Наступленне на Сеговію

Наступленне на Сеговіюваенная аперацыя, праведзеная рэспубліканскай арміяй падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі на Цэнтральным фронце з мэтай адцягнуць сілы нацыяналістаў з-пад Більбаа, прадухіліць падзенне Паўночнай зоны і заняць горад Сеговія. Пасля кароткага пачатковага поспеху наступленне правалілася з-за недахопу вопыту ў рэспубліканцаў і перавагі паўстанцаў у паветры.

Наступленне на Сеговію
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Бункер на Сэра-дэль-Пуэрка, адно з месцаў бітвы.
Бункер на Сэра-дэль-Пуэрка, адно з месцаў бітвы.
Дата з 30 мая па 4 чэрвеня 1937 года
Месца Навасерада, Сеговія, Іспанія
Вынік тактычная нічыя, стратэгічная перамога нацыяналістаў
Праціўнікі
Другая Іспанская Рэспубліка Рэспубліканцы Bandera del bando nacional 1936-1938.svg Нацыяналісты
Камандуючыя
Хасэ Міяха,
Караль Свярчэўскі,
Хасэ Марыя Галан
Хасэ Энрыке Варэла
Сілы бакоў
12 850 чалавек 9 225 чалавек
Страты
1800 забітых 1107 забітых

Планы, пазіцыі і сілы бакоўПравіць

Новаму ўраду Іспанскай рэспублікі, сфармаванаму ў сярэдзіне мая доктарам Хуанам Негрынам, тэрмінова патрабавалася значная перамога, таму ён даручыў падрыхтаваць план раптоўнай атакі на Сеговію, з намерам захапіць сталіцу правінцыі і паглыбіцца ў тэрыторыю ворага ў напрамку Вальядаліда. З іншага боку, у выпадку поспеху аперацыі, якая, як лічылася, не ўяўляла асаблівых цяжкасцяў, меркавалася адцягнуць сілы нацыяналістаў ад Більбаа і прадухіліць падзенне Паўночнай зоны.

Рэспубліканскія вышыні Навасерады, размешчаныя на паўночны захад ад Мадрыда, прадстаўляліся зручным месцам для наступлення, бо дамінавалі над Ла-Гранхай і далінай Эрэсмы. Мясцовасць не мела значных натуральных перашкод аж да Сеговіі. Акрамя таго, сасновыя лясы ў гэтым раёне спрыялі непрыкметнаму засяроджванню арміі. Сама Сеговія была важным камунікацыйным вузлом і стратэгічным пунктам, адкуль можна было пагражаць Старой Кастыліі.

З рэспубліканскага боку пазіцыі ў раёне меркаванага наступленне займаў армейскі корпус (тры дывізіі) пад камандаваннем палкоўніка Марыанеса.

У аперацыі, спланаванай начальнікам генеральнага штаба палкоўнікам Вісентэ Роха, меркавалася накіраваць брыгады, у тым ліку і інтэрнацыянальныя. Агульнае камандаванне ажыццяўляў камандуючы Цэнтральным фронтам (або арміяй цэнтра) генерал Хасэ Міяха, непасрэднае — генерал Вальтэр (ён жа Караль Свярчэўскі). Сілы рэспубліканцаў складалі каля 13 000.

Генерал Хасэ Варэла, які камандаваў 75-й дывізіяй і адказваў за гэты сектар абароны ў нацыяналістаў, лічыў, што ў выпадку наступлення асноўныя намаганні праціўніка будуць накіраваны на пазіцыі пры Ла-Гранхе, а найбольш уразлівы пункт у абароне — Кабеса-Грандэ. Таму, выконваючы яго просьбу аб падмацаванні, у Рэвенгу і Ла-Гранхе былі размешчаны тры новыя батальёны. Усяго сілы паўстанцаў складалі каля 10 000. Зігзагападобныя траншэі глыбінёй 65 см атачалі Ла-Гранху. Усе пад’езды да пасёлка прастрэльваліся з кулямётаў. Дванаццаць гармат ўзмацнялі абарону. Сее-дзе праз калючы дрот была прапушчана электрычнасць. Пад’язная дарога ад Ла-Гранхі да Валсайна забарыкадавалі бярвёнамі.

Наступальная аперацыяПравіць

 
Вайскоўцы-рэспубліканцы падчас аперацыі.

30 мая а 5:40 адбылася масіўная бамбардзіроўка авіяцыяй рэспубліканцаў варожых пазіцыі ў Крус-дэ-ла-Гальега, Кабеса-Грандэ, Матабуэесе і Валсайне. У 6 гадзін раніцы рэспубліканцы пачалі наступленне двума батальёнамі 69-й брыгады на Кабеса-Грандэ і Крус-дэ-ла-Гальега. Апошні захоплены без бою. Да вечара 69-я брыгада, нягледзячы на падтрымку танкаў, спынена ля Кабеса-Грандэ і ўзгорка Матабуэес. Правей 11-я інтэрнацыянальная брыгада, якая наступала на Сэра-дэль-Пуэрта, была спынена ля калючага дроту агнём артылерыі нацыяналістаў. У 07:00 прыбылі сем танкаў Т-26 і 14-я інтэрнацыянальная брыгада.

