Ядвіга Адамаўна Кастравіцкая
Ядвіга Адамаўна Вайніловіч (замужам Ядвіга Адамаўна Кастравіцкая) (польск.: Jadwiga Woyniłłowicz ці Jadwiga Kostrowicka; руск.: Ядвига Адамовна Войнилович ці Ядвига Адамовна Костровицкая), 1864, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 1935, Быдгашч, Польшча, — прадрымальніца, грамадскі дзеяч Беларусі, сястра старшыні (1907—1921) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдварда Адамавіча Вайніловіча (1847—1928).
Ядвіга Адамаўна Вайніловіч (Кастравіцкая) | |
---|---|
польск.: Jadwiga Woyniłłowicz | |
| |
Нараджэнне |
1864 |
Смерць |
22 ліпеня 1935 |
Месца пахавання | |
Род | Вайніловічы і Кастравіцкія[d] |
Бацька | Адам Антонавіч Вайніловіч (1806—1874) |
Маці | Ганна (Анэля) Эдвардаўна Ваньковіч (1826—1893) |
Муж | Вацлаў Генрыкавіч Кастравіцкі[d] |
Дзеці | няма |
Веравызнанне | каталіцтва |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паходжанне роду
правіцьНалежала да сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў герба «Сыракомля», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Новагародскім ваяводстве ВКЛ і Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі.
Нарадзілася ў 1867 у сям'і Адама Антонавіча Вайніловіча (1806—1874) і яго жонкі Ганны Эдвардаўны Ваньковіч (1826—1893). Бацька Адам Вайніловіч быў сынам Антона Адамавіча Вайніловіча (1773—1855), слуцкага павятовага маршалка (1811—1818), скончыў слуцкую кальвінісцкую школу і Віленскі ўніверсітэт, служыў папячыцелем сельскіх запасных магазінаў Слуцкага павета (1835—1845), займаўся гаспадаркай і быў пасрэднікам у многіх зямельных спрэчках, таму атрымаў вялікі аўтарытэт і быў кампрамісарам у справе продажы вялізных Барысаўскіх маёнткаў (Стары Барысаў і інш.) князя Леана Людвікавіча Радзівіла (1808—1885) расійскаму вялікаму князю Мікалаю Мікалаевічу (1831—1891)[1].
Маці Ганна (Анэля) Эдвардаўна Ваньковіч (1826—1893) была дачкой Эдварда Станіслававіча Ваньковіча (1793—1872), мінскага павятовага харунжага (1817—1820), і яго жонкі Міхаліны Станіславаўны Манюшкі, цёткі вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі. Яе род Ваньковічаў адносіўся да рэгіянальнай эліты Менскага ваяводства ВКЛ, а пазней Мінскай губерні Расійскай імперыі. У прыватнасці, дзед Ганны Ваньковіч Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч (?—1812) быў барысаўскім павятовым маршалкам (1797—1802), а пасля мінскім губернскім маршалкам (1802—1806). У сям'і Вайніловічаў з пяццю дзецьмі, меўшай не вельмі вялікі маёнтак, матэрыяльныя магчымасці былі вельмі абмежаваныя, а маці Ганна з вялікай спадчыны сваіх бацькоў Ваньковічаў атрымала сабе толькі 10 000 рублёў срэбрам[2].
Братам Ядвігі быў вядомы буйны гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі і Беларусі Эдвард Вайніловіч (1847—1928) — віцэ-старшыня (1888—1907) і старшыня (1907—1921) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1878—1921), дэпутат (1906—1909) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, лідар ліберальна-кансерватыўнага кірунку «краёвасці» і старшыня Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907—1908), актыўны прыхільнік дзяржаўнасці Беларусі.
Выхаванне і адукацыя
правіцьАтрымала хатняе выхаванне і адукацыю. Расла ў набожнай каталіцкай сям'і, што нават у маладосці па прычыне гарачай веры хацела стаць манашкай, але сваякам удалося адгаварыць яе ад такога кроку.
Сям'я
правіцьПабралася шлюбам з дваранінам-каталіком Вацлавам Генрыкавічам Кастравіцкім, уласнікам маёнтка Грыцкоўшчына ў Мінскім павеце Мінскай губерні. Вацлаў Кастравіцкі з'яўляўся не вельмі далёкім сваяком Вайніловічаў. Сястрой дзеда Ядвігі (Антона Адамавіча Вайніловіча) была Фларэнціна Адамаўна Вайніловіч — жонка Міхала Касперавіча Кастравіцкага (1775—1863), што быў дзедам Вацлава. І Ядвіга, і Вацлаў Кастравіцкі былі таксама не вельмі далёкімі сваякамі сваім сучаснікам — беларускамоўнаму паэту Карусю Каганцу (Казіміру Кастравіцкаму) і яго брату Амброзію Кастравіцкаму, дзеячу беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху.
