Падушны падатак — асноўны прамы падатак у Расійскай імперыі ў XVIIIXIX стст.

Уведзены ў 1724 г. імператарам Пятром I. Абкладалася ўсё мужчынскае насельніцтва падатковых саслоўяў паводле перапісаў, якія праводзіліся перыядычна. Памеры падатка павялічваліся. У 1867 г. па рэгіёнах Расійскай імперыі падушны падатак вагаўся ад 1,15 да 2,61 руб. з рэвізскай душы. Да дзяржаўных падушных збораў належалі таксама земскі падушны збор з сялян на казённыя выдаткі і грамадскі збор з дзяржаўных сялян, уведзены на пачатку 1840-х гадоў. У сярэдзіне 1860-х гадоў у Еўрапейскай частцы імперыі падушныя зборы складалі каля 70% агульнай сумы прамых падаткаў.

На Беларусі

правіць

На тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў, якія ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, замена падворнага абкладання падушным падаткам адбылася ў канцы XVIII ст. Яго памер складаў каля 1 рубля срэбрам. З-за слабой плацежаздольнасці насельніцтва і каб паступова прызвычаіць да расійскай падатковай сістэмы, насельніцтву на некаторы час даваліся льготы. У снежні 1772 г. жыхары Беларускага генерал-губернатарства былі вызвалены ад падушнага падатку на паўгода, у красавіку 1793 г., пасля інкарпарацыі цэнтральнай часткі беларускіх земляў у ходзе другога падзелу Рэчы Паспалітай, — на 2 гады. З 1797 г. на працягу 10 гадоў ва ўсіх беларуска-літоўскіх губернях, афіцыйна, дзяржаўныя падаткі браліся ў меншым памеры, але да 1811 г. яны збіраліся тут не асігнацыямі, як гэта было ў расійскіх губернях, а серабром, рэальны курс якога быў намнога вышэйшы.

Падушны падатак быў цяжкім і яго спагнанне адбывалася з нарастаючымі недаплатамі. Напрыклад, казённыя сяляне спачатку адносна паспяхова спраўляліся з выплатай падушнага падатку. Па Мінскай губерні нядоімка, што сабралася да 1812 г., складала менш за 1/10 ад сумы няўнесеных падаткаў гэтага года. Да 1839 г. нядоімкі ў выплаце падаткаў і земскіх збораў у дзяржаўных вёсках Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губерняў складалі ў сярэднім 1,8—1,2—0,3—0,8 і 0,2 акладу на душу, адпаведна. Вялікая нядоімка па падушным падатку і адмовы насельніцтва плаціць, вымусілі з 1887 г. адмяніць яго ў еўрапейскай частцы імперыі (з мяшчан і цэхавых — з 1863 г. і заменены падаткам на нерухомую маёмасць).

Літаратура

правіць
  • Неупокоев, В. И. Государственные повинности крестьян Европейской России в конце XVIII — начале XIX века / В. И. Неупокоев; АН СССР, Ин-т истории СССР. — Москва: Наука, 1987. — 286, [2] с.
  • Панюціч, В. П., Сосна, У. А. Падушны падатак / В. П. Панюціч, У. А. Сосна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10). — С. 508.
  • Руковский, И. Историко-статистические сведения о подушных податях // Труды Комиссии для пересмотра системы податей и сборов. Т. I. — СПб., 1866.
  • Сосна, У. Падушны падатак / Уладзімір Сосна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. — С. 375.
  • Троицкий, С. М. Финансовая политика русского абсолютизма в XVIII веке / С. М. Троицкий; АН СССР, Ин-т истории. — Москва: Наука, 1966. — 275 с.