Нойбургскія маёнткі

(Пасля перасылкі з Нойбургскія ўладанні)

Нойбургі (ням.: Neuburger) — дынастыя князёў нямецкага княства Нойбург, прадстаўнікі якой на працягу 16951744 гадоў валодалі так званымі Нойбургскімі маёнткамі ў ВКЛ — Слуцкім княствам, Себежскім і Невельскім графствамі, Копыссю, Раманавам, Беліцай, Кейданамі, Біржамі, Заблудавам.

Князь нойбургскі Карл Філіп

Пачатак утварэнню гэтага своеасаблівага анклава на тэрыторыі ВКЛ паклаў другі шлюб (10 жніўня 1688) адзінай дачкі Багуслава Радзівіла (1620—1669) Людвікі Караліны (па-нямецку: Луізы Шарлоты; 27 лютага ці 9 сакавіка 1667 — 25 сакавіка 1695) з князем нойбургскім Карлам Філіпам (4 лістапада 1661 — 31 снежня 1742), у 1697 годзе беспаспяховым прэтэндэнтам на польскую карону, з 1716 года курфюрстам-пфальцграфам Рэйнскім. Пасля смерці Людвікі Караліны яе ўладанні ў ВКЛ, спадчына Багуслава Радзівіла, перайшлі да двухгадовай дачкі Лізаветы Аўгусты Сафіі (17 сакавіка 1693 — 30 студзеня 1728), якой апекаваўся бацька, князь Карл Філіп Нойбург. З 1717 года Лізавета Аўгуста Сафія была замужам за пфальцграфам Зульцбахскім Іозефам Карлам Эмануэлем (1693—1729); пасля яе смерці «Нойбургскія маёнткі» перайшлі да трох дачок ад гэтага шлюбу: Лізаветы Аўгусты (17 студзеня 1721 — 17 жніўня 1794), Марыі Анны Шарлоты (22 чэрвеня 1722 — 25 красавіка 1790) і Марыі Францыскі Даратэі (16 чэрвеня 1724 — 15 лістапада 1794), якімі ізноў апекаваўся Карл Філіп. Яго смерць у 1742 годзе прыспешыла аднаўленне спадчынных правоў Радзівілаў на «Нойбургскія маёнткі», якія на працягу паўстагоддзя былі сталым аб'ектам судовых працэсаў і ўзброеных наездаў прэтэндэнтаў з буйных вялікалітоўскіх магнацкіх родаў. Пасля працяглых перамоў з Нойбургамі і іншымі зацікаўленымі бакамі іх уладальнікам 22 мая 1744 года стаў князь Геранім Фларыян Радзівіл, якому давялося заплаціць 230 тысяч дукатаў кампенсацыі новаму курфюрсту-пфальцграфу Рэйнскаму Карлу Тэадору (1724—1799), мужу Лізаветы Аўгусты, а таксама 2 млн злотых Сапегам, 1 млн злотых прускаму каралю Фрыдрыху II і іншым у якасці кампенсацыі.

Цэнтрам велізарнай латыфундыі Нойбургаў у ВКЛ, у якой пасля Людвікі Караліны ніхто з іх не бываў, быў Слуцк. Усё кіраванне адбывалася праз эканомаў (з 1682 па 1714 год гэту пасаду займаў Станіслаў Незабытоўскі), злоўжыванні якіх выклікалі рэзкія пратэсты мясцовага насельніцтва, якія часта перарасталі ў паўстанні (1684, 1685, 1695, 1699 і г. д.). Нягледзячы на высокія падаткі і злоўжыванні, Слуцк пры Нойбургах быў буйнейшым эканамічным цэнтрам Беларусі, які па колькасці мануфактур і цэхаў і аб'ёме іх вытворчасці далёка перавышаў іншыя гарады. Экстэрытарыяльнасць «Нойбургскіх маёнткаў» спрыяла і большай, чым у іншых частках ВКЛ, рэлігійнай талерантнасці: праваслаўным Слуцкага княства было дазволена заставацца па-за Уніяй (толькі ў Слуцку налічвалася 14 праваслаўных цэркваў); Людвіка Караліна, гарачая прыхільніца кальвінізму, усяляк падтрымлівала гэту канфесію, якой у 1693 годзе падаравала слуцкую друкарню, выдаткавала значныя сродкі на выданне тут Новага Запавету на літоўскай мове. Працяглая эканамічная і культурная адасобленасць «Нойбургскіх маёнткаў» ад ВКЛ праяўлялася і пазней: тут быў галоўны асяродак рэлігійнага «дысідэнцтва» ў ВКЛ, што выявілася, напрыклад, у Слуцкай канфедэрацыі 1767 года.

Літаратура правіць

  • Jelski A. Neuburskie dobra na Litwie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. VII. Warszawa, 1886.
  • Грицкевич А. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв. Мн., 1975.
  • Idem. Древний город на Случи. Мн., 1985.
  • Грыцкевіч А. Маргінальныя тэрыторыі Беларусі. Невель і Себеж у XVII—XVIII стст. // Спадчына, № 1. 1995.
  • Mörz S. Die letzte Kurfürstin. Elisabeth Augusta von der Pfalz, die Gemahlin Karl Theodors. Stuttgart etc., 1997.

Спасылкі правіць