Шлюб Ядвігі і Вацлава Кастравіцкіх не быў шчыры, а па маёмаснаму разліку, бо мясцовымі маянткоўцамі ў Літве і Беларусі (пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў і ўвядзення дыскрымінацыйнага заканадаўства ў адносінах да каталіцкага двараства) на першае месца ставілася захаванне маёнткаў «асобамі польскага паходжання». Паводле сведчанняў Вайніловічаў, Ядвіга не мела ніякіх інтымных кантактаў з мужам Вацлавам, таму ў Кастравіцкіх не было дзяцей.
Камерцыйная і грамадская дзейнасць
правіцьКампенсацыяй няшчырага шлюбу для Ядвігі Кастравіцкай стала прадпрымальніцкая і грамадская дзейнасць, асабліва ў Мінску. Ядвіга валодала значнымі капіталамі і нерухомасцю, якія дзякуючы камерцыйнаму таленту павялічвала кожны год. У прыватнасці пабудавала вядомы даходны дом (дом Кастравіцкай) у Мінску, дзе размесціцца ўпраўленне Лібава-Роменскай чыгункі. З'яўлялася членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[3].
Пачатак рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі прывёў да ўвядзення ў краіне многіх ліберальных свабод. Літоўска-беларускія губерні ахапіў мясцовы патрыятычны ўздым, які ў тым ліку праявіўся ў заснаванні мноства яўных і тайных польскамоўных школ як рэакцыі на паў-стагоддзя русіфікацыі ў краі. І Ядвіга Кастравіцкая, з'яўляючыся «польскай патрыёткай», прыняла чынны ўдзел у дзейнасці таварыства «Асвета» ў Мінску для развіцця польскамоўнай адукацыі, адкрыла ў маёнтку Савічы, які належаў Эдварду Вайніловічу, тайныя летнія школкі для дзяцей бедных сялян, дзе вычылі рэлігіі, польскай, рускай і беларускай мовам, хоць хутка школкі былі закрыты.
З'яўлялася актыўным дзеячом Мінскага таварыства дабрачыннасці. Была вядомай асобай у Мінску і ахвотна арганізоўвала ў Мінску балі, «кірмашы» з фантавымі латарэямі і вечарыны для збору грошай на дабрачынныя патрэбы[4]. Ядвіга Кастравіцкая была сяброўкай вядомай польскамоўнай пісьменніцы Марыі Родзевіч (1863—1944) з Ялаўца, а таксама памочніцай брата Эдварда Вайніловіча ў яго гаспадарчай і палітычнай дзейнасці.
«Палітычныя абеды» ў Ядвігі Кастравіцкай
правіцьЯдвіга Кастравіцкая значна дапамагала свайму брату Эдварду Вайніловічу (1847—1928), віцэ-старшыні (а пасля і старшыні) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Салон Ядвігі Кастравіцкай у Мінску ў яе кватэры ў доме Оскара Яніцкага на вуліцы Захараўскай № 20 (цяпер вуліца Савецкая, дом 14) у Мінску быў важным цэнтрам грамадскага жыцця Літвы і Беларусі. У салоне Кастравіцкай часта арганізоўваліся г.зв. «палітычныя абеды» — неафіцыйныя сходы членаў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і іншых асоб, якія ў нефармальным парадку вузкім колам вырашалі гаспадарчыя і палітычныя пытанні, што пазней атрымоўвалі фармальнае зацвярджэнне на агульным сходзе МТСГ. Так, Эдвард Вайніловіч у сваіх мемуарах паважліва напісаў пра сястру: «Надзвычай інтэлігентная, пастаянна занятая грамадскім жыццём, гасцінная, яна давала ў Мінску падчас агульных сходаў Таварыства „палітычныя абеды“, на якія прыбыўшых на пасяджэнне тых альбо іншых дэлегатаў, а таксама выдатных членаў Таварыства я ад яе імя запрашаў. Цяжка пералічыць тых усіх, якія пабывалі ў яе салонах; няма справы, якая б падчас тых абедаў не была закранута, каб пазней на агульным сходзе атрымаць фармальнае зацвярджэнне. Ішлі ажыўленыя дэбаты, ніводным поглядам і выказванню перакананняў не ставіліся замінкі. Старка, віно i прыродны гумар гаспадыні ажыўлялі бяседы, быць запрошаным на якія лічылася за вялікую пашану, а мне, як старшыні, дапамагала выбiраць належную арыентацыю ў кірунку сумеснай працы, не раз выраўноўваць разыходжаннi ў поглядах і г.д.»[6].
