Падляска-Брэсцкая ўпадзіна
Падляска-Брэсцкая ўпадзіна — буйная адмоўная тэктанічная структура Рускай пліты на паўднёвым захадзе Беларусі і сумежнай тэрыторыі Польшчы.
На поўначы і поўдні абмежавана разломамі субшыротнага распасцірання Свіслацкім і Паўночна-Ратнаўскім, за якімі размешчаны адпаведна Беларуская антэкліза і Лукаўска-Ратнаўскі выступ Валына-Падольскай пліты. Усходняя мяжа з Палескай седлавінай праведзена ўмоўна па глыбіні залягання паверхні крышталічнага фундамента 500 м ніжэй узроўню мора. На захадзе ўпадзіна прымыкае да лініі Тэйсейра—Торнквіста. Выцягнута ў субшыротным напрамку на 350 км, шырыня 90—130 км.
Мае выгляд структурнага заліва, які цэнтраклінальна замыкаецца на ўсходзе і адкрываецца на захадзе. Паверхня фундамента паглыбляецца ад 500 м да 9000 м ніжэй узроўню мора, ускладнена разломамі паўночна-ўсходняга напрамку і лакальнымі малаамплітуднымі падняццямі, якія праяўляюцца ў платформавым чахле да ніжняга дэвону ўключна. Запоўнена познапратэразойскімі, палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі. Асноўны этап фарміравання — каледонскі (ранні кембрый — ранні дэвон).
Літаратура
правіць- Зінавенка Г. Падляска-Брэсцкая ўпадзіна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).