Палітыка Венесуэлы

Венесуэла — федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка, падзяляецца на 23 штаты і сталічную тэрыторыю. Палітычнае жыццё краіны вызначае ініцыяваная прэзідэнтам Чавесам Канстытуцыя 1999, паводле якой Баліварыянская Венесуэла — сацыялістычная дзяржава, што развіваецца з апорай на ўласныя сілы. У аснову знешняй палітыкі пакладзены антыамерыканскія погляды з марай аб шматпалярным свеце. У 2006-2013 Венесуэла самым шчырым чынам сябравала з Беларуссю.

Дзяржаўны лад правіць

 
Уга Чавес галасуе на рэферэндуме, снежань 2007

Венесуэла — прэзідэнцкая рэспубліка. На чале дзяржавы i ўрада — прэзідэнт, які з'яўляецца адначасова главой дзяржавы і кіраўніком ураду і выбіраецца насельніцтвам на шэсць год. Да рэферэндуму 15 лютага 2009 года адзін і той жа чалавек мог быць абраным на пасаду кіраўніка дзяржавы не больш як на два тэрміны запар. Уга Чавес — першы прэзідэнт Баліварыянскай Венесуэлы —двойчы выносіў на рэферэндум пытанне аб неабмежаванай колькасці тэрмінаў. Прызнаўшы паразу на першым рэферэндуме, ён перамог на другім, каб па жудаснай іроніі лёсу кіраваць некалькі месяцаў свайго здабытага з боем звыштэрміновага тэрміну з бальнічнага ложка. Новым прэзідэнтам стаў Нікалас Мадура — паслядоўны прыхільнік Чавеса. 23 студзеня 2019 спікер Нацыянальнай асамблеі Хуан Гуайдо абвясціў сябе выконваючым абавязкі прэзідэнта краіны і прынёс прысягу проста на масавым мітынгу ў Каракасе. Аб прызнанні Гуайдо кіраўніком Венесуэлы заявілі ЗША, Канада, большасць краін Паўднёвай Амерыкі, Еўрапарламент, Аўстралія, Ізраіль.

Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Нацыянальная асамблея (Asamblea Nacional), якая складаецца са 165 дэпутатаў, пры гэтым 3 месцы замацавана за прадстаўнікамі карэнных народаў Венесуэлы. 162 дэпутаты абіраюцца па прапарцыйна-спіскавай сістэме ў шматмандатнай акругах, у тым ліку 97 персанальна, а 65 — па партыйных спісах. Тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў — пяць год. Дэпутаты могуць выбірацца максімум на тры тэрміны. На парламенцкіх выбарах 2015 перамогу атрымаў апазіцыйны блок "Круглы стол дэмакратычнага адзінства" (56 % месцаў у Асамблеі). Чавісцкі "Вялікі патрыятычны полюс" набраў 41 % галасоў.

Вышэйшы судовы орган — Вярхоўны суд (Tribunal Supremo de Justicia). Яго члены выбіраюцца на адзін дванаццацігадовы тэрмін.

У Венесуэле назіраецца культ Сімона Балівара, што адбілася нават у назве рэспублікі. У гонар Вызваліцеля названы найвышэйшы пункт краіны, грашовая адзінка. У час прэзідэнцтва Чавеса адно з крэслаў на паседжаннях дзяржаўнага савета заўсёды было пустым, Чавес сцвярджаў, што ў гэтым крэсле засядае прывід Сімона Балівара.[1]

Знешняя палітыка правіць

 
Нікалас Мадура ачольвае XIV сустрэчу ALBA, 2017

Пакідаючы гісторыі палітычныя крызісы 1900-х, на працягу ХХ стагоддзя Венесуэла падтрымлівала сяброўскія адносіны з большасцю краін Амерыкі і свету. Сітуацыя змянілася пасля спробы дзяржаўнага перавароту 2002, калі ЗША прызналі легітымнасць часовага ўраду Педра Кармона. З таго часу антыімперыялістычная палітыка Чавеса ўзмацнілася, і адносіны Венесуэлы з большасцю неварожых да ЗША краін свету сталі нацягнутымі. У 2015 Нікалас Мадура афіцыйна заявіў, што ЗША і Абама ўяўляюць пагрозу для яго краіны.

Адпаведна, сябрамі Венесуэлы з'яўляюцца ўсе апаненты ЗША і ўсе сацыялістычныя дзяржавы свету (што, як правіла, супадае). У Лацінскай Амерыцы гэта Балівія, Нікарагуа, Куба; у свеце — Расія і Кітай. 27 красавіка 2017 Венесуэла заявіла, што пакідае Арганізацыю амерыканскіх дзяржаў (ААД) у адказ на ўмяшальніцтва арганізацыі ў палітычны крызіс у Венесуэле.[2] З мэтай гуртавання адзінадумцаў з ініцыятывы Чавеса быў створаны "Баліварыянскі альянс для народаў нашай Амерыкі" (ALBA), куды ўваходзіць 10 дзяржаў (з іх 7 карыбскіх) і дзе асноўную скрыпку грае Венесуэла. Тэарэтычна ж галоўнай палітычнай ідэяй сучаснай Венесуэлы з'яўляецца мультыпалярны свет, у якім краіны, што развіваюцца, будуць знітаваныя трывалымі сувязямі.