Асяданне ў Быдгашчы
правіцьПасля Рыжскага дагавора ў 1921 яна выехала разам з сямействам Вайніловічаў у Быдгашч. Там падтрымлівала грамадскую дзейнасць свайго брата Эдварда Вайніловіча і яго жонкі Алімпіі па ўтрыманні г.зв. «Крэсавага інтэрната» (Internat Kresowy), дзе атрымалі прытулак і магчымасць выхавання дзеці былых землеўласнікаў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, чые маёнткі пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) апынуліся на тэрыторыі СССР і былі нацыяналізаваны.
Менавіта Ядвізе Кастравіцкай, а не сваёй жонцы Алімпіі, Эдвард Вайніловіч адводзіў галоўную ролю паклапаціцца над выкананнем яго тастамента, публікацыі яго мемуараў і распараджэння маёнткам Пераходы ў Нясвіжскім павеце Навагрудскага ваяводства (Польшча), капіталамі, акцыямі, долямі (паямі) у акцыянерных таварыствах, якія Эдвард трымаў у розных банках. Ядвіга павінна пасля смерці брата Эдварда была выплочваць штогадова сумы для Алімпіі Вайніловіч і Міхаліны Горват (да смерці апошніх).
Эдвард таксама прызначыў Ядвізе Кастравіцкай, акрамя асобных рэчаў, што заставаліся ў карыстанні Алімпіі, усе хатнія прадметы, дакументы і каштоўнасці: старажытную шкатулку італьянскай работы; падкаморскую пячатку свайго прадзеда Адама Вайніловіча (1739—1803); кнігу «Vade mecum», напісаную палкоўнікам ВКЛ часоў «Патопа» Габрыэлем Вайніловічам; келіх з гербам Вайніловічаў «Сыракомля», разнастайныя дакументы на права ўласнасці маёнткамі Савічы і Пузаў, дамоў у Мінску, і г.д. Мэблю з Пузава і Савічаў, якая захоўвалася ў маёнтку Ацечына, два камплекты срэбнага посуду Вайніловіч перадаваў свайму пляменніку Эдварду Бельскаму. Два іншыя срэбныя камплекты посуду наказаў сваім дзвюм хрэсніцам — Сафіі Магільніцкай і Марыі Бельскай.
Смерць
правіцьПамерла 22 ліпеня 1935 у Быдгашчы (Польшча) і была пахаваная побач з братам Эдвардам Вайніловічам на Старафарных могілках горада.
-
Дом Кастравіцкай у Мінску, дзе размесцілася Упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі, фота пачатка XX ст.
-
Дом Кастравіцкай у Мінску, фота 2012 г.
-
Ядвіга Кастравіцкая (1864—1935) каля магілы свайго брата Эдварда Вайніловіча (1847—1928) у Быдгашчы, фота 1929 г.
Зноскі
- ↑ Яцкевіч, З. Радавод… С. 11; Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 9.
- ↑ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 9.
- ↑ C.J. Jubileusz Miński. Uroczyste posiedzenie Tow. Rolniczego Архівавана 22 ліпеня 2018.… С. 5.
- ↑ Chmielewska, G. Cierń… С. 126—127.
- ↑ Дом Оскара Яніцкага быў адным з самых прывілеяваных у горадзе і меў высокую ступень камфортнасці (вадаправод, каналізацыя, ванныя пакоі, туалеты). Зараз у гэтым доме знаходзіцца Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (Мінск, вул. Савецкая, 14).
- ↑ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 83.
Літаратура
правіць- Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — cz. 1. — Wilno: Józef Zawadzki, 1931. — 368 с. — ((польск.)).
- Войнилович, Э. Воспоминания / Э. Войниллович; пер. с польск., общ. ред. В. Завальнюка. — Мн.: Издание Минской римо-католической парафии св. Симона и Елены, 2007. — 380 с. — 250 экз. (руск.)
- Яцкевіч, З. Радавод Эдварда Вайніловіча / З. Яцкевіч // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. — Мінск: Гісторыка-культурная ўстанова «Палоніка-Літуаніка»; Польскі інстытут у Мінску, 2009. — С. 8—12.
- Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska. — Łomianki : LTW, 2011. — 369 s.
- C.J. Jubileusz Miński. Uroczyste posiedzenie Tow. Rolniczego Архівавана 22 ліпеня 2018. / C.J. // Kraj. — 1901. — № 35. — S. 5—7.
Знешнія пасылкі
правіць- Вуліца Савецкая Архівавана 23 студзеня 2013. // Минск старый и новый [Электронны рэсурс]
- В центре Минска, рядом с нынешним Домом Правительства, когда-то стоял доходный дом Ядвиги Костровицкой Архівавана 12 верасня 2018. // СТВ [Электронны рэсурс]
- Приказ старого подрывника, или Историйка с мистическим концом Архівавана 5 жніўня 2014. // Твоя столица [Электронны рэсурс]