Помнік Міхаілу Мураўёву

Помнік Міхаілу Мураўёву — колішні помнік рускаму дзяржаўнаму дзеячу графу Міхаілу Мікалаевічу Мураўёву, віленскаму генерал-губернатару і душыцелю паўстання 1863—1864 гадоў у Паўночна-Заходнім краі. Помнік быў адкрыты ў Вільні ў 1898 годзе і прастаяў да эвакуацыі ўглыб Расіі ў 1915 годзе.

Помнік
Помнік Міхаілу Мураўёву-Віленскаму
54°41′01″ пн. ш. 25°17′09″ у. д.HGЯO
Краіна  Расійская імперыя
Горад Вільня
Скульптар Мацвей Чыжоў
Архітэктар Іван Трутнеў, Васіль Гразноў
Дата пабудовы 1898 год
Стан не захаваўся
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Задума

правіць

У 1890 годзе некалькі праваслаўных вільнян пачалі збор подпісаў пад прашэннем да ўлад пра ўсталяванне помніка М. Мураўёву ў Вільні. У лютым 1891 г. віленскі генерал-губернатар Іван Каханаў падаў адпаведны даклад міністру ўнутраных спраў Пятру Дурнаво і, атрымаўшы ў сакавіку Найвышэйшае ўхвалення, абвясціў збор сродкаў[1]. Паспяховы збор ахвяраванняў на помнік дазволіў даволі хутка забяспечыць неабходную для будаўніцтва суму. Камітэт па ўстаноўцы помніка даручыў распрацоўку праекта мясцовым мастакам — акадэміку І. П. Трутневу і В. В. Гразнову з умовай, каб асновай помніка была статуя скульптара М. А. Чыжова, якае адлюстроўвае Мураўёва ў поўны рост[2]. Праект манумента быў ухвалены імператарам у лютым 1896 года, пасля чаго было выбрана месца на Палацавай плошчы (пасля перайменаванай у Мураўёўскую) перад генерал-губернатарскім палацам. 3 кастрычніка 1897 г. адбылася закладка помніка[1].

Адкрыццё

правіць
 
Адкрыццё помніка Міхаілу Мураўёву ў Вільні. 1898

Урачыстае адкрыццё і асвячэнне помніка адбылося 8 лістапада 1898 года. Урачыстыя малебны з нагоды адкрыцця помніка служыліся ў праваслаўных храмах ва ўсім Віленскім генерал-губернатарстве. Пра імкненне надаць акцыі маштабнасць гаворыць той факт, што камітэт па стварэнні помніка некалькі месяцаў шукаў асоб, якія служылі ў Віленскім генерал-губернатарстве пры М. Мураўёве ці ўдзельнічалі ў задушэнні паўстання. Яны разам з прадстаўнікамі сялянства ад усіх шасці падначаленых губерняў удзельнічалі ў адкрыцці помніка ў Вільні. Самую вялікую ўвагу помніку і ўсяму, што было з ім звязана, удзяляла газета «Литовские епархиальные ведомости». Праекту надавалі агульнадзяржаўнае значэнне. Ён шырока асвятляўся не толькі ў віленскай, але і ў пецярбургскай прэсе. Адна з галоўных расійскіх афіцыйных газет «Правительственный вестник» у лістападзе 1898 г. змясціла больш за 10 публікацый рознага кшталту (навіны, паведамленні, біяграфічны нарыс), прысвечаных адкрыццю помніка альбо звязаных з ім. Была нават выдадзена асобная ілюстраваная кніга, якая апавядала пра працэс стварэння помніка[1].

Рэакцыя

правіць

Сярод часткі расійскіх інтэлектуалаў, не звязаных з Вільняй, асоба Мураўёва і дзейнасць па задушэнні паўстання працягвалі ацэньвацца крытычна. Яшчэ напярэдадні ўсталявання помніка адзін з найбольш актыўных прыхільнікаў праекта А. Уладзіміраў пісаў у 1896 г.[1]:

  <…> супраць помніка графу Мураўёву дзейнічае двайная варожая сіла — польскай злосці і рускай здрады, якія падалі адна адной рукі на згубу Расіі.  

