Паўночнае ззянне

беларускі кінафестываль

«Паўно́чнае ззя́нне» — штогадовы фестываль ігравога і дакументальнага кіно Паўночных і Балтыйскіх краін. Фестываль заснавала прадзюсарка і рэжысёрка Воля Чайкоўская ў 2015 годзе пры падтрымцы Офіса Рады міністраў паўночнаеўрапейскіх краін у Літве.

Паўночнае ззянне
Выява лагатыпа
Агульныя звесткі
Дата з 2015
northernlightsff.com (бел.)

На кінафестывалі паказваюць фільмы з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Нарвегіі, Даніі, Швецыі, Фінляндыі і Ісландыі. А з 2020-га арганізатары дадалі да Міжнароднай праграмы і нацыянальную — Беларускі конкурс.

У дні фестывалю і на працягу года ў межах кінафэсту адбываюцца дадатковыя паказы, лекцыі, майстар-класы ды іншыя мерапрыемствы для беларускіх рэжысёраў, прадзюсараў і аматараў як у галіне мастацкага, так і дакументальнага кіно.

На працягу гадоў гасцямі «Паўночнага ззяння» былі шведская рэжысёрка Каця Вік, ісландскі прадзюсар Антон Мані Свансан, нарвежскі пісьменнік Эрленд Лу, латвійскі рэжысёр тэатра і кіно Віестурс Каірыш, эстонскі прадзюсар Іва Фельт, фінская акцёрка Памела Тола, дацкі пісьменнік Пітэр Хёг[1] і іншыя дзеячы культуры і кіно. Гасцямі ці мадэратарамі івэнтаў «Паўночнага ззяння» былі і выбітныя беларусы: філосафка Вольга Шпарага, пісьменніца Таццяна Заміроўская, актывіст Нік Анціпаў, культуролаг Максім Жбанкоў, рэжысёрка Дар’я Жук і многія іншыя.

З 2015 года кінафестываль праходзіў у Мінску ў кінатэатры «Мір», дадатковыя паказы былі і ў іншых гарадах Беларусі: Гомелі, Віцебску, Горадні. З 2020 года фэст перайшоў у online і гібрыдны фармат, дазваляючы беларусам, дзе б яны ні знаходзіліся, глядзець сучаснае сусветнае і беларускае кіно. Так, у 2022 годзе асобныя паказы «Паўночнага ззяння», а таксама сустрэчы з рэжысёрамі адбыліся ў Вільні (Літва) і Таліне (Эстонія).

Кінапраграмы «Паўночнага ззяння» правіць

«Паўночнае ззянне» адкрытае як для ігравога, так і для дакументальнага, анімайцынага ды гібрыднага кіно. Кінафестываль традыцыйна мае Міжнародную праграму (Дакументальная і Ігравая), Беларускі конкурс, а таксама дадатковыя праграмы. Так, у 2020-м можна было паглядзець Кароткаметражную праграму, складзеную з 5 шведскіх фільмаў кароткага метру (куратарка — Эшлі Сміт); у 2021-м — спецыяльную праграму пад назвай «Балтыйская хваля», у якую ўвайшлі тры стужкі з Літвы, Латвіі і Эстоніі пра рэвалюцыі і змены ў гэтых постсавецкіх краінах; у 2022-м — спецыяльную праграму ўкраінскага кіно «UKRAINE MON AMOUR», прысвечаную адважнай барацьбе ўкраінскага народа за свабоду і супраць расійскай агрэсіі, а таксама пазаконкурсную беларускую праграму «Вугал Зроку»[2] з 7 беларускіх аматарскіх фільмаў.

Беларускі конкурс правіць

Паўнавартасная беларуская праграма ўпершыню ўзнікла на кінафестывалі «Паўночнае ззянне» ў 2020 годзе. Тады ў яе ўвайшлі 7 дакументальных стужак і 1 ігравая: «Невядомы рай» (дакументальны, рэж. Дар’я Юркевіч), «Эпітафія» (дакументальны, рэж. Віктар Аслюк), «Мне трэба поціскаў» (дакументальны, рэж. Андрэй Куціла), «Тата» (дакументальны, рэж. Ларыса Арцюгіна, Марта-Дар’я Клінава), «Шлях дадому» (дакументальны, рэж. Арцём Лобач), «Межы» (дакументальны, рэж. Юля Шатун), «На сувязі» (дакументальны, рэж. Максім Швед, Ксенія Галубовіч, Алесь Лапо, Вераніка Бандаровіч), «Дэзерцір» (ігравы, рэж. Саша Сцельчанка).

