Паўтарак
Паўтарак — білонная манета наміналам 1 ½ гроша на землях Рэчы Паспалітай. У Еўропе мела назву Драйпёлькер, у Маскоўскім княстве — Чэх (пасля гэтая назва перайшла і на землі Украіны і Усход Беларусі). Паўтарак меў такі самы выгляд як і іншыя еўрапейскія манеты падобнага наміналу, розніўся толькі лацінскім надпісам і гербам. У Рэчы Паспалітай біццё паўтаракаў распачата ў часы Жыгімонта Вазы. Разам з кароннымі паўтаракамі на землях беларусі часта сустракаюцца шведскія — рыжскага і эблёнгскага манетных двароў, і прускія манеты (Драйпёлькер).
На аверсе — іспанскі геральдычны шчыт з дзвюма Арламі і Пагонямі па дыяганалі. У цэнтры гербу малы шчыт са Снапом — гербам Вазаў. Над шчытом Карона, пад шчытом лічба 3 — тры паўгрошы. На рэверсе — дзяржава ў якой упісана лічба 24, што азначае вартасць — 1/24 талера.
У ВКЛ паўтаракі біліся мала і ў кароткі прамежак часу на віленскім манетным двары:
- Жыгімонт Ваза — 1619, 1620, 1622.
- Ян Казімір — 1650 (лічыцца памылкай ці тагачаснай падробкай), 1652.
У Кароне чаканка паўтаракаў пачалася за Жыгімонтам Вазам і з цягам часу (1621—1626) набыло масавыя памеры:
- Быдгашчанскі манетны двор — 1614—1628
- Кракаўскі манетны двор — 1615—1618
- Пазнаньскі манетны двор — 1654, 1658—1659, 1662, 1666
- Львоўскі манетны двор — 1661
- Рыжскі манетны двор біў свае адмысловыя паўтаракі — 1616—1617, 1620, 1624.
У 1753, 1755—1756 гадах паўтаракі для Польшчы біў Лейпцыгскі манетны двор (Саксонія).