, што лідзіруючыя пазіцыі ў групе займалі А. Луцкевіч і Р. Астроўскі, яе таксама нярэдка называлі групай Луцкевіча-Астроўскага.[3]
Заснаванне газеты
правіцьУ снежні 1929 г. група пачала выдаваць уласную тыднёвую газету (па тагачаснаму азначэнню «часопісь») «Наперад!». У першым рэдакцыйным артыкуле падкрэслівалася, што выданне будзе абапірацца выключна на беларускія інтэлектуальныя сілы і іх матэрыяльную падтрымку.
Рэдакцыя газеты адзначала:
Мы звярнуліся да цэлага раду беларускіх грамадскіх дзеячоў і культурных работнікаў прыняць чыннае ўчасце ў выдаванні нашае часопісі, дапамагаючы нам і літаратурнымі матэрыяламі і грашыма...[4] |
На заклік рэдакцыі, акрамя А. Луцкевіча і Р. Астроўскага, адгукнуліся члены Віленскай гарадской рады К. Крук, педагогі А. Трэгаса і Я. Шнаркевіч, беларускі дэпутат латвійскага парламента У. Пігулеўскі і інш. Рэдактарам і выдаўцом новай газеты з'яўляўся настаўнік М. Сіняўскі.
Палітыка рэдакцыі
правіцьПалітычны кірунак газеты «Наперад!» быў акрэслены як радыкальны, а ва ўступным артыкуле было змешчана палітычнае крэда, на якое павінен быў абапірацца створаны яе выдаўцамі рух. Газета падкрэслівала, што не будзе служыць ні Маскве, ні Рыму, ні Варшаве, а будзе «няўхільна будзіць беларускія масы да самадзейнасці і самаарганізацыі ва ўсіх галінах грамадскага жыцця»[5]. Дзеля гэтага аўтарамі тыднёвіка актыўна вылучалася ідэя «пазітыўнай працы». Аналіз матэрыялаў газеты «Наперад!» дазваляе вызначыць асноўныя кампаненты гэтай ідэі: ажыццяўленне нацыянальна-культурнай дзейнасці канстытуцьйным шляхам, шырокая праца ў галіне нацыянальнага ўзгадавання, перш за ўсё праз родную школу, антыпартыйнасць, адсутнасць радыкальна-палітычных патрабаванняў, прызнанне таго факту, што беларусы з’яўляюцца часткай польскай грамадзянскай супольнасці і ад гэтага маюць правы на падтрымку свайго нацыянальна-культурнага развіцця з польскіх урадавых фондаў[5][6][7]. У далейшым ідэя «пазітыўнай працы» у той ці іншай ступені чырвонай ніткай праходзіла праз усю дзейнасць групы Луцкевіча-Астроўскага.
Адначасова газета «Наперад!» востра крытыкавала існуючы ў БССР палітычны рэжым, асабліва за згортванне беларусізацыі і правядзенне калектывізацыі ў сельскай мясцовасці[5][8]. Такім чынам група Луцкевіча-Астроўскага імкнулася пазбавіць беларускую інтэлігенцыю «міражоў» адносна савецкай Беларусі, якія склаліся ў часы працы Грамады. Атакам газеты падвяргалася таксама дзейнасць пасольскага клуба «Змаганне» і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД), якую рэдакцыя газеты лічыла неадпаведнай інтарэсам беларускага народа[5][9].
Адносіны з польскім урадам
правіцьРазам з гэтым, «Наперад!» на сваіх старонках рабіла некаторыя негатыўныя заўвагі ў адрас палітыкі польскіх уладаў на т. зв. «Крэсах усходніх»[10]. Адзін нумар газеты быў нават канфіскаваны па загадзе гарадскога старасты Вільні за надта радыкальны тон матэрыялаў[11]. Гэта, аднак, не перашкаджала прадстаўнікам БХД і «Змагання» абвінавачваць групу Луцкевіча-Астроўскага ў сувязях з урадавымі коламі, а крытыку ўладаў у выданні лічыць адмысловым тактычным крокам, які павінен быў паказаць нібы радыкальную скіраванасць новаўтворанай групы[12].
Цікавасць уяўляюць матэрыялы газеты, прысвечаныя візіту прэзідэнта Польшчы I. Масціцкага на Віленшчыну ў чэрвені 1930 г. Група Луцкевіча-Астроўскага, адзіная сярод беларускіх палітычных груповак, удзельнічала ва ўрачыстых мерапрыемствах з гэтай нагоды[12]. Рэдакцыя «Наперад!» прысвяціла візіту спецыяльны нумар і ў прывітальным артыкуле зычыла Масціцкаму, каб той рэальнымі справамі «запісаў сваё імя ў гісторыю ў сувязі з рашучым і шчырым паваротам польскай палітыкі ў адносінах да беларускага народа»[13]. У газеце быў таксама надрукаваны «Мемарыял беларускіх культурна-асветніцкіх інстытуцый», які групы падалі ўласна прэзідэнту. У ім было адзначана, што далейшы лёс беларускай справы прыхільнікі Луцкевіча-Астроўскага звязваюць з Польскай дзяржавай, ад якой чакаюць шэрагу захадаў. Так, выказвалася ідэя выдзялення Віленскага, Наваградскага, Палескага і часткі Беластоцкага ваяводстваў у адну адміністратыўную адзінку з наданнем ёй аўтаноміі[14]. Акрамя гэтага, у мемарыяле ўтрымліваліся разгорнутыя патрабаванні ў адукацыйнай, асветніцкай і рэлігійнай сферах[15].