У 2021 годзе беларуская праграма стала называцца Беларускі конкурс. У гэты год беларускія фільмы ўпершыню аглядала міжнароднае журы ў асобе Стэфані Гёрц (нямецкая журналістка і кінакуратарка), Трыстана Прыымягі (эстонскі кінакрытык), Люсі Вірхен (амерыканская журналістка і кінакрытык). У Беларускі конкурс увайшлі 5 фільмаў: «Агульная мова» (дакументальны, рэж. Воля Чайкоўская), «Сойка» (ігравы, рэж. Настасся Сергіеня), «Тры таварышы» (ігравы, рэж. Уладзімір Казлоў), «Кунашыр» (дакументальны, рэж. Уладзімір Казлоў), «Тата» (гібрыдны, рэж. Марыя Якімовіч).

У 2021 годзе журы «Паўночнага ззяння» прысудзіла дыплом за Найлепшы фільм у Беларускім конкурсе Марыі Якімовіч, рэжысёрцы фільма «Тата»: «Фільм дае вельмі інтымны асабісты погляд на складаную сямейную сітуацыю. З дапамогай змешвання розных жанраў фільм — любоўнае пасланне да часоў, якіх ніколі не існавала, ён прымушае падумаць пра крохкія стасункі, якія часта вельмі складана ўтрымаць у межах адной сям’і».

У 2022 годзе заяўку на ўдзел у Беларускім конкурсе даслалі рэжысёры 38 фільмаў, 11 з іх былі адабраныя арганізатарамі для ўдзелу ў конкурсе, гэта «У адзіночку» (дакументальны, рэж. Мікалай Халезін, Наталля Каляда, Эндру Сміт), «Спатканне ў Менску» (гібрыд, рэж. Мікіта Лаўрэцкі), «Дапаможнік» (дакументальны, рэж. Павел Мажар), «Дзіма» (дакументальны, рэж. Дзіма Дзядок), «Shirey Mara» (анімацыя, рэж. Ната Карнеева), «Праз рэйкі» (дакументальны, рэж. Антось Сівых), «Лета 1989» (ігравы, рэж. Уладзімір Казлоў), «Калі кветкі не маўчаць» ((дакументальны, рэж. Андрэй Куціла), «Мара» (гібрыд, рэж. Саша Кулак), «DOMUM» (дакументальны, рэж. Максім Сіры), «Край свету» (дакументальны, рэж. Ганна Саўчанка).

Міжнароднае журы (фарэрскі рэжысёр і сцэнарыст Сакарыс Стора, украінская прадзюсарка Наталля Лібэт, фінская акторка і рэжысёрка Памела Тола) у 2022 годзе абрала пераможцам Беларускага конкурсу фільм «Мара» Сашы Кулак, а таксама адзначыла спецыяльнымі згадкамі фільмы «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы і «Shirey Mara» Наты Карнеевай.

Экспертная рада правіць

У 2022 годзе з’явілася Экспертная рада «Паўночнага ззяння» — міжнародны дарадчы камітэт, скіраваны на абмен ідэямі. Як заяўляюць арганізатары, разам з сябрамі Рады яны будуць шукаць новыя магчымасці і фармаваць стратэгіі для развіцця «Паўночнага ззяння», яго канцпэпцыі і інфраструктуры, у тым ліку на карысць беларускай кінаіндустрыі ў цэлым.

Рада складаецца з міжнародных і беларускіх экспертаў і экспертак у галіне кіно, прадзюсавання, арт-менеджменту і не толькі. Колькасць сяброў рады можа змяняцца і павялічвацца. На цяперашні момант у Раду ўваходзяць кансультанка па стратэгіі Тамара Тацішвілі (Сакартвела (Грузія)/Бельгія), прадзюсар Стэн-Крысціян Салувеэр (Ісландыя), рэжысёрка і прадзюсарка Дар’я Жук (Беларусь/ЗША), маркетынг-экспертка Надзя Зелянкова (Беларусь/Эстонія), прадзюсар Антон Мані Свансан (Ісландыя). Рада збіраецца заснавальніцай кінафестывалю Воляй Чайкоўскай некалькі разоў на год анлайн і афлайн на закрытыя стратэгічныя сустрэчы.

Зноскі