Рэдакцыя санкт-пецярбургскага літаратурнага часопіса «Северный вестник» у 1897 г. у палеміцы з Львом Ціхаміравым іранізавала над яго ўзнёслай хвалебнай рыторыкай і нелагічнасцю прыведзеных аргументаў. Аднак найбольш адыёзнасці «мураўёўскай» кампаніі супрацьстаяў часопіс «Вестник Европы», які некалькі разоў выступаў з крытычнымі артыкуламі ў адрас стваральнікаў культу. Напрыклад, на выхад панегірыкаў да адкрыцця помніка ён адгукнуўся разгромным артыкулам, дзе падобную дзейнасць ацаніў глыбока негатыўна. Рыторыка ў адносінах да іх аўтараў гучала дастаткова вострая — «няўмераныя праслаўляльнікі гр. Мураўёва», «тэндэнцыйныя праслаўляльнікі» і г. д., а іх аргументы — «яўнае скажэнне ісціны», «бесцырымонныя адносіны да гістарычнай праўды», «у аднолькава хлуслівым святле выстаўляецца значэнне гр. Мураўёва як у знешняй, так і ва ўнутранай палітыцы Расіі», «тэндэнцыйныя перабольшванні», «фантасмагорыі», «паклёп», «хлусня і крывадушнасць» і да т. п. І ў цэлым ацэнка самога М. Мураўёва «Вестником Европы» была значна больш стрыманай і рэалістычнай, заснаванай на шматлікіх крыніцах. Хаця і сам часопіс за падобную пазіцыю трапляў пад крытыку, напрыклад, А. Вінаградава, сябра Камітэта па стварэнні помніка і актыўным мураўёўскім «праслаўляльнікам»[1].

У польскамоўнай грамадскасці Вільні і ўсяго Віленскага генерал-губернатарства спроба стварэння культу Мураўёва ўвогуле выклікала супрацьлеглую рэакцыю. На адкрыццё помніка Мураўёву яна адгукнулася сабатажам і контрагітацыяй, а сам помнік ператварыўся ў аб’ект пратэстных акцый. Апісанне адной з іх пакінула беларуская грамадская дзеячка Паўліна Мядзёлка[1]:

  Іду на Дварцовую плошчу ў шэры дом, што насупраць сквэру з помнікам Мурав’ёву-вешацелю. Каля помніка спацыруе ўзад і ўперад гарадавы. Я ўспомніла, што мне апавядалі аб гэтым помніку. Даўней не было тут гарадавога. Ён паявіўся пасля адной штукі, якую выкінула віленская моладзь. Набралі хлопцы ў бойні трыбухаў і кішок, ноччу абляпілі імі помнік з галавы да ног, а на пастамент вылілі некалькі бутэлек валерыянкі. Зляцеліся са ўсяго гораду сабакі да трыбухаў, а каты на пах валерыянкі. І што там тварылася ў падножжа помніка, можна сабе ўявіць! З таго часу гарадавы днём і ноччу сцеражэ гэты помнік.  

Напярэдадні, падчас і пасля адкрыцця помніка сярод віленчукоў распаўсюджваліся пракламацыі і адозвы «антымураўёўскага» зместу[1].

Дэмантаж

правіць

Помнік прастаяў да 1915 года, калі ў час Першай сусветнай вайны Вільня была ўзята нямецкімі войскамі. Паводле адной з версій, як і помнік Кацярыне II, ён быў эвакуіраваны[3][4], паводле іншай — застаўся ў горадзе і польскія ўлады пасля ўчынілі з яго максімальна магчымы здзек — пабудавалі грамадскія гарадскія прыбіральні[5].

Кампазіцыя

правіць
 
Помнік Мураўёву-Віленскаму

Падножжа бронзавай статуі складаў высокі чатырохвугольны гранітны пастамент, на пярэднім боку якога быў прымацаваны радавы герб Мураўёвых з дэвізам «Не посрамим земли Русской» (бел.: Не пасаромім землі Рускай). Пад гербам быў надпіс: «Граф М. Н. Муравьев 1863—1865» (бел.: Граф М. М. Мураўёў 1863—1865). На правым боку пастамента была нанесена дата нараджэння, на левым — дата смерці графа. На заднім боку размяшчалася карта Паўночна-Заходняга края.

Статуя адлюстроўвала Мураўёва ва ўвесь рост, у генеральскім сурдуце і непакрытай галавой. Граф абапіраўся правай рукой на кій, з якім праз атрыманае ў бітве пад Барадзіным раненне нагі ніколі не раставаўся. Левая рука ляжала на эфесе шаблі. Помнік удала перадаваў усе характэрныя абрысы фігуры і рысы твару Мураўёва. Помнік быў абнесены жалезнай рашоткай, вакол якой па кутах стаялі чатыры кандэлябры.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. а б в г д е ё Матвейчык Дзмітрый Часлававіч. Спроба стварэння культу асобы Міхаіла Мураўёва і яе ўплыў на развіццё гістарыяграфіі паўстання 1863—1864 гг. у Беларусі (1890—1905 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. — 2018. — № 5. — С. 35-48.
  2. Архіваваная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2013. Праверана 19 лютага 2013.Архіваваная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2013. Праверана 19 лютага 2013.
  3. Афіцыйны сайт Літоўскай рэспублікі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 лістапада 2012. Праверана 9 лістапада 2012.
  4. Інфармацыйны партал фонду «Русский мир»(недаступная спасылка)
  5. Ф. Аскидов. «За вашу и нашу свободу!» Хроника борьбы за независимость [Польши]. Родина (журнал) № 12 — 1994, стр. 75

Спасылкі

правіць