Дом Яні́цкага — колішні даходны дом у Мінску, помнік архітэктуры эклектычнага кірунку[1]. Месціцца па адрасе вуліца Савецкая, 14. Частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння[1].

даходны дом
Дом Яніцкага
2011 г.
2011 г.
53°53′39,90″ пн. ш. 27°32′36,70″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль эклектычны кірунак
Дата пабудовы 1903 год
Вядомыя жыхары Ядвіга Адамаўна Кастравіцкая
Сяргей Паўлавіч Межакоў-Каютаў
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000228шыфр 712Г000228
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Дом Яніцкага (злева) гарыць у чэрвені 1941 года. Другая сусветная вайна
 
Дом Яніцкага (другі справа) у чэрвені 1941 года
 
2008 г.
  Вонкавыя выявы
  Будынак пасля вайны

Стары адрас — вуліца Захар’еўская, 16; у 1896—1912 гадах — 20. Уладальнік участка у 1881 годзе — Лабкоўскі (Лапкоўскі). У 1890—1903 гадах — Яніцкі Аскар Канстанцінавіч. 3-павярховы мураваны дом з 8 комінамі і бляшаным дахам пабудаваны ў 1903 годзе. У 1910 годзе на участку быў 3-павярховы мураваны дом, 1-павярховы драўляны флігель (пабудаваны ў 1898 г., пл 81 кв. арш.), 4 адрыны[2]. Дом меў высокую ступень добраўпарадкавання (будынак меў водаправод і каналізацыю, туалетныя і ванныя пакоі, пячное ацяпленне) і быў адным з самых прывілеяваных ў горадзе[3].

У 1907—1913 гадах сярод іншых у доме жыла дваранка, сябра савета Мінскага дабрачыннага таварыства Ядвіга Адамаўна Кастравіцкая (наймала з прыслугай на 2-м паверсе 6 пакояў з кухняй і перадпакоем агульнай плошчай 456 кв. арш. за 900 р. у год)[2].

У 1908 годзе будынак выкупіў дваранін Прашынскі К. К. У 1912—1918 гадах — уладальнікі Кагановіч Іосіф (Іосель) Бянцавіч і Кагановіч Цыўя (Цывія) Хаймаўна[2].

У 1909—1911 гадах з сям’ёй з 4 чалавек і прыслугай на 1 паверсе 7 пакояў з кухняй і прадпакоем у доме жыў віцэ-губернатар Мінска, Сяргей Паўлавіч Межакоў-Каютаў[4].

У 1917 годзе ў доме месціўся інтэрнат упаўнаважанага і Упраўленне ўсерасійскага земскага саюза пры 2-й арміі, канцылярыя фінансава-статыстычнага ўліку Усерасійскага земскага саюза камандавання Заходняга фронту, канцылярыя гарбарнага аддзела Усерасійскага земскага саюза камандавання Заходняга фронту. У 1920 годзе штаб 3-га батальёна 150-га стралковага палка і інтэрнат № 2. Да восені 1920 года ў будынку месціліся эвакуацыйныя ўстановы[5].

У 1921 годзе маёмасць нацыяналізаваная[2]. У 1921 годзе ў будынку месціцца амбулаторыя, у 1921—1923 гадах — Менскі павятовы выканаўчы камітэт, у 1923 — Менскі павятовы аддзел Наркамата працы БССР, у 1926 годзе — Дом немаўляці, у 1929 годзе — Дом немаўляці № 1, у 1935 годзе — аднагадовыя курсы памочнікаў школьных санітарных дактароў, у 1935—1940 гадах — Навукова-даследчы інстытут аховы здароўя маці і дзіцяці, у 1936—1938 гадах — Цэнтральная малочная кухня[5].

Дом пашкоджаны ў часе Другой сусветнай вайны, адноўлены ў 1947 годзе. Выкарыстоўваўся як жылы з убудаванай на першым паверсе крамай «Хлеб», размешчанай на месцы былых апартаментаў віцэ-губернатара. Пры гэтым была зменена планіроўка шэрагу памяшканняў: лесвіца перанесена да вонкавай сцяны будынка, якая выходзіць на вул. Савецкую, светлавы ліхтар ліквідаваны, пры рамонце галоўнага фасада збіты ляпныя архітэктурныя дэталі[6].

