Помнік Кацярыне II (Вільня)

Помнік Кацярыне II — колішні віленскі помнік рускай імператрыцы Кацярыне Вялікай працы Марка Антакольскага.

Помнік
Помнік Кацярыне II
Помнік Кацярыне II
Помнік Кацярыне II
54°41′07″ пн. ш. 25°17′15″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Скульптар Марк Мацвеевіч Антакольскі
Архітэктар Марк Мацвеевіч Антакольскі
Дата заснавання 10 верасня 1904
Дата пабудовы 1904 год
Дата скасавання 1915
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ідэя ўзвядзення помніка з’явілася ў сувязі са стогадовай гадавінай далучэння Паўночна-Заходняга края да Расійскай імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай. Быў заснаваны спецыяльны камітэт, у які быў запрошаны ураджэнец Вільні, знакаміты скульптар Антакольскі, які ў 1900 годзе даў згоду на выкананне помніка. Да сваёй смерці ў 1902 годзе Антакольскі паспеў вырабіць помнік і бронзавыя ўпрыгажэнні, якія былі адобраныя расійскім імператарам. Вясной 1903 года помнік даставілі ў Вільню.

Помнік Кацярыне II у Вільні

Помнік быў вельмі вытанчаны і з’яўляўся адным з лепшых твораў таленавітага скульптара. Імператрыца была паказана ў поўны рост, позірк яе скіраваны на ўсход, у левай працягнутай руцэ ў яе была дзяржава, а ў правай — скіпетр. Вышыня фігуры з падножкай складала каля 3 метраў, а вышыня ўсяго помніка — 8 метраў. Вага статуі складала 22 тоны, уключаючы п’едэстал — 33 тоны. На пярэднім баку п’едэстала было высечана залатымі літарамі «Императрица Екатерина Вторая», на супрацьлеглым баку быў высечаны вядомы дэвіз «Отторгнутое возвратихъ».

Манумент быў пастаўлены на Кафедральнай плошчы, пасля таго, як на сродкі мясцовага купца А. М. Піманава[1] былі праведзены дарагія работы па стабілізацыі падмурка.

Улетку 1904 года міністр унутраных спраў князь Пётр Святаполк-Мірскі запрасіў вядомых землеўласнікаў Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Мінскай губерні прыняць удзел ва ўрачыстым адкрыцці помніка Кацярыне II у Вільні. Шляхта апынулася перад даволі складаным выбарам: удзел ва ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця помніка расійскай імператрыцы, што непасрэдна спрычынілася да падзелаў Рэчы Паспалітай, азначаў дэманстратыўны разрыў з ідэаламі адраджэння дзяржаўнасці і незалежнасці. Усё гэта пагражала кампаніяй шырокага грамадскага асуджэння. Аднак у якасці падзякі фігуравала абяцанне князя хадайнічаць пра адмену ўказа ад 10 снежня 1865 г., які, між іншым, забараняў «асобам польскага паходжання» набываць зямлю ў Заходнім краі. Адмова ад запрашэння пагражала абвінавачваннем у нелаяльнасці і пэўнымі адміністрацыйнымі наступствамі[2].

Аляксандр Хаміньскі ўспамінаў бурлівы характар схода землеўласнікаў Віленшчыны, на якім вырашалася пытанне ўдзелу ў адкрыцці помніка. Большасць выказвалася за неабходнасць удзелу ў цырымоніі. Пры гэтым амаль кожны казаў, што пэўныя абставіны не дазваляюць яму прысутнічаць асабіста. Аднак, як зазначыў А. Хаміньскі, «пачуццё грамадзянскага абавязку» ўсё ж перамагло. А вось з Мінскай губерні не было нікога. Справа ў тым, што Эдвард Вайніловіч склікаў таемны сход найбольш уплывовых сяброў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі ў кватэры сваёй сястры Ядвігі Кастравіцкай у Мінску. Першым моцны і аргументаваны пратэст супраць удзелу ў адкрыцці помніка выказаў Аляксандр Скірмунт з Парэчча. Эдвард Вайніловіч яго падтрымаў, і справа была вырашана без галасавання[2].

Урачыстае адкрыццё помніка адбылося 10 верасня 1904 года. На ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця манумента сабраліся ўсе вядомыя людзі Паўночна-Заходняга края, прысутнічаў таксама вялікі князь Міхаіл Аляксандравіч, малодшы брат Мікалая II. У сувязі з устаноўкай помніка было таксама праведзена агульнае добраўпарадкаванне раней запушчанай плошчы, быў разбіты сквер.

Кампанія асуджэння ўдзельнікаў урачыстаці не прымусіла сябе доўга чакаць. Асабліва рэзка асудзіла гэты ўчынак грамадскасць Каралеўства Польскага. Нават нарадзіўся тэрмін «катараняжы» як сінонім слова здраднікі. Адным з «катараняжаў» быў Канстанцін Скірмунт з Моладава, які атрымаў за ўдзел у адкрыцці помніка тытула камер-юнкера. Надзвычай вострая крытыка на старонках польскага друку, дзе асабліва рэзка выказваліся прадстаўнікі Партыі нацыянальных дэмакратаў, прымусіла яго да пэўнага акту публічнага пакаяння. Канстанцін Скірмунт прыехаў у Гродна да сваячкі Элізы Ажэшкі і ў яе салоне «пакаяўся» перад мясцовай польскай грамадскасцю. Ён распавёў пра матывы свайго прыезду ў Вільню і прызнаў уласную «памылку». Пісьменніца ў адказ запатрабавала ад яго на некалькі гадоў цалкам адмовіцца ад грамадскай дзейнасці і ўсялякай публічнасці, з чым Скірмунт пагадзіўся. Ён адмовіўся ад кіравання Гродзенскім таварыствам сельскай гаспадаркі[2].

У 1915 годзе, пры набліжэнні нямецкіх войскаў, ён быў дэмантаваны і эвакуіраваны ўглыб Расіі. Яго сляды згубіліся падчас Грамадзянскай вайны.

У культуры правіць

Максім Гарэцкі ўклаў у вусны свайго героя з «Віленскіх камунараў» і такі пасаж:

  А як прыгожа стаяла на Катэдральным пляцы пышная чыгунная высокая Кацярына Вялікая, горда выставіўшы свае грудзі! Цяпер яе няма, але помнік быў харошы, бясспрэчна.  

Змітрок Бядуля напісаў верш «Віленскія помнікі»:

Помнікаў два —
Мураўёў, Кацярына.
Пры іх дзень і ноч
Стаіць варта —
Ад птушак гарэзных
Гарэзных людзей.
Гарадавыя пры іх
Нерухомы, як мармур,
I пышны пагрозлівы мармур
Вартуюць як скарб.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Председатели Вильнюсской старообрядческой общины. Книжница Самарского староверия (25 красавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 28 снежня 2012. Праверана 28 кастрычніка 2012.
  2. а б в Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868–1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю / Смалянчук Аляксандр Фёдаравіч. — Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С. 123-125. — 700 с. — ISBN 978-985-23-0016-2.

Спасылкі правіць