Партрэт каралевы Марыі Казіміры, жонкі Яна ІІІ Сабескага

«Партрэт каралевы Марыі Казіміры, жонкі Яна ІІІ Сабескага» — карціна са збораў Нясвіжскага замка, напісаная невядомым мастаком у апошняй чвэрці XVII ст. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (інв. ЗЖ 232. НММ РБ). Памер карціны — 81 × 61 см[1].

невядома
Партрэт каралевы Марыі Казіміры, жонкі Яна ІІІ Сабескага. апошняя чвэрць XVII стагоддзя
Матэрыял палатно і алейныя фарбы
Памеры 81 × 61 см
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск
(інв. ЗЖ 232)

Гісторыя правіць

Апошняя з Сабескіх, Марыя Караліна (1697—1740), дачка Якуба, незадоўга да смерці завяшчала ўсе ўладанні (11 гарадоў, у т.л. Жоўкву і 140 сёл) Міхалу Казіміру Радзівілу. Хутчэй за ўсё, такім шляхам сямейныя рэліквіі Сабескіх, у т.л. партрэты патрапілі да Радзівілаў. Партрэты «караля Яна і каралевы пад адным № 459 і адной меры, на палатне маляваныя, без рам» фігуруюць у вопісе карцін Бельскага замка 1760 года[2]. У спісе работ, прывезеных ксяндзом Рыякурам у Нясвіж у прамежку часу 1756—1760 гг., першым стаіць «партрэт Яна ІІІ і самой [г.зн. жонкі], аднолькавыя»[3]. У вядомым вопісе партрэтаў у Нясвіжскім замку 1857 г. ёсць «Maria Kazimera, zona Jana III» з пазнакай — памерла ў Блуа ў Францыі (№ 87)[4]. Нарэшце, у вопісе 1939 г. пад № 91 знаходзіцца «Марыя Казіміра, жонка Сабескага, з годам смерці 1716, памерам 80х60». У тым жа вопісе, як партрэт невядомай дамы, фігуруе палатно памерам 100х83. (№ 219)[5]. Магчыма, маецца на ўвазе дадзены партрэт (101х82 см)[6]. На некалькіх фотаздымках партрэт адлюстраваны ў інтэр’ерах пакояў. Ён добра бачны на адным з фота салона, а таксама фота спальні, дзе вісіць збоку на сцяне над ложкам[1].

Пасля 1939 г. партрэт Марыі Казіміры Сабескай трапіў у Мінск, адкуль вывезены ў Германію ў 1944 г. Вернуты ў Мінск з ДМВП г. Масквы у 1957 г[1]. У 1968 г. перададзены з музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР. Апублікаваны ўпершыню Т. А. Карповіч і Ежы Петрусем у каталогу выстаўкі «Партрэты знакамітых асоб Рэчы Паспалітай у мінскіх зборах» (Кракаў, 1991 г.). Складальнікі пазначылі яго як «Партрэт дамы», паказаўшы на нясвіжскае паходжанне і стылістычную сувязь з партрэтамі французскай традыцыі, якія ўзніклі ў колах польскага каралеўскага двара[6][7].

У 1969—1970 гг. выканана апошняя рэстаўрацыя партрэта была рэстаўратарам вышэйшай катэгорыі Л. І. Яшкінай ва Усесаюзнай цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі па кансервацыі і рэстаўрацыі музейных мастацкіх каштоўнасцей у Маскве. Як бачна на рэнтгенаграме, стан захаванасці аўтарскага жывапісу да рэстаўрацыі быў сумным. На рэнтгенаграмах бачныя шматлікія дробныя выпадзенні фарбавага слою з грунтам. Страты аўтарскага жывапісу па беглай візуальнай ацэнцы складалі звыш 50 %. Меліся таксама прарывы ​​і страты аўтарскага палатна з жывапісам на вачах партрэтаванай. У ходзе правядзення рэстаўрацыйных работ, у прыватнасці раскрыцця жывапісу ад позніх запісаў, высветлілася, што янцы цалкам пакрывалі фон карціны, які быў моцна разбураны. У верхнім левым куце пасля выдалення запісаў быў выяўлены часткова страчаны надпіс. Па дадзеных мікрахімічнага даследавання грунт пад жывапісам каляровы, двухслаёвы: больш тонкі, ніжні пласт светлага шаравата-карычневага колеру, верхні — светлага ружавата-карычневага. Выкананы партрэт тэмперай і алеем. Пісьмо шматслаёвае (фарбавы слой складаецца з больш шчыльнага падмалёўка і напаўпразрыстых завяршальных слаёў), гладкае[6].