У 1998 годзе будынак перададзены Белдзяржуніверсітэту, які размясціў тут навучальна-гасцінічны комплекс Інстытута перападрыхтоўкі і падвышэння кваліфікацыі суддзяў, працаўнікоў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі[3].

Рэканструкцыя правіць

Эскізны праект рэканструкцыі створаны ў «Творчай майстэрні архітэктара Крамарэнкі В. В.» і БРПІ аўтарскім калектывам у складзе У. А. Будаева, В. У. Крамарэнкі і А. Д. Фактаровіча. Затым да праектных работ быў прыцягнуты інстытут «Белпрампраект» (аўтарскі калектыў — архітэктары У. С. Шаўчэнка і А. Д. Фактаровіч (навуковы кіраўнік аб’екта) і інш.), які распрацаваў будаўнічы праект рэканструкцыі і рэстаўрацыі[6].

Праектам была прадугледжана гасцініца на 75-80 месцаў у залежнасці ад напаўняльнасці. Ва унутранай планіроўцы былі захаваныя апорныя сцены з частковай прабіўкай новых праёмаў. Лесвічная клетка перанесена на гістарычнае месца — у цэнтральную частку будынка, адноўлены светлавы ліхтар над ёй, іншая лесвіца — закрытага тыпу[7].

На першым паверсе пры вестыбюльнай групе былі прадугледжаны буфет-бар з дапаможнымі памяшканнямі на 35-40 пасадачных месцаў, а таксама адміністрацыйныя памяшканні комплексу і два жылыя (аднапакаёвы і двухпакаёвы) з поўным інжынерным забеспячэннем. На другім, трэцім і часткова на мансардным паверсе запраектаваны жылыя нумары (аднапакаёвыя і двухпакаёвыя), пакоі адпачынку, сустрэч, дапаможныя памяшканні для абслуговага персанала і тэхнічныя памяшканні. На тры паверхі запраектаваны ліфт на 400 кг[7].

Навучальны блок, які быў прыбудаваны да існуючага з дваровага боку, уяўляе сабой чатырохпавярховы аб’ём (першы паверх — цокальны), у якім размясціліся трэнажорная зала з душавымі, раздзявальнямі, трэнерскай і тэхнічнымі памяшканнямі. На першым паверсе — вестыбюль з гардэробам і санвузламі, лекцыйная зала на 90 месцаў з прэпаратарскай. Сцяна жылога дому ўпісваецца ў прастору шматсвятловага атрыума, які з’яўляецца холам пры лекцыйнай зале. На другім паверсе размешчаны навучальныя кафедры, кафедра, выкладчыцкая, санвузлы, на трэцім — кафедра, навукова-тэхнічны цэнтр: бібліятэка, камп’ютарная зала з дапаможнымі памяшканнямі. На кожным з паверхаў прадугледжаны пераходы, якія злучаюць стары і новы будынак праз атрыум[7].

Архітэктурнае рашэнне прыбудовы заснавана на кантрасце сучасных архітэктурных формаў — вялікіх аконных праёмаў, вертыкальных плоскасцяў шклення лесвічнай клеткі, круглага ў плане эркера з завяршэннем у выглядзе купала, з адначасовай увязкай асноўных гарызантальных чляненняў прыбудовы — карнізаў і рустаў[7].

Архітэктура правіць

Трохпавярховы, складанай у плане формы, што абумоўлена формай зямельнага ўчастка ў шчыльна забудаваным квартале. Галоўны фасад арыентаваны на лінію забудовы, мае 3 рызаліты. Цэнтральны рызаліт з галоўным уваходам завершаны невысокім паўкруглым франтонам з лучковым акном, над уваходам на 2-м паверсе шырокае паўцыркульнае акно, аздобленае рустам. Бакавыя рызаліты завершаныя невысокімі мансардамі з трыма вузкімі лучковымі вокнамі. 1-ы паверх будынка руставаны, астатнія — плоскія, дэкараваныя неглыбокімі падаконнымі нішамі. На галоўным фасадзе і на яго зрэзанай вуглавой частцы размешчаныя балконы з металічнай агароджай. У архітэктуры будынка праявіліся элементы эклектыкі[8].

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць