Помнік Лісікрата

Помнік Лісікрата (Харэгічны манумент Лісікрата, ліхтар Дыягена) — манумент у Афінах каля Акропаля, узведзены ў 334 годзе да н.э.

Славутасць
Помнік Лісікрата
37°58′15″ пн. ш. 23°43′48″ у. д.HGЯO
Краіна  Грэцыя
Горад Афіны
Архітэктурны стыль Архітэктура Старажытнай Грэцыі[d], Карынфскі ордар і Іанічны ордар
Дата заснавання IV стагоддзе да н.э.[1]
Дата пабудовы 334 да н.э.
Матэрыял пентэлійскі мармур[d][1], Hymettian marble[d][1] і вулканічны туф[d][1]
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Яго ўзвядзенне звязана з адной з літургій — абавязкаў, якія ўскладаліся абшчынай на багатых грамадзян у Афінах. У гэтым выпадку гэта было фінансаванне арганізацыі і падрыхтоўкі хораў для дыянісійскіх святаў. Такія хоры спаборнічалі паміж сабой, і пераможца — харэг (арганізатар хору) звычайна атрымліваў у якасці прыза бронзавы трыножнік, які ён мог выстаўляць для ўсеагульнага агляду на адпаведным пастаменце[2].

У 335 — 334 гадах да н.э. пермогу здабыў хор хлопчыкаў, арганізаваны харэгам Лісікратам, у гонар чаго і быў узведзены помнік[2].

У 1669 годзе манумент, які ў той час зваўся «ліхтаром Дэмасфена», быў набыта ордэнам капуцынаў, якія заснавалі ў 1658 годзе побач свой кляштар. Тым часам прускі салдат Іаан Георг Трансфельт, які, пазбегнуўшы ў рабства ў канцы 1674 года, хаваўся ў Афінах больш за год, зрабіў першую спробу растлумачыць прызначэнне гэтага помніка. Ён разабраў надпіс на архітраве помніка, але не змог вырашыць, ці быў гэта «храм Дэмасфена» ці «гімнасій Лісікрата». У 1676 годзе французскаму археолагу Жаку Спону таксама ўдалося прачытаць надпіс на помніку і расшыфраваць яго прызначэнне, параўнаўшы яго з падобнымі надпісамі[3]:

«Λυσικράτης Λυσιθείδου Κικυνεύς εχορήγει
Ακαμαντίς παίδων ενίκα θέων ηύλει
Λυσιάδας Αθηναίος εδίδασκε Ευαίνετος ήρχε»
«Лісікрат [сын] Лісітыда харэг [дэма] Кікіней
[з філы] Акамантыдаў выйграў [спаборніцтвы хору] хлопчыкаў Тэон [быў] флейтыстам
Лісіяд афінскі навучаў [хор] Эвенет [быў] архонтам»

 
Харэгічны манумент Лісікрата з «The Antiquities of Athens» Джэймса Сцюарта і Нікаласа Рэвета, 1762

Урэшце, Сцюарт  (руск.) і Рэвет  (руск.) у першым томе «Афінскіх старажытнасцяў» («Antiquities of Athens»), які выйшаў у 1762 годзе, пацвердзілі карэктнасць вынікаў, атрыманых Спонам. Яны зрабілі апісанне помніка і забяспечылі яго падрабязнымі малюнкамі[3].

У другой палове XVIII — пачатку XIX стагоддзяў Афіны наведала мноства падарожнікаў з Заходняй Еўропы, якія спыняліся ў кляштары і бачылі гэты «ліхтар», які служыў у той час кнігасховішчам. У 1821 годзе у час Грэчаскай вайны за незалежнасць турэцкія войскі пад камандваннем Амера Врыяні  (англ.) выпадкова ўчынілі пажар у кляштары, які пашкодзіў і помнік Лісікрата. Пасля гэтага яго ніхто не ахоўваў, і яго разбурэнне працягнулі выпадковыя мінакі. У 1829 годзе манахі спрабавалі прадаць помнік заезджым англічанам, але ён апынуўся ў такім дрэнным стане, што яго нельга было перавозіць. Лорд Элгін, які набыў адну з карыятыд Эрэхтэёна, беспаспяхова таргаваўся за гэты манумент, які стаў у той час сімвалам грэчаскага адраджэння. Помнік Лісікрата заставаўся ў такім стане да 1867 года, калі Арцюр дэ Габіно, які прадстаўляў Францыю ў Афінах і у чыіх руках апынулася зямля былога клштара, наняў для яго аднаўлення архітэктара Франсуа Буланжэ. Рэстаўрацыя доўжылася з 1876 па 1887 гады і ўключала археалагічныя працы па ўсёй акрузе, накіраваныя на пошук страчаных элементаў[3].