На паўночным флангу 31-я брыгада пачала атаку і, выйшаўшы за межы Ла-Гранхі, да 11:30 перарэзала дарогі да Сеговіі. У гэты крытычны момант табар (эквівалент батальёна) мараканцаў, перакінуты на грузавіках, прыбыў да Ла-Гранхі і аднавіў становішча.

31 мая ў 6:00 пачынаецца вельмі інтэнсіўны артабстрэл Кабеса-Грандэ. Пры падтрымцы танкаў рэспубліканская пяхота атакавала населены пункт і ў 12:00 захапіла пазіцыі нацыяналістаў. У цэнтральным сектары да сярэдзіны дня нацыяналісты, падмацаваныя табарам мараканцаў, адбілі ўсе атакі рэспубліканцаў. Аднак да канца дня 14-я інтэрбрыгада пасля чацвёртай франтальнай атакі здолела захапіць частку Сэра-дэль-Пуэрта. На правым флангу ў 13:20 сілы рэспубліканскай 31-й брыгады атакуюць па некалькіх напрамках і акружаюць пасёлак Ла-Гранха.

Апоўначы 1 чэрвеня 14-я інтэрнацыянальная брыгада спрабуе атакаваць пад Валсайнай, але яе выяўляюць і адбіваюць кулямётамі. Адначасова 31-я брыгада прасунулася наперад, але даведаўшыся, што перад ёй мараканцы, рэспубліканцы адступілі. У левым сектары 21-я брыгада пачынае адзін з лепшых манеўраў ва ўсім наступленне: яна спускаецца на раўніну, захапіўшы Ла-Касону і Касерыа дэ Сантыльяна. У гэтай крытычнай для нацыяналістаў сітуацыі толькі іх авіяцыя і артылерыя змаглі прыпыніць прасоўванне 21-й брыгады. У 12 гадзін дня Варэла, улічваючы знясіленне рэспубліканцаў, пры падтрымцы артылерыі атакуе і захоплівае Кабеса-Грандэ.

З 17:00 да 21:00 рэспубліканцы сіламі 69-й і 21-й брыгад пры падтрымцы артылерыі і пяці Т-26 безвынікова спрабуюць адбіць Кабеса-Грандэ. У цэнтральным сектары ў 14:00 14-я інтэрбрыгада пры падтрымцы танкаў спрабавала авалодаць пасёлкам Валсайн. У 20:00 14-я інтэрбрыгада распачала спробу ўдару на Сэра-дэль-Пуэрка з двух розных пунктаў. Варэла неадкладна загадвае атакаваць яе з Матабуэйеса ў фланг, тым самым паралізуючы небяспечны рэспубліканскі манеўр, і хоць стратэгічная сітуацыя не мяняецца, нацыяналісты спыняюць прасоўванне, падбіўшы 5 танкаў у Валсайне.

У правым сектары Ла-Гранха працягвала падвяргацца артылерыйскаму і авіяцыйнаму абстрэлу, але так і не была захоплена 31-й брыгадай, якая толькі змагла ўсталяваць сувязь з двума батальёнамі 14-й на сваім левым флангу. Рэспубліканскія войскі нясуць вялікія страты, што зніжае іх маральны дух.

2 чэрвеня рэспубліканцы распачалі апошнюю вялікую спробу наступлення, аднак 3 чэрвеня іх актыўнасць цалкам спынілася. У канцы дня пры падтрымцы авіяцыі была зроблена толькі адна атака. 4 чэрвеня амаль не было ніякай актыўнасці, рэспубліканскія войскі адышлі на зыходныя пазіцыі.

Страты і ваенны вопытПравіць

У рэспубліканцаў з 12 850 салдат загінула каля 1800, прыкладна 14% сіл. У нацыяналістаў з 9 225 салдат загінула 1107 салдат, або 12 % сіл.

Няўдалыя дзеянні Народнай арміі Рэспублікі паказалі, што яна яшчэ не была падрыхтавана да патрабаванняў сучаснай вайны. Рэспубліканцамі не праводзілася папярэдняя разведка атакаванай тэрыторыі. Грузавікі з войскамі, прызначанымі для наступлення, прыбывалі да месца прызначэння з уключанымі фарамі. У першы дзень наступлення толькі 3 брыгады з 7 запланаваных (каля 8000 чалавек з амаль 19000) выкарыстоўваліся на кірунку галоўнага ўдару. На наступны дзень гэта было выпраўлена, але фактар раптоўнасці згубілі. На працягу ўсёй аперацыі пераважалі лабавыя атакі на пазіцыі праціўніка.

Вырашальным фактарам у перамозе нацыяналістаў, пачынаючы з 1 чэрвеня, стаў абсалютны кантроль іх авіяцыі ў паветры. Шматлікая рэспубліканская авіяцыя дзейнічала запознена і дрэнна, без узгаднення са сваімі сухапутнымі войскамі.

ЛітаратураПравіць

  • Томас Х. Гражданская война в Испании. 1931—1939 гг. — М.: Центрполиграф, 2003. — 573 с. — ISBN 5-9524-0341-7.
  • Данилов С. Ю. Гражданская война в Испании (1936—1939). — М.: Вече, 2004. — 352 с. — ISBN 5-9533-0225-8.

СпасылкіПравіць

  • La Batalla de La Granja. Parte I. Introducción. Preparando la Ofensiva [1]
  • La Batalla de La Granja. Parte II. La Ofensiva [2]
  • La Batalla de La Granja. Parte III y Final. Estadillo de bajas. Recapitulando [3]