У манаграфіі «Тэхналогія станковага жывапісу» Ю. І. Грэнберг адзначае, што «ў XVII ст. галандскія і фламандскія майстры шырока выкарыстоўвалі каляровыя грунты — вохрыстыя, залаціста-жоўтыя, жамчужна-шэрыя, шэра-блакітныя, чырванаватыя, чырванавата-карычневыя і іншых колераў і адценняў, аднак яны рэдка былі гэтак жа цёмнымі, як грунты іх італьянскіх, французскіх або іспанскіх сучаснікаў»[8]. Гэта дае падставы меркаваць, што аўтар дадзенай карціны належаў, ці, прынамсі, быў знаёмы з тэхнікай галандскай і фламандскай школ жывапісу[6].

Апісанне правіць

На партрэце намалявана досыць маладая дама, якая сядзіць павернутая на тры чвэрці направа, у дэкальтаванай прыгожай сукенцы, абсыпанай каштоўнымі камянямі. Да сукенкі прымацаваныя на грудзях і плячах жамчужныя падвескі, на шыі такія ж каралі. Рукі, аголеныя да локцяў, свабодна пакладзены перад сабой, пальцы расслаблены. Пад правай рукой бачны кавалак гарнастаевай мантыі, вышэй ледзь праглядаецца галаўны ўбор, упрыгожаны каштоўнымі камянямі. У кантрасце з гэтай раскошай сумны твар выцягнутага авала, з прамым носам, вялікімі вачыма і вузкім падбароддзем. У левым верхнім куце надпіс пазначае намаляваную асобу, але левая палова тэксту цалкам сцёртая, так што немагчыма зразумець яго змест[6].

У Нацыянальным музеі ў Варшаве захоўваецца партрэт Марыі Казіміры Сабескай, вельмі падобны да мінскага (нясвіжскага), але крыху меншых памераў (80,5х62,5 см, інв. № МР 3167). Яго прыпісваюць невядомаму мастаку, які працаваў у Польшчы ў трэцяй чвэрці XVII ст. Уздоўж верхняга краю карціны захаваўся лацінскі надпіс: "MARIA D"ARQIAN. REGINE. OL. IOAN III". Калі не падвяргаць сумненню надпіс на варшаўскім партрэце, то, верагодна, і нясвіжскі партрэт адлюстроўвае Марыю Казіміру Сабескую. Ці належаць яны абодва аднаму майстру, ці адзін з іх з’яўляецца паўтарэннем, без невядома[6]. Існуе некалькі версій кампазіцыйна падобных партрэтаў каралевы, намаляваных у майстэрні французскага мастака П’ера Міньяра[1].

Зноскі

  1. а б в г Лёс фамільных скарбаў магнацкіх родаў Беларусі : зборнік матэрыялаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Лёс фамільных скарбаў магнацкіх родаў Беларусі» (Нясвіж, 10 лістапада 2020 г.) і Міжнароднага навуковага семінара «Крыпта князёў Радзівілаў у Нясвіжы: гісторыя, сучасны стан, даследаванні, перспектывы выкарыстання» (Нясвіж, 4 кастрычніка 2019 г.)/ уклад. У. У. Караленак, С. М. Клімаў. — Нясвіж : Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», 2020. 380 с. [16] л. іл.: іл. ISBN 978-985-904-826-5.
  2. Euzebiusz Lopacinski. Zamek w Bialej Podlaskiej. Materialy arhiwalne BHS, XIX, 1957, № 1, S. 37 — 47.
  3. НГА РБ. Ф. 694, воп. 1, адз. зах. 55, л. 69.
  4. НГА РБ. Ф. 694, воп. 1, адз. зах. 108.
  5. Нясвіжскія зборы Радзівілаў.-Вяртанне-7. Мн. 2002. С. 87.
  6. а б в г д е ПОРТРЕТ НЕИЗВЕСТНОЙ (МАРИЯ СОБЕСКАЯ) Архівавана 27 лістапада 2021.
  7. Jerzy T. Petrus, Taisija A. Karpowicz. Portrety osobistości dawnej Rzeczypospolitej w zbiorach Minskich. Katalog wystawy. Krakćw. 1991 N22.
  8. Гренберг Ю.И. Технология станковой живописи. М. 1982. с. 103-104.