Архітэктура правіць

Помнік Лісікрата ўяўляе сабой стройнае збудаванне, што служыла раскошным пастаментам для атрыманага на спаборніцтве трыножніка. На квадратным падмурку размешчана цыліндрычная пабудова, упрыгожаная карынфскім ордарам і ўвянчаная дахам, над якім ўзвышаўся пышна аздоблены пастамент трыножніка[2].

Квадратная ў плане цокальная частка мае 3,86 м у вышыню і больш за 3 м у шырыню. Падножжам служаць чатыры вузкіх прыступкі, вышэй падымаецца выкладзенае квадрамі гладкае поле сцяны, увянчанае значна вынесенай вузкай плітой[2].

На цокалі ўзвышаецца вельмі выцягнутае цыліндрычнае збудаванне (4,77 м вышынёй і 2,80 м у дыяметры). Дзве невялікія ступені як бы звязваюць з пастаментам стройны цыліндр, упрыгожаны шасцю паўкалонамі карынфскага ордара, якія падтрымліваюць лёгкі антаблемент[2].

Прыстаўныя калоны маюць, 3,53 м у вышыню і выступаюць з паверхні сцяны больш як на палову сваёй акружнасці. Капітэлі калон — выцягнутых прапорцый, упрыгожаны двума шэрагамі лісця. Ніжні шэраг, выкананы даволі плоскай парэзкай, адрозніваецца некалькі схематызаванай трактоўкай. Вытанчаныя па абрысах акантавае лісце верхняга шэрагу маюць моцна адагнутыя з павіслымі краямі. Вышэй пругка выгінаюцца ажурныя спіралі валют. На месцы шыйкі капітэлі знаходзіцца прыкметная ўрэзка, падобная да гіпатрахеліёна дарычнай капітэлі. Існуе меркаванне, што ў гэтую ўрэзку было ўстаўлена бронзавае кальцо, упрыгожанае астрагалам.

На верхняй паверхні цыліндру, паміж капітэлямі калон, знаходзяцца выкананыя невысокім рэльефам выявы трыножнікаў. Яны згрупаваны парамі ў кожным інтэркалумніі. Гэтыя рэльефы аддзелены нешырокім абломам ад астатняй зусім гладкай паверхні цыліндра[2].

Калоны падтрымліваюць антаблемент з трохчастковым архітравам, фрызам, упрыгожаным суцэльнай рэльефнай стужкай, і карнізам з зубчыкамі. Зубчыкі карніза выступаюць параўнальна слаба, і таму вынасная пліта, якая моцна выступае, ўтварае рэзкі цень[2].

 
Антаблемент

На рэльефным фрызе прадстаўлены міф пра беспаспяховую спробу тырэнскіх піратаў прадаць Дыяніса ў рабства і суровае пакаранне дзёрзкіх гвалтаўнікоў. Спадарожнікі Дыяніса — сатыры — караюць вінаватых, а пераможны бог ціха сядзіць на скале, гуляючы з пантэрай. Уся кампазіцыя поўная вытанчанасці і жыццерадаснасці. Эластычныя, стройныя фігуры рухаюцца лёгка і свабодна[2].

Над карнізам узвышаюцца размешчаныя адзін каля іншага невялікія антэфіксы  (руск.), вышэй падымаецца адхонны конусападобны дах, паверхня якой падзелена падабенствам чарапіц, якія трохі нагадваюць па форме рыбіну луску. Дах ўвянчаны высокім акратэрыем у выглядзе ствала, які пераходзіць у кошык, упрыгожаны пышным лісцем аканта з выгнутымі стрыжнямі і парасткамі. Агульная вышыня помніка Лісікрата, уключаючы цэнтральны акратэрый, складае 11,02 м[2].

Асобныя часткі манумента выкананы з розных матэрыялаў, прычым паверхня іх ажыўляецца таксама рознай фактурай апрацоўкі. Пастамент манумента з цёмнага пірэйскага і грубейшага ракавістага вапняку мае злёгку шурпатую паверхня. Пад вынасной плітой пастамената знаходзіцца вузкая палоска пярэстага гимецкага мармуру. Асноўны цыліндр збудавання — полы і выкананы з белага пентэлійскага мармуру[2].

Па-за межы ўнутранай паверхні цыліндра калоны не выступаюць, таму што часткі іх ствалоў, замураваныя ў сцяну, у дакладнасці роўныя таўшчыні сцяны. Капітэлі, якія выступаюць ўнутр помніка, вычасаны там толькі ў агульных масах, без дэталяў. Архітраў і фрыз зроблены з суцэльных колцападобных блокаў мармуру. Карніз складаецца з шасці частак, а дах, як і антаблемент, з аднаго кавалка, выдзеўбанага знутры па сферычным абрысе[2].

Зноскі

Спасылкі правіць