Паўліны (Pavo) — род птушак сямейства фазанавых атрада курападобных.
У самцоў даўжыня цела да 125 см, хваста да 45 см, падоўжаных, упрыгожаных «вочкамі» пёраў надхвосця да 150 см; маса да 4,3 кг. Афарбоўка яркая, пераважна сіне-зялёная, з металічным адлівам. На галаве чубок. Самкі драбнейшыя, бурага колеру, без доўгага надхвосця. Кормяцца насеннем, зернем, травой, насякомымі. Палігамы. Пры такаванні самец разводзіць пёры надхвосця веерам і падымае іх амаль вертыкальна. Нясуць да 6 яец.
Паўлінамі называюць таксама пароду галубоў свойскіх (паўлінавыя галубы, трасуны) з веерападобным або трубападобным хвастом (адсюль часам назва трубачы). Паходзяць з Індыі, у Еўропе — з 17 ст., адна з найбольш пашыраных парод.
- Петрыкаў А. Паўліны // БЭ ў 18 т. Т. 12. Мн., 2001.