Адносіны з Рэспублікай Беларусь правіць

Дыпламатычныя адносіны ўсталяваны 4 лютага 1997 года[3]. Кіраўніцтвы Беларусі i Венесуэлы маюць падобныя пазіцыі па асноўных пытаннях сусветнай палітыкі. Краіны актыўна ўдзельнічаюць у працы ААН, Руху недалучэння. На тэрыторыі Венесуэлы пры ўдзеле беларускіх спецыялістаў завершана будаўніцтва і ўведзены ў эксплуатацыю такія аб'екты як жылы мікрараён на 2520 кватэр у сектары Гуасімаль, г.Маракай, штат Арагуа; жылы мікрараён на 4448 кватэр у раёне ваеннай базы «Лібертадор», штат Арагуа; 288 кватэр у складзе 8 дамоў у раёне ваеннай базы «Фуэртэ цівун», штат Міранда; завод па вытворчасці керамічных блокаў магутнасцю 25 млн. блокаў у год у Гуарэнас-Гуацірэ, штат Міранда; завод «ВенеМінск» па зборцы трактароў «Беларус», завод па зборцы грузавых аўтамабіляў "МАЗ", завод па зборцы дарожна-будаўнічай тэхнікі — усе ў прамысловай зоне «Санта Інэс», штат Барынас.[4]

Цяпер відавочна, што беларуска-венесуэльскія адносіны можна падзяліць на два перыяды: чавесаўскі і постчавесаўскі. Першы перыяд (2006 - 2013) характарызуецца цеплынёй і станоўчай дынамікай адносін. Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес ў 2006 годзе наведаў Беларусь і з тых часоў ажыццяўляў візіты штогод — у 2007, 2008, 2009 і 2010 гадах. Беларускі прэзідэнт, Аляксандр Лукашэнка ў адказ наведаў Венесуэлу ў 2007, 2010 і 2012 гадах. Два лідары вельмі сімпатызавалі адзін аднаму. У гэтыя гады актывізавалася эканамічнае супрацоўніцтва, а таксама развіццё двухбаковых сувязей у галіне культуры, навукі, адукацыі, у гуманітарнай сферы. Прэзідэнты Беларусі і Венесуэлы прынялі ўдзел у пуску першай чаргі сумеснага прадпрыемства па здабычы нафты «Петралера Беловенесалана». Яно здабыла 1 млн тон нафты ўжо ў 2008, а ў перспектыве планавалася здабыча да 7 млн тон нафты штогод. 5 сакавіка 2013, у дзень смерці Уга Чавеса, па ўсёй Беларусі былі прыспушчаны дзяржаўныя сцягі.

З прыходам да ўлады Нікаласа Мадура пачалося ахаладжэнне адносін. Хоць Беларусь стала адной з першых краін, якія наведаў Нікалас, гэта адбылося хутчэй за ўсё па інерцыі. У наступныя гады аб'ём гандлю скараціўся ў сотні разоў (з 1,4 млрд дол. у 2010 і 2011 да 2 млн у 2016), затухлі супольныя праекты, дзяржаўныя СМІ перасталі называць Венесуэлу і яе новага прэзідэнта нашымі сябрамі. Па той жа інерцыі у 2010-х гады былі дабудаваны сумесныя прадпрыемствы.

Беларуска-венесуэльскія адносіны знайшлі адлюстраванне ў культуры: так сяброўскім эканамічным стасункам дзвюх дзяржаў прысвечана песня "Венесуэла" гурта Разбітае сэрца пацана.

Адміністрацыйны падзел правіць

 
Адміністрацыйны падзел Венесуэлы (македонскай мовай)

Венесуэла — федэратыўная рэспубліка. Венесуэла падзелена на 23 штаты (estados), адну федэральную (сталічную) акругу (distrito federal) и адно федэральнае ўладанне (dependencia federal) (72 дробныя астравы ў Карыбскім моры). На муніцыпальным узроўні Венесуэла падзяляецца на 335 муніцыпій (municipios), а на базавым — на 1,084 паветаў (parroquias). Штаты згрупаваныя ў 9 адміністрацыйных рэгіёнаў (regiones administrativas), што былі ўсталяваны ўрадам у 1969 годзе.

Венесуэла прэтэндуе на дзве траціны тэрыторыі суседняй Гаяны на захад ад ракі Эсекіба. Восьмая зорка на сцягу Венесуэлы, дададзеная Уга Чавесам у 2006 годзе, сімвалізуе не толькі Сімона Балівара, але і тэрыторыю Гаяна-Эсекіба.

Зноскі