Ліквідацыя газеты
правіцьАпошні нумар газеты «Наперад!» выйшаў 3 кастрычніка 1930 г. У ім, акрамя іншага, быў змешчаны пратакол 1-й сесіі Галоўнай Рады Цэнтральнага саюза культурна-асветніцкіх і гаспадарчых арганізацый — новага грамадскага і культурнага аб'яднання, якое стварылі прыхільнікі групы Луцкевіча-Астроўскага[16]. Рыхтуючыся да парламенцкіх выбараў 1930 г., Цэнтральны саюз распачаў выданне новага друкаванага органа пад назвай «Народны звон», які цалкам замяніў газету «Наперад!».
Крыніцы
правіць- ↑ БелСЭ, Т.7, с.398 Говін С. В.
- ↑ Ладысеў У. Ф. Паміж Усходам і Захадам / П. I. Брыгадзін. — Мінск: БДУ, 2003. — С. 183. — 307 с.
- ↑ рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.] Гісторыя Беларусі: у 6 т. / А. Вабішчэвіч [і інш.].. — Мінск: Экаперспектыва, 2007. — Т. 5: Беларусь у 1917 — 1945 гг.. — С. 413. — 613 с.
- ↑ Ад рэдакцыі : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1929. — 12 снежня (№ 1). — С. 1.
- ↑ а б в г Наперад! : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1929. — 19 снежня (№ 2). — С. 1-2.
- ↑ Сваімі сіламі : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 6 лютага (№ 6). — С. 1.
- ↑ Эра. Яшчэ адна - можа апошняя - спроба : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 19 ліпеня (№ 21). — С. 1.
- ↑ "Калгасы" ў БССР : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 19 лютага (№ 8). — С. 1.
- ↑ Пара адкрыць карты! : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 25 сакавіка (№ 12). — С. 1—2.
- ↑ Асадніцтва ня спыняецца! : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 5 сакавіка (№ 10). — С. 1.
- ↑ Літоўскі цэнтральны дзяржаўны архіў (ЛЦДА). - Фонд 51. - Воп. 7. - Спр. 1008. Рэдагаванне газетаў "Наперад", "Народны звон", "Беларусісі звон".
- ↑ а б Wappa, E. №1 // Okoliczności powstania Centralnego Związku Białoruskich Organizacji i Instytucji Kulturalno-Oświatowych ("Centrasajuzu") i jego udział w wyborach 1930 r.. — Białoruskie Zeszyty Historyczne, 1994. — С. 67.
- ↑ Sprawozdanie z życia mniejszości narodowych za II i III kwartał 1930 r. – Warszawa: Wydział narodowościowy, 1930. – С. 59.
- ↑ Ладысеў У. Ф. Паміж Усходам і Захадам / П. I. Брыгадзін. — Мінск: БДУ, 2003. — С. 184. — 307 с.
- ↑ Sprawozdanie z życia mniejszości narodowych za II i III kwartał 1930 r. – Warszawa: Wydział narodowościowy, 1930. – С. 60.
- ↑ 1-ая сэсія Галоўнай Рады Беларускага "Цэнграсаюзу" : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 3 кастрычніка (№ 27). — С. 1—3.
Літаратура
правіць- Горны, Аляксандр Сяргеевіч Газета "Наперад" як друкаваны орган групы Луцкевіча-Астроўскага ў Заходняй Беларусі (1929 - 1930 гг.) // Консолидация белорусского народа во второй половине ХІХ - ХХІ вв.: : материалы Республиканской научно-теоретической конференции, Минск, 5 декабря 2012 г. . — Мінск: БНТУ, 2012. — С. 76-79.
- Wappa, E. №1 // Okoliczności powstania Centralnego Związku Białoruskich Organizacji i Instytucji Kulturalno-Oświatowych ("Centrasajuzu") i jego udział w wyborach 1930 r.. — Białoruskie Zeszyty Historyczne, 1994. — С. 63-72.
- Sprawozdanie z życia mniejszości narodowych za II i III kwartał 1930 r. – Warszawa: Wydział narodowościowy, 1930. – 182 с.
Спасылкі
правіць- «Наперад» (1929—1930) // Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka (LMAVB). Žygimantų g. 1, LT-01102 